Торт – неад’емны атрыбут любога свята. Хлебазавод у Міёрах прапануе пяць відаў гэтага ласунку. Пры выпечцы выкарыстоўваюць як традыцыйны бісквіт, так і паўфабрыкаты на аснове кандытарскіх сумесяў, што надае вырабам асаблівы смак. Ніводны не затрымліваецца на гандлёвых паліцах. Таксама даспадобы спажыўцам пірожныя, якіх сем відаў, круасаны – са згушчаным малаком і павідлам, кексы з разынкамі, прысмакі мучныя, пячэнне. Пернікаў чатыры разнавіднасці, у тым ліку «Шакаладнік», які ў 2020 годзе адзначаны на рэспубліканскім конкурсе якасці залатым медалём.
Былі часы, калі спажыўцы наракалі на якасць міёрскага хлеба. Цяпер ён дастойны канкурэнт мінскаму, пра што сведчаць добрыя водгукі ў адрас мясцовых хлебапёкаў. Як лічыць дырэктар Міёрскай вытворчасці хлебазавода Ігар Пагуляеў, дасягнуць такіх поспехаў у вытворчасці дапамагла мадэрнізацыя, якая распачалася яшчэ ў 2020 годзе.
Усяго Міёрская вытворчасць хлебазавода выпускае два віды іржана-пшанічных хлябоў, 16 найменняў булачных і здобных булачных вырабаў, з іх шэсць – булачак з розным начыннем, восем відаў кандытарскіх вырабаў. Кожныя суткі выпякаюць 2,6 тоны прадукцыі. А за мінулы год вырабілі яе на 2 488 тысяч рублёў, тэмп росту склаў 125 % да 2021-га. У тым ліку 923 тоны хлебабулачных вырабаў, 41 тона кандытарскіх, што перавышае 113 % леташніх паказчыкаў.
Такія поспехі гарантуюць устойлівую работу Міёрскай вытворчасці хлебазавода і стабільнае матэрыяльнае забеспячэнне яе работнікаў. Дарэчы, на калектыў дырэктар прадпрыемства робіць галоўную стаўку.
Міёрская вытворчасць кожны тыдзень забяспечвае сваёй прадукцыяй Шаркаўшчынскі, Пастаўскі, Браслаўскі, Глыбоцкі раёны. Рэалізуюць наш хлеб і выпечку 174 гандлёвыя кропкі, у тым ліку школы, дзіцячыя садкі.
Наталія СТАНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Поўную версію чытайце ў раённай газеце.