Авторизация
 

Ксёндз Крыштаф у міёрскім касцёле служыў апошнія службы як пробашч парафіі

  16 чэрвеня  ксёндз Крыштаф служыў апошнія службы як пробашч парафіі. Пасля Святой імшы апоўдні амаль гадзіну на развітанне ўдзячныя шчымлівыя словы парафіяне выказвалі паважанаму святару. Кветкі неслі сем’і, маленькія і дарослыя вернікі. 

“Добра быць урачом, лячыць людзей, але так здаровым можна зрабіць толькі цела. Чалавек памірае. Лепш быць ксяндзом – можна выратаваць душу, якая вечная…” Так разважаў больш за тры дзясяткі год таму ксёндз пралат Крыштаф Міенкіна, выбіраючы свой шлях у жыцці. Сёння ўдзяляе так патрэбныя для кожнага чалавека сакраманты ад нараджэння і да смерці – хрост, эўхарыстыя, пакаянне, сужэнства, намашчэнне хворых. 17 мая споўнілася 32 гады, як верна служыць пакліканню і працуе святаром. З іх амаль 20 год – на  Міёршчыне! 

З біяграфіі

Нарадзіўся Крыштаф Міенкіна ў горадзе Жабна Кракаўскага ваяводства ў Польшчы. Пасля школы закончыў эканамічны ліцэй. Рос у набожнай сям’і. Прыслужваў у касцёле з малых гадоў спачатку мінстрантам, пасля кантрам і лектарам. У пэўны момант адчуў пакліканне служыць Богу і людзям. У 1981-ым годзе паступіў у Чэнстахоўскую вышэйшую духоўную семінарыю ў Кракаве. 17 мая 1987-га ў катэдральным саборы ў Чэнстахове атрымаў святарскае пасвячэнне. Вікарыем працаваў у Польшчы ў парафіях Пажымехі і Льгота Вялікая. З чацвёртага курса семінарыі марыў трапіць на ўсход з місіяй. Той час нялёгкі для Беларусі: людзі вымушаны былі збірацца і маліцца без святароў. Пуставалі касцёлы, многія будынкі патрабавалі аднаўлення.


26 жніўня 1990 года ксёндз Крыштаф накіраваўся з Чэнстаховы ў Гродна. Там ад біскупа атрымаў прызначэнне працаваць на Браслаўшчыне. Служыў у чатырох касцёлах у Опсе, Пеліканах, Далёкіх і Дрысвятах. Прызначаны пробашчам Опсаўскай парафіі. Адраджаў святыні пасля знаходжання ў іх у часы атэізму свінарнікаў і штучных угнаенняў, зернясховішчаў і клубаў. З 16 кастрычніка 2000 года прызначаны на месца Уладаса Пятрайціса пробашчам Міёрскай парафіі. Службы адпраўляў у Дзісне і Лявонпалі. Пазней служыў у Пераброддзі ў капліцы, дзе было зернясховішча.

 Пастаянна ў пошуку новага

Актыўны ксёндз Крыштаф у Міёрах заўсёды ствараў нешта новае і цікавае, задзейнічаў вернікаў розных узростаў. Каб дзеці і моладзь маглі развіваць свае здольнасці, вучыліся праслаўляць Бога праз таленты, арганізавалі фестываль каляднай песні “Зорка Бэтлеему”. Упершыню ён адбыўся ў раённым Доме культуры ў 2001 годзе. Удзельнічалі групы не толькі з навакольных парафій, нават з Польшчы. Летась паклалі пачатак новай сустрэчы моладзі ў Міёрах “Танцуй для Яго”. Хлопцы і дзяўчаты прапанавалі – пробашч падтрымаў. Мерапрыемства атрымалася на біс.


Для вернікаў сярэдняга і старэйшага ўзросту створаны і дзейнічаюць у парафіі колы “Жывога ружанца”, “Вяночка да Божай Міласэрнасці”, “Апостальства добрай смерці”, “Апостальства чысцовых душ”. На працягу літургічнага года людзі розных узростаў удзельнічаюць у важных рэлігійных набажэнствах: Дарозе Крыжовай, Песнях жальбах, Ружанцовых малітвах і Раратніх імшах. Раённыя ўлады штогод даюць дазвол на працэсію па горадзе з нагоды свята Цела і Крыві Хрыстовых. Пілігрымкі ў Будслаў, Росіцу, Браслаў – добрая традыцыя парафіі. Мясцовыя вернікі прымаюць на начлег пілігрымаў, што праходзяць праз Міёры.


За дзейнасць ксяндза Крыштафа ў Міёрах касцёл адсвяткаваў два юбілеі – 105 і 110 год. Пастаянна і падчас падрыхтоўкі да ўрачыстасцяў святар арганізоўваў рамонтныя работы ў святыні і вакол яе. Адноўлены каменная агароджа і брамы, старыя лавы заменены на новыя дубовыя. У прэзбітэрыі на вокнах устаноўлены вітражы біблійных сюжэтаў, якія дапаўняюць таямніцы Святла Святога Ружанца. Зроблена і шмат іншага, што гарантуе святыні служэнне людзям не адно стагоддзе. Нядаўна адрамантавалі капліцу на гарадскіх могілках.
Пры парафіі дзейнічае дабрачынны фонд Карытас, дзякуючы якому дапамогу атрымліваюць малазабяспечаныя людзі і інваліды.

Нота да ноткі, лісток да лісточка

Важны атрыбут службы – спевы ў касцёле. Вядомы выраз: “Хто спявае – той двойчы моліцца”. У міёрскім касцёле з пачатку 2000-ых арганізаваны чатыры хоры: дзіцячы, маладзёжны, сталага ўзросту і сярэдняга – “Fiat”. З бласлаўлення ксяндза Крыштафа, карпатлівай працы арганісткі Анджэлы Кірушавай і рэдкалегіі, склад якой перыядычна змяняўся, выдадзены спеўнікі “Наша вера”, “Алегрыя”, серыя “Міёрскія сшыткі” і іншыя, якімі карыстаюцца вернікі не толькі нашай дыяцэзіі. Запісаны і распаўсюджаны дыскі з песнямі.


Міёршчыну ведаюць за мяжой дзякуючы арганізаваным святаром паездкам з гастролямі хора “Fiat”. Славілі міярчане Бога спевамі ў святынях Германіі, Францыі, Польшчы, Аўстрыі, Літвы, Галандыі, Чэхіі. Дзеці і моладзь прыходу таксама неаднаразова адпачывалі на летніх канікулах за мяжой.

  Настаўніцтва ў святарстве

Ксёндз Крыштаф спрыяў духоўнаму станаўленню святароў, якія праходзілі практыку ці працавалі вікарыямі ў Міёрах. Некалькі маладых людзей выбралі для сябе таксама шлях служэння Богу і людзям. З-пад яго крыла выйшлі Аляксандр Грыцкевіч, Валерый Марціноўскі, нядаўна прыняты ў дыяканы Уладзіслаў Шарковіч.


За ахвярную працу ксёндз Крыштаф у 2008 годзе атрымаў Папскі тытул пралата.


Падзяка ад улады

19 чэрвеня старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў аб’явіў падзяку і ўручыў памятныя падарункі ксяндзу Крыштафу Міенкіну за шматгадовую працу на карысць адраджэння Міёршчыны.


– Упершыню даводзіцца развітвацца з адным з адказных, добразычлівых людзей, хто працаваў над духоўным развіццём нашай старонкі. Удзячны Богу, што дазволіў пазнаёміцца і працаваць з Вамі. Усе пытанні мы вырашалі дыпламатычна і станоўча, – адзначыў кіраўнік раёна.
Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аксана Ашурка падкрэсліла важнасць духоўнага выхавання чалавека. Ксёндз Крыштаф заўсёды адкрыты да суразмоўцаў, ведаў кожнага свайго верніка, уважліва выслухоўваў. Дзяліўся сваімі рознабаковымі ўменнямі, чым падаваў прыклад іншым.


Кіраўнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Жук прыгадаў гасціннасць і эрудыцыю святара. У час візітаў гасцей з Літвы, Латвіі, Польшчы на Міёршчыну часта арганізоўвалі экскурсіі ў касцёл. Замежных гасцей уражвала веліч святыні і навакольная прыгажосць. З захапленнем слухалі аповяды ксяндза пра гісторыю касцёла і парафіі. На памяць працаўнікам райвыканкама святар Крыштаф пакінуў Біблію.
***

Ксёндз Крыштаф Міенкіна працягне духоўную дзейнасць на поўдні Польшчы. 16 чэрвеня парафія развітвалася і з вікарыем Андрэем Таўруком. Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч прызначыў яго душпастарам у парафію Канстанцінава. 

Фота аўтара і Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 97 126
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 79 361
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 55 885
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 40 563
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 39 353
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 885
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 884
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 20 июля 2019
Герман, Лукьян, Павел, Сергей, Евдокия

Именины 19 июля 2019
Александр, Анатолий, Андрей, Антон, Архип, Валентин, Василий, Виктор, Ефим, Иннокентий, Лукьян, Федор, Марфа, Ульяна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта