Авторизация
 

У Паставах адбыўся злёт праваслаўнай моладзі

 У сёмы раз у Паставах адбыўся злёт праваслаўнай моладзі. 26 мая на цікавую добрую сустрэчу завіталі маладыя прыхаджане храмаў з благачынняў Полацкай епархіі. Полацк, Наваполацк, Глыбокае, Круляўшчызна. Пабывалі на свяце і міярчане.

ПРА пастаўскі злёт праваслаўнай моладзі даведаліся ад знаёмай з Глыбокага. Даслала ў сацсетцы праграму мерапрыемства і прапанавала паўдзельнічаць. Вырашылі паехаць. Якраз у працоўным адпачынку. А гэта найлепшы час для падарожжаў і ўражанняў. Кампанію склалі сябры.


Нядзельным ранкам скіраваліся ў дарогу. Шлях ад Міёр да Пастаў на легкавым аўтамабілі займае паўтары гадзіны. Надвор’е якраз для паездкі – халаднаватае і пахмурнае. Спякота не лепшы спадарожнік. Цікава назіраць за пейзажамі Пастаўшчыны, што прабягаюць за вакном. Мясцовасць тут больш гарыстая, але такая ж па-вясноваму прывабна зялёная, сустракаюцца змешаныя лясы і адзінокія дрэвы сярод палеткаў.


 ХРАМ Свяціцеля Мікалая Цудатворцы бачны на ўездзе ў горад. Суседнічае з касцёлам Святога Антонія Падуанскага, пабудаваным напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Праваслаўная царква з’явілася раней. На інфармацыйным банеры прачыталі, што першы ўспамін пра храм Святога Мікалая ў Паставах датуецца 1628 годам. Двойчы – у 1815-м і ў 1886-м гадах – святыню знішчаў пажар. З 22 мая 1894-га ў яе гісторыі ідзе новы адлік. Як пасля расказала экскурсавод, адметнасць пастаўскага храма Мікалая Цудатворцы ў тым, што за 125 гадоў тут не спыняліся службы. Нават у перыяд рэлігійных ганенняў.


Да тысячы вернікаў змесціцца ў прыгожай велічнай царкве. Колькасць удзельнікаў злёту праваслаўнай моладзі – каля ста чалавек. Разам з прыхаджанамі маліліся падчас Божай Літургіі. Нас адрознівалі прымацаваныя да адзення значкі ў выглядзе анёлкаў. Такія памятныя сувеніры падрыхтавалі ў мясцовым Доме рамёстваў.


Пасля службы на прыступках святыні адбылася ўрачыстасць з нагоды яе 125-годдзя. Вершаванае віншаванне падрыхтавалі выхаванцы мясцовай нядзельнай школы. Настаяцель храма протаіерэй Валерый Пашкевіч падзякаваў юным вернікам і наказаў не зварочваць з абранага шляху да духоўнага выратавання, ісці па ім са словам Божым.


ДЛЯ ўдзельнікаў злёту выкладчыкі ня- дзельнай школы правялі экскурсіі ў храме і па тэрыторыі, пазнаёмілі з гісторыяй горада. Для зручнасці нас падзялілі на групы, за кожнай замацавалі куратара. Заўважу, што большасць гасцей свята – школьнікі і студэнты. Аднак у юнай кампаніі прадстаўнікі працоўнай моладзі з Міёр не адчувалі сябе няёмка. Разам з юнакамі і дзяўчатамі з Круляўшчызны слухалі расповяд пра адметнасці Пастаў.


 Горад цікавы, дагледжаны, прыемна ўражвае. Вакол цэнтральнай плошчы размешчаны храм і касцёл, райвыканкам, аптэка, рэстаран і кафэ, кінатэатр, музей, пошта, дзіцячая бібліятэка, аддзел загса, магазіны. Кампактна і зручна для гараджан і турыстаў. У цэнтры – брацкая магіла, па шляху да яе пліты з імёнамі воінаў, якія загінулі ў баях за Паставы падчас Вялікай Айчыннай вайны.


Нямала будынкаў захавалася з ХVІІІ стагоддзя. У тым ліку палац Тызенгаўзаў. Іх род атрымаў мястэчка ва ўладанне ў 1720 годзе. Гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз вырашыў ператварыць Паставы ў культурна-гістарычны цэнтр. Праект мястэчка распрацаваў італьянскі архітэктар. Разам з іншымі цэнтральнымі пабудовамі ўзвялі аптэку, з той пары яна не змяняла месцазнаходжанне. Дзейнічалі тут палатняная, папяровая і мануфактура паясоў. Справу дзядзькі прадоўжыў Канстанцін Тызенгаўз. Стварыў у палацы арніталагічны музей, карцінную галерэю, бібліятэку.


Пастаўчане і госці горада любяць адпачываць у гарадскім парку на беразе ракі Мядзелка. Гэта таксама спадчына Тызенгаўзаў. Прагуляліся туды. У засені старых дрэў размешчана дзіцячая пляцоўка, цікавыя каменныя скульптуры, летняя сцэна і глядзельная зала пад адкрытым небам. Тут праходзіць фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік”.


У ДРУГОЙ палове дня пляцоўкай злёту стаў Пастаўскі раённы Дом культуры. Выхаванцы нядзельнай школы выступілі са святочным канцэртам.


Кожны злёт мае тэматычную скіраванасць. Мінулы называўся “Тут Радзімы маёй пачатак”, сёлетні – “Святло Хрыстова асветліць усіх”.
У тэатралізавана-музычнай пастаноўцы юныя артысты разважалі пра важнасць ведаў і Божую дапамогу ў навучанні. Прасачылі этымалогію слоў “образование” – “образ Христа”, “просвещение” – “свет Божий”, “воспитание” – “питать духовно”. Пра гэта наўрад ці задумаешся ў паўся- дзённасці.


Расказалі пра святога Сергія Раданежскага, у мірскім жыцці – Варфаламея. Яму не давалася навука, хоць прыкладаў для гэтага шмат намаганняў. Дапамагла малітва. Святы лічыцца памочнікам у вучобе. З малітвай пра дапамогу ў навучанні звяртаюцца да Ксеніі Пецярбургскай, Матроны Маскоўскай, Ефрасінні Полацкай, да свайго анёла-ахоўніка.


Калі ў імкненні да ведаў і самаразвіцця не ленавацца і памятаць пра сілу шчырай малітвы, усё атрымаецца. Да гэтай простай ісціны прыходзіш, назіраючы за дзеяннем на сцэне.


ПРАГРАМА злёту распланавана да вечара. На святочны баль не застаёмся. Гэта па душы больш юным удзельнікам. Дзякуем за цікавае і пазнавальнае мерапрыемства арганізатарам і скіроўваемся ў зваротную дарогу. З новымі ўражаннямі, з набытымі ў нядаўна пабудаванай побач з храмам царкоўнай лаўцы сувенірамі, з душэўнай радасцю ад сустрэчы са светлым, добрым, вечным.


Дарэчы, праваслаўная моладзь Полацкай епархіі збіраецца разам не толькі ў Паставах. Кожны год праходзяць злёты ў Глыбокім, Круляўшчызне, вёсцы Богіна Браслаўскага раёна. 

Фота аўтара. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 867
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 78 779
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 53 394
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 40 324
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 39 100
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 678
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 655
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 26 июня 2019
Александр, Алексей, Андрей, Даниил, Дмитрий, Иван, Акулина, Александра, Анна, Антонина, Пелагея

Именины 25 июня 2019
Андрей, Арсений, Иван, Петр, Степан, Тимофей, Юлиан, Анна, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта