На службу в костел Успения Пресвятой Богородицы пришли паломники

 На службу ў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Міёрах 13 чэрвеня а 12 гадзіне завіталі пілігрымы. На чале з ініцыятарам паломніцтва ксяндзом з Уладзіславам Завальнюком з Мінска. У наш горад яны прыбылі з Браслава.

  

Ксёндз-пробашч Міёрскай парафіі Андрэй Кулік шчыра прывітаў пілігрымаў і падзякаваў, што рухаючыся з такой важнай місіяй па краіне, яны не абмінулі нашу святыню.

 

Слова да вернікаў прамовіў шаноўны госць ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Святар падкрэсліў, што пілігрымы рушылі ў дарогу з некалькімі малітвамі да Маці Божай. У першую чаргу з просьбай аб міры і спакоі не толькі ў краіне, але ў сэрцы кожнага чалавека, у сем’ях, па-другое – аб дапамозе ў абароне ад каронавірусу: хто захварэў – аздараўлення, а хто адыйшоў у вечнасць – аб заступніцтве за іх душы. Важным пунктам з’яўляецца малітва за найхутчэйшае аднаўленне санктуарыя ў Будславе пасля пажару. Хто ведае, адзначыў святар, магчыма галоўная святыня Беларусі прыняла на сябе ўдар, што прызначаўся нам, людзям, і, як громаадвод, адвяла яго ад свайго народа.

 

 Арыгіналы абразоў, якія ўзялі ў дарогу пілігрымы, у свой час былі каранаваны папскімі каронамі, што надае ім важнае духоўнае прызначэнне на нашай зямлі і за яе межамі. Тысячы людзей звяртаюцца да Маці Божай з падзякамі і просьбамі. І яна выслухоўвае вернікаў.

Пасля Імшы аўтапілігрымка накіравалася на Бялынічы, што на Магілёўшчыне. Далей шлях пралягаў праз Нароўлю, Чачэрск на Лагішын, затым на Брэст, Гродна, Тракелі і Гудагай. На васьмі машынах да васьмі намоленых месцаў Беларусі з мальбамі да Багародзіцы.

 

Аўтамабільная пілігрымка ўздоўж межаў Беларусі распачалася 12 чэрвеня з катэдральнай базілікі святога Францішка Ксаверыя ў Гродне ў дзень Беззаганнага Сэрца Панны Марыі. Сюды папярэдне прывезлі копіі абразоў з найбольш вядомых санктуарыяў Беларусі з Будслава, Браслава, Брэста, Бялынічаў, Гродна, Гудагая, Лагішына і Тракеляў. Копіі абразоў благаславіў 6 чэрвеня Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч на Свята Цела Хрыстова ў Мінску на Залатой горцы. Удзельнікі атрымалі бласлаўленне біскупаў Беларусі на пакутную пілігрымку ўзжоўж межаў краіны з мальбамі да Багародзіцы. За восем дзён пілігрымы з абразамі пераадолелі больш 3000 кіламетраў.  

  

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

Фота аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.