Авторизация
 

Без перадышкi ў зноў у поле

Без перадышкi ў зноў у поле

 У аграрыяў вераснёўскія дні не менш напружаныя, чым гарачыя жнівеньскія. Там, дзе нядаўна працавалі камбайны, курсіруюць іншыя агрэгаты – сеюць азімыя. Гаспадаркі Міёршчыны занялі імі ўжо звыш трох тысяч га. У ліку актыўных сеяльшчыкаў ААТ «Туркова». Зазірнулі на іх палеткі, каб даведацца, як закладваецца аснова будучага ўраджаю.

 

Працэс азімай сяўбы кантралюе галоўны аграном Раман Гагалінскі. Работа кіпіць у полі адразу за Турковам. Зямля сухая, пульхная. Можна пешшу дабегчы, але Раман Паўлавіч настойліва запрашае перасесці ў кабіну сваёй «Нівы», маўляў, даімчым, як на ракеце.

– У нас запланавана пасеяць 702 гектары азімай пшаніцы, сто гектараў азімага ячменю, – па дарозе ўводзіць у курс спраў галоўны аграном. – Ужо амаль 200 гектараў пшаніцы пасеялі.

Зерневы клін тут невялікі, дэманструе яго ў мабільным тэлефоне, куды загружаны навігатар палёў. Гэта навізна значна аблегчыла работу кожнаму аграрыю, самі вымяраюць, колькі сеяць. А каб атрымаць добры ўраджай, усё як даўней: трэба дакладна выконваць патрабаванні агратэхналогій як пры падрыхтоўцы глебы, так і ў працэсе сяўбы. Са слоў Рамана Паўлавіча, механізатары ў гаспадарцы старанныя, спраўляюцца з рознымі відамі тэхнікі, усе мясцовыя, таму ведаюць землі як свой агарод.


У гэтай кагорце Антон Протас. Якраз прыпыніўся на сваім МТЗ, каб праверыць сеялку. Беглы агляд дае зразумець: агрэгат гатовы ехаць на чарговы круг. Сёлетнія ўмовы надвор’я механізатар лічыць ідэальнымі для якаснай сяўбы, а таму нават кароткія перапынкі непажаданыя.

– Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся, – хутка рапартуе ўсмешлівы Антон на просьбу пагаварыць.

Яго працоўная біяграфія ў сельгаспрадпрыемстве пачалася яшчэ ў 2005 годзе. Пакалясіў па свеце ў пошуках сябе, але найлепшага месца, чым у роднай гаспадарцы, не знайшоў. Затое набыў цікавы вопыт у сферы ландшафтнага дызайну. Ведае, як правільна азеляняць тэрыторыі, даглядаць газоны, стрыгчы дэкаратыўныя хмызнякі, асвоіў карвінг па драўніне. Сімпатычныя буйныя фігуры, вырабленыя пры дапамозе цэпавай бензапілы, упрыгожваюць падворак ля ўласнага дома.


Цяпер гэта хобі для Антона, на якое часу не стае. Круглы год заняты ў гаспадарцы, ніякіх перадышак. За ім замацаваны аж чатыры адзінкі тэхнікі. Гэта МТЗ, на якім вядзе сяўбу, зімой кармы і гной развозіць на «Амкадоры», а яшчэ ў яго падпарадкаванні кормаўборачны камбайн і той, што наліты колас убірае. Для аграрыя агрэгаты, як жывыя істоты, якія любяць беражлівыя адносіны да сябе. Таму ўсе дагледжаныя, на хаду.

Пасля непрацяглай гутаркі Антон зноў заводзіць рухавік, і трактар пакідае за сабой роўныя баразёнкі пашы і воблака пылу.

– Сучасны агрэгат Kоckerling – звыш за сем метраў шырынёй, якім добра глебу апрацоўваць, рыхліць, выраўноўваць. Даверылі яго самаму адказнаму механізатару – Івану Зуевічу, – падводзіць да аграрыя галоўны аграном.


У гаспадарцы Іван Георгіевіч працуе ўсё жыццё. Тэхніку таксама добра ведае, можа ліквідаваць любую паломку, але стараецца іх пазбегнуць, таму два замацаваныя за ім трактары ўтрымлівае ў ідэальным стане. Настрой на  ўздыме: у гаспадарцы паважаюць, заробак добры, што яшчэ трэба. 

Не менш адказны ў справе падвозу насеннага матэрыялу Арцём Кадушкевіч. Па адукацыі зваршчык, скончыў Відзаўскае вучылішча па профілі. Каштоўны спецыяліст для гаспадаркі, усе рамонтныя работы на ім. З поля могуць выклікаць у любую хвіліну, і ён паспее ўсюды! Лідзіраваў на жніве на адвозцы зерня. А цяпер на яго грузавіку загрузчык насення, які прыварыў з іншай машыны. Камбінаваная тэхніка дзейнічае як завадская, не падводзіць. Зерне не заканчваецца, бо гэтага не дапускае энергічны Арцём. Кожная хвіліна на рахунку і вадзіцель гэта разумее. 

Завяршыць сяўбу азімых у туркоўскай гаспадарцы плануюць у бліжэйшыя два тыдні. У дапамогу добрая тэхнічная база, вопыт, граматныя спецыялісты і адказныя працаўнікі.


Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 27 сентября 2022
Иван

Именины 26 сентября 2022
Александр, Илья, Корнилий, Леонтий, Лукьян, Николай, Петр, Степан, Юлиан

Госці краін

free counters
Партнеры сайта