Вучні агракласаў са школ раёна пабывалі на экскурсіі на міёрскім хлебзаводзе.
Дзве з паловай тоны прадукцыі вырабляюць за суткі міёрскія хлебапёкі. На заводзе выпускаюць 16 відаў хлебабулачных і восем кандытарскіх вырабаў, сярод якіх торты, пірожныя, кексы, пернікі, круасаны. Акрамя нашага раёна смак міёрскай здобы ведаюць у Шаркаўшчыне і Браславе, Глыбокім і Паставах. Гэтыя факты прывёў гасцям начальнік Міёрскай вытворчасці Полацкага хлебазавода Ігар Пагуляеў.
Нагадаў навучальныя ўстановы, дзе рыхтуюць у тым ліку работнікаў харчовай прамысловасці. Сярод іх індустрыяльны каледж у Віцебску і тэхналагічны ў Баранавічах. Сам Ігар Уладзіміравіч – выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, які знаходзіцца ў Магілёве.
Пабывалі старшакласнікі ў цэху. Толькі паназіраць за вытворчым працэсам не атрымалася. Удзень тут цішыня. На змену работнікі хлебазавода заступаюць у пяць вечара і ноччу, калі большасць гараджан бачыць салодкія сны, выпякаюць духмяныя і пульхныя ласункі. Яны ў асартыменце на паліцах фірменнага магазіна побач з хлебазаводам, куды скіраваліся школьнікі пасля экскурсіі.