Первую службу ксендз Владислав Шаркович отслужил в родном костеле в Миорах

 12 кастрычніка на 20-годдзе Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў ШАРКОВІЧ атрымаў святарскія пасвячэнні ў катэдры Езуса Міласэрнага ў абласным цэнтры. Праводзіў абрад біскуп Алег БУТКЕВІЧ. Да гэтага ксёндз Уладзіслаў паспяхова скончыў вучобу ў Вышэйшай духоўнай семінарыі святога Тамаша Аквінскага ў Пінску. Летась на парафіяльны фэст 15 жніўня ў родным горадзе атрымаў дыяканскія пасвячэнні. Пасля практыку праходзіў у глыбоцкай парафіі. Там жа і цяпер працуе вікарыем. 

 13 кастрычніка новаасвечаны ксёндз Уладзіслаў адправіў першую Святую імшу ў Міёрах у родным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Родныя, блізкія, сябры і вернікі парафіі прыйшлі памаліцца разам з ім Богу і падзякаваць за пакліканне да службы Богу і людзям. Выйшлі на малітву ад плябаніі ва ўрачыстай працэсіі. Напрыканцы службы ўсе атрымалі святарскае бласлаўленне.


 Пры сустрэчы ксёндз Уладзіслаў прыгадаў, што пакліканне да такога служэння прысутнічала перыядычна. Калі прыйшоў час вызначацца з жыццёвым шляхам пасля заканчэння школы, то даверыў план адносна сябе Пану Богу і адчуў у сэрцы прызыў. Добрым прыкладам стаў ксёндз Аляксандр Півавар, які на той час працаваў вікарыем у міёрскай парафіі. «Ён паказаў мне тую цяпліцу, дзе ўзрастае зерне паклікання да службы Богу і людзям», – немалаважную яго ролю падкрэсліў малады святар. Шчырую падзяку выказаў ксёндз Уладзіслаў сваёй сям’і. Менавіта родныя былі першымі фарматарамі выхавання ў веры, маліліся ў час вучобы ў семінарыі і робяць гэта цяпер. Важкі ўнёсак пакінуў у духоўным выхаванні маладога святара і прыклад ахвярнага служэння – былы пробашч парафіі ксёндз Крыштаф Міенкіна.


Ксёндз Уладзіслаў падзяліўся, што перажываў пасвячэнне ў святары і першую Святую імшу з лёгкім і адначасова прыемным хваляваннем у сэрцы. У добры шлях службы Богу і людзям!

Фота Жанны ЗАКРЭЎСКАЙ.

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.