У католиков идет Великий пост

 Па традыцыі ў канцы зімы ці ў пачатку вясны пачынаецца Вялікі пост, які папярэднічае вялікаму святу Уваскрашэння Хрыстова. Як вернік павінен паводзіць сябе ў гэты час, што можна і што нельга паводле канонаў? Размаўляем з пробашчам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Міёрах ксяндзом Андрэем КУЛІКОМ.

Які перыяд сёлета ахоплівае Вялікі пост?

– У каталіцкім Касцёле перыяд Вялікага посту доўжыцца 40 дзён. Нядзелі ў гэты перыяд лічацца асобна. Сёлета пачнецца ў Папяльцовую Сераду ад 26 лютага, а закончыцца ў Вялікую Суботу 11 красавіка.

Якіх правіл трэба прытрымлівацца хрысціянам?

– Кодэкс Кананічнага Права (далей ККП) ў каноне 1250 кажа, што ў паўсюдным касцёле днямі і перыядамі посту з’яўляюцца ўсе пятніцы года і перыяд Вялікага посту. Вернікам у Папяльцовую Сераду і Вялікую Пятніцу наказваецца захаваць сціслы пост і ўстрымацца ад мясных і малочных страў. У іншыя пятніцы года і Вялікага посту, калі на іх не прыпадае касцёльная ўрачыстасць – устрымацца ад мясных страў. Аднак Вялікі Пост – не толькі ўстрыманні ў ежы. Важныя элементы гэтага перыяду – удзел у пакутных набажэнствах, такіх як Крыжовы шлях і Песні жальбы. Далей, учынкі міласэрнасці ў адносінах да людзей хворых і бедных.

 Чаму лічыцца, што нельга ў такі час удзельнічаць у вясёлых забавах, спраўляць вяселлі?

– Пакутны характар гэтага перыяду абумоўлівае традыцыю, згодна з якой у Вялікім Посце не спраўляюць вяселлі. У чацвёртым касцёльным наказе чытаем, што ў пакутны перыяд належыць устрымацца ад удзелу ў любых забавах, а не толькі ў вясельных.

Якія паслабленні ў час Вялікага посту маюць дзеці і пажылыя людзі, хворыя?

– Канон 1252 ККП кажа, што абавязак посту мае дачыненне да асоб ад 16 да 60 гадоў, а ўстрымання ад мясных страў – з 14 гадоў. Тым не менш, той жа Кодэкс наказвае бацькам паклапаціцца, каб і малодшыя дзеці змаглі адчуць пакутны дух гэтага перыяду. Практыка паказвае, што людзі ўстрымліваюцца ад мясных страў не толькі да 60 гадоў, але пакуль ім дазваляе стан здароўя. У іншым выпадку можна параіцца са святаром і выбраць іншую форму посту.

Фотаматэрыял для ілюстрацыі і з архіва рэдакцыі.
Гутарыла Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.