«Зорка Бэтлеема» разбудила околицы Миор

 Радасныя калядныя спевы, глыбокія душэўныя кампазіцыі, флэш-моб ад мясцовай моладзі, шчырыя віншаванні біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, і, канешне, узнагароды пераможцам і ўдзельнікам… Такім запомніўся чарговы фестываль каляднай песні «Зорка Бэтлеема». Ён прайшоў 3 студзеня ў раённым Доме культуры пры поўнай глядзельнай зале.

 Распачалі сустрэчу з малітвы і бласлаўлення, якое ўдзяліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Хор міёрскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі заспяваў «Ночкаю ціхай», а гурт «Моладзь для Хрыста» прывітаў гасцей і ўдзельнікаў танцам.

 Выступіць на фестывалі каляднай песні прыехалі дзеці і моладзь з Верхнядзвінска, Полацка, Глыбокага, Браслава, Лучая, Варапаева, Шаркаўшчыны, Пастаў, в. Копішча Мінскага раёна. Мясцовыя – гурты ад парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і ўдзельніца ад евангельскай царквы «Благодать».
Вялі праграму Антон Анецька і Наталля Вячэрская, Багдан Варонька і Анастасія Апалька.


 Дэвіз святочнага мерапрыемства – «Спяваем усім сэрцам!» Распачалі конкурсную праграму палачане. Гурт парафіі святога Андрэя Баболі выканаў песні «Святая ноч» і «На каляды». Глыбоцкая моладзь выступала пад назвай «Я спадзяюся на Госпада». Дзяўчаты пад клавішныя і гітару праспявалі пра радасць свята нараджэння Езуса, аддавалі хвалу Валадару нябёсаў. Праз куплет і зала ўжо выводзіла прыпеў «усё жывое, усё жывое славіць Госпада…»


   У гэтым годзе далучылася да конкурсу мясцовая евангельская царква «Благодать». Анжэла Гоч спачатку нясмела, а пасля падтрымкі залы апладысментамі, упэўнена і з прытанцоўкай выканала кампазіцыю «Доверять Тебе».
Вядучыя зрабілі невялікую паўзу для канкурсантаў. Запрасілі жадаючых на сцэну і прапанавалі распавесці якую-небудзь калядную гісторыю: адзін пачынае, наступны працягвае. Дзеці прыгадалі біблійны сюжэт падрыхтоўкі да нараджэння Езуса. Тэкст выдаваўся апантанна, атрымалася цікава і арыгінальна.


  Верхнядзвінскія выступоўцы прадставілі дзве песні на рускай мове «В Палестине Царь родился» і «Славный день». Калыханку «Спі, Дзіцятка» задушэўна выканала Таццяна Лаўрыновіч. Уразіла юная спявачка з лучайскай парафіі Юды Тадэвуша Злата Ярашэвіч, якая выканала тры калядкі: на беларускай, лацінскай і польскай мовах. З бляскам у вачах і артыстычна дзяўчынка дзялілася радасцю святкавання.


Зноў вядучыя аб’явілі перапынак. Мясцовы гурт «Моладзь для Хрыста» прадставіў танцавальны навагодні флэшмоб.
З замілаваннем слухалі спеў «З нараджэннем, мой Езус» браслаўскага гурта «Зорачкі». Пра «Калядны час» і радасць у душы спявалі дзяўчаты з Браслава ў вопратках анёлкаў. Іх гурт з аднайменную назвай. Пастаянныя ўдзельнікі з Варапаева пад акампанемент гітары прадставілі тры сольныя кампазіцыі. Крысціна Багушэвіч праспявала «Ціхая ноч Бэтлеемская», «Бог спусціўся з нябёсаў» і «Ці знала ты, Марыя?»


  Як заўсёды насычаным і яркім выступленнем парадаваў маладзёжны гурт «Музыкі Хрыста» з шаркаўшчынскай парафіі Узвышэння святога Крыжа. Тэатралізаванае афармленне суправаджала сольны нумар ад Эвеліны Герстун «Пастушок». Гуртом заспявалі «Нарадзіўся», «Калі вечар» і «Gloria».


Упершыню завіталі на калядны фестываль выступоўцы з вёскі Копішча Мінскага раёна. Іх гурт «Транзітус» (азначае пераход ад зямнога жыцця да нябеснага) утварыўся пры парафіі ў верасні мінулага года. У дзень успамінаў іх нябеснага апекуна святога Францішка. Самаму малодшаму ўдзельніку шэсць гадоў. Музычнае суправаджэнне вядуць дарослыя парафіяне. Кіраўнік Вераніка Раманенкава, кандыдат мастацтвазнаўства, адзначыла, што на фестывалі ў Міёрах ім вельмі спадабалася. У строях з беларускім арнаментам хлопчыкі і дзяўчынкі заспявалі «Пад зоркай Віфлеема», «Учора з вячора», «Нарадзіўся Божы Сын» і з пажаданнем добрага настрою – «Вясёлых Калядных святаў». «Святы вечар» саліравала Валерыя Лапіцкая.


  Дайшла чарга і да гаспадароў сцэны. Спачатку выступілі выхаванцы школы мастацтваў і настаўніцы Таццяны Бялевіч. Гітарнае трыа ў складзе Андрэя Малецкага, Аляксандра Шамёнка і Мікіты Мацура сыграла «Папуры» на тэму калядных песень. Маладзёжны хор выводзіў на рускай мове «Я знаю, кто я в Тебе». Гурт дзяцей заспяваў польскую калядку «To niespodziany czas». Трэці міёрскі хор у складзе Аліны Шыдлоўскай, Яны Пяткун, Анастасіі Васюцёнак, Паліны Пальчэх, Рэнаты Васінай, Караліны Рубанік спяваў пра «Нябесную зорку». Дарэчы, моладзь і дзяцей міёрскай парафіі рыхтавалі да выступлення Антон Анецька, Яўгенія Баговіч і Таццяна Бялевіч.


У складзе журы працавалі ксёндз Аляксандр Дулінец, настаўніца школы мастацтваў Яўгенія Шук, арганістка браслаўскай парафіі Іна Сапун. Выступленні ацэньваліся ў намінацыях сола і гурт, а па ўзроставых катэгорыях – да 12 гадоў і 13+.


Ксёндз Аляксандр Дулінец прывёў словы святога Аўгусціна, які казаў, што хто спявае для Бога, той двойчы моліцца.
– Кожны ўдзельнік выступіў добра, падзяліўся святочным настроем. Шчыра дзякую ўсім, хто прыехаў у Міёры, – падкрэсліў святар.
У катэгорыі сола да 12 гадоў першае месца заняла Злата Ярашэвіч з Лучая, другое – Валерыя Лапіцкая з Копішча, трэцяе – Эвеліна Герстун з Шаркаўшчыны. У намінацыі гурты да 12 гадоў першае месца ў «Анёлкаў» з Браслава, другое – у «Транзітуса» з Копішча, на трэцім зноў браслаўчане – гурт «Зорачкі».


 Намінацыя сола ў катэгорыі 13+. Першае месца атрымала Крысціна Багушэвіч з Варапаева. Сярод гуртоў 13+ найлепшым прызнаны «Я спадзяюся на Госпада» з Глыбокага, другое месца падзялілі хор моладзі з Міёр (Паліна Валеўка, Сафія Красоўская, Арына Кліменцьева і Антаніна Каліноўская) і выканаўцы «Папуры» (Андрэй Малецкі, Аляксандр Шамёнак і Мікіта Мацур), на трэцім месцы дзіцячы хор з Міёр (Аляксандра Васіна, Юлія Каліноўская, Анастасія Вярковіч, Юлія Цыцына, Ульяна Рубанік, Мілана Шымко, Марыя Гернат) і гурт «Музыкі Хрыста» з Шаркаўшчыны. Асобны дыплом сімпатыі журы ўручыла скрыпачу з Шаркаўшчыны Станіславу Руткоўскаму. Усе выступоўцы атрымалі дыпломы ўдзельнікаў фестывалю і ласункі ад спонсараў – дабрачыннай арганізацыі «Карытас».


Фестываль закончыўся, але яго ўдзельнікі разыходзіцца не спяшаліся. Традыцыйна рабілі здымкі. – «Да сустрэчы ў наступным годзе!», развітваліся Міярчане з гасцямі.

P. S.
Алег Буткевіч дзякаваў арганізатарам і спонсарам за правядзенне конкурсу, настаўнікам, святарам і сёстрам законным за падрыхтоўку дзяцей і моладзі да выступленняў, адміністрацыі Дома культуры за прадастаўленне залы, поварам – за смачны абед.

Фотаматэрыял аўтара і Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.