– Чаму вырашылі стаць настаўнікам фізкультуры? – Фізіку з матэматыкай не ведаў, – жартуе Яўген ВІШНЕЎСКІ. Пазітыў і бадзёрасць – адметныя рысы тых, хто сябруе са спортам. Пастаянная фізічная актыў- насць станоўча ўплывае на настрой. Да таго ж для Яўгена Пятровіча са званком з урока фізкультура не заканчваецца.
Настаўніка фізічнай культуры Яўгена Вішнеўскага засталі на працоўным месцы – у спартзале. Рыхтаваўся да спартакіяды для малодшых школьнікаў. – Вучням пачатковых класаў, пяці-шасцікласнікам фізкультура падабаецца. Гатовы бегаць, скакаць, гуляць, – заўважае настаўнік. – У старэйшых дзяцей інтарэс знікае. Пераходзяць у «кіберспорт» – у тэлефонах сядзяць. Між тым сярод выхаванцаў Яўгена Пятровіча ёсць тыя, у каго сяброўства з сапраўдным спортам аказалася доўгім і плённым. Віцебскае вучылішча алімпійскага рэзерву заканчвае Святлана Кезік. Вучыўся ў гэтай установе, а цяпер працуе ў службе МНС у абласным цэнтры Антон Фацееў. Абодва праявілі сябе ў лёгкай атлетыцы. Калісьці са школьнымі нарматывамі па фізкультуры лёгка спраўляўся вучань Міёрскай СШ № 3 Жэня Вішнеўскі. Пасля ўрокаў спяшаўся ў спартшколу на секцыі па футболе і баскетболе, удзельнічаў у раённых спаборніцтвах. Любіў бавіць час на гарадскім стадыёне, побач з якім бацькоўскі, а цяпер і ўласны дом. – Цалкам сябе спорту не прысвячаў, але актыўна праводзіць час мне падабалася, – расказвае суразмоўнік. – З прафесіяй вызначыўся пасля дзясятага класа. Прыкладам сталі настаўнікі фізкультуры нашай школы Сяргей Міронавіч Белавус, Генадзь Сяргеевіч Старавойтаў, Мікалай Мікалаевіч Гайдар, Міхаіл Пятровіч Сушко.