В духовный мир ведут книга и икона. День православной книги прошел в Миорах

 Пра разнастайнасць праваслаўнай літаратуры, значэнне ікон для вернікаў гаварылі ўдзельнікі сустрэчы, прымеркаванай да Дня праваслаўнай кнігі, які адзначаецца 14 сакавіка. Праходзіла мерапрыемства ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Праваслаўныя кнігі – асаблівы від літаратуры, заўважыла бібліятэкар Святлана Матэленак. У савецкія часы іх немагчыма было знайсці ў бібліятэках і кнігарнях. Цяпер – багаты выбар. Як паводзіць сябе ў царкве, як выхоўваць дзяцей, як спраўляцца са сваімі недахопамі – на гэтыя і шматлікія іншыя пытанні прапануе адказы духоўная літаратура. Мастацкія і дакументальныя творы арыентаваны на шырокае кола чытачоў.

 Асноўнае месца на выставе «Духоўныя сімвалы Беларусі» занялі кнігі, якія распавядаюць пра Жыровіцкі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр і Жыровіцкую  ікону Божай Маці. Сёлета адзначаецца 500-годдзе манастыра і 550 гадоў з дня цудоўнага з’яўлення іконы.

Благачынны Міёрскай акругі протаіерэй Віктар Вабішчэвіч нагадаў гісторыю  святыні. У 1470 годзе дзеці-пастухі заўважылі ікону на дзікай грушы ў лесе. Аднеслі яе гаспадару. Той паклаў знаходку ў скрыню, а вечарам яе там не знайшоў. На другі дзень дзеці зноў убачылі ікону на той самай грушы. На гэтым месца пабудавалі драўляную царкву, якую праз 50 гадоў знішчыў пажар. Сярод попелу людзі не знайшлі ікону. Пасля на высокім валуне дзеці ўбачылі Божую Маці са святыняй у руках. Падзея лічыцца другім яўленнем Жыровіцкай цудатворнай іконы Божай Маці.

 – Гэта найменшая з праваслаўных ікон і адна са ста самых шануемых у свеце, жамчужына праваслаўнай веры, – адзначыў айцец Віктар.

 Закранулі далёкія часы, калі супраць ікон вялася барацьба. Было гэта ў Візантыі ў VIII – пачатку ІХ стагоддзя. Іканаборцы лічылі святых ідаламі, а шанаванне ікон атаясамлівалі з ідалапаклонствам. У 787 годзе Сёмы Сусветны сабор зацверціў шанаванне ікон.

Па традыцыі, Віктар Вабішчэвіч адказаў на загадзя падрыхтаваныя пытанні са скарбонкі. Як правільна захоўваць зямлю, прывезеную са святых мясцін; ці можна размяшчаць дома ікону не ў чырвоным куце, а ў іншым месцы; як маліцца за нехрышчоных. Гэта і іншае цікавіла чытачоў бібліятэкі. Святар адзначыў, што за нехрышчоных царква не моліцца, толькі ўласнымі малітвамі давядзецца прасіць за іх. З зямлёй са святых месцаў трэба абыходзіцца паважліва, знайсці для яе месца побач з іншымі святынямі ў доме. Месца размяшчэння іконы не галоўнае. Важна звяртацца да яе з малітвай.

– Ікона – акно ў духоўны свет. Яе з’яўленне – выратаванне для роду хрысціянскага, – падкрэсліў святар.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.