Радуница на миорском кладбище

 На дзявяты дзень пасля Вялікадня праваслаўныя хрысціяне ідуць у храм, наведваюць месцы спачыну родных і блізкіх, каб памаліцца за іх, падзяліцца радаснай весткай Уваскрэсення Хрыстова. Таму смутак павінен быць светлым, адпавядаць назве ўрачыстасці – Радаўніца. 

Шматлюдна было 7 мая на міёрскіх могілках. Тут вялі ціхія размовы. Мясцовы скразняк упарадкоўваў думкі, пабуджаў да разважанняў. Успаміналі, узіраючыся ў светлыя вобразы блізкіх на помніках. Радаваліся сустрэчам са знаёмымі, якія здалёк прыехалі на месцы пахаванняў сваякоў. Некаторыя наводзілі парадак, у дзень Радаўніцы гэта зрабіць прасцей, бо выхадны. А на традыцыйным мітынгу-рэквіеме паўтарылі залатое правіла продкаў – шанаваць памяць годна.

 Як звярнулі ўвагу вядучыя Ірына Цярэнцьева і Аляксей Гайдзель, непадуладная часу памяць пра вялікіх малітвеннікаў, адданых веры Хрыстовай. Праваслаўная царква не забывае пра пакутніцкі подзвіг настаяцеля Шаркаўшчынскага Свята-Успенскага храма іерэя Канстанціна Жданава, закатаванага ў 1919 годзе. Яго ведалі як выдатнага праведніка Слова Божага, міласэрнага да людзей, бо дапамагаў абяздоленым, арганізоўваў прытулкі для дзяцей-сірот. Служэнне бацюшкі праходзіла ў самыя складаныя і пераломныя гады: Першая сусветная вайна, рэвалюцыя 1917-га, устанаўленне савецкай улады. Тады прадстаўнікоў духавенства лічылі ворагамі народа. Вясной 1919 года Канстанціна Жданава арыштавалі і накіравалі ў Дзісну, дзе па-зверску закатавалі. Мясцовыя жыхары тайна пахавалі іерэя ў Свята-Адзігітрыеўскай царкве пад алтаром. Цяпер нятленныя мошчы свяшчэннамучаніка знаходзяцца ў дзісенскім храме Уваскрэсення Хрыстова.


 Сёлета адзначаем 75-ю гадавіну з Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Раённы ваенны камісар Сяргей Жабенак нагадаў, што больш за 2 тысячы землякоў загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Святы абавязак – памятаць усіх, хто прайшоў праз яе найцяжэйшыя выпрабаванні, скончыў жыццёвы шлях у засценках фашысцкіх канцлагераў, памёр ад набытых хвароб ужо пад мірным небам. На нашай тэрыторыі палегла нямала воінаў брацкіх народаў, неабходна імкнуцца, каб кожны быў названы.


Работа па ўвекавечанні імёнаў праводзіцца вялікая. Зусім нядаўна, у красавіку, перазахавалі астанкі радысткі Лізы. Дзякуючы рабоце наваполацкіх пошукавікоў удалося ўдакладніць, што гэта старшы сяржант Лізавета Барысаўна Нікішына, якая загінула ў 22 гады. Яна масквічка. Два дні не дажыла да таго дня, калі савецкія войскі вызвалілі тэрыторыю, дзе яе замучалі і пакаралі смерцю.
У раёне засталося восем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. За мінулы год нас пакінулі партызанка Яўгенія Шульга, франтавікі Генадзь Федарэц і Георгій Кадушка. Перастала біцца сэрца апошняй у Дзісне працаўніцы тылу Аляксандры Стома. Не стала старшыні раённай арганізацыі непаўналетніх вязняў Генадзя Кажана, вязняў Міхаіла Белазорчыка і Яўгеніі Міхалушка. Як заўважыў кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур, кожны з іх пакінуў светлы след на роднай зямлі. Узгадалі і тых, хто нарадзіўся ў няпросты ваенны час, але не дажыў да нашых дзён.


 Сёлета адзначылі 30-годдзе вываду савецкіх войск з Афганістана. 723 беларусы не вярнуліся з той вайны, у жалобным спісе і пяцёра жыхароў Міёршчыны. Вянкі і гірлянды ўсклалі да брацкіх магіл на плошчы Памяці загінулых барацьбітоў, на Паўночных могілках, да мемарыялу “Чорныя цюльпаны”.


Жывая ў сэрцах памяць пра землякоў, якія праслаўлялі родны край у мірны час. Прыкладам беззапаветнага служэння Радзіме, мужнасці і адвагі стаў падводнік, герой Савецкага саюза віцэ-адмірал Ягор Томка. Яго імя з гордасцю носяць СШ № 3 і вуліца ў райцэнтры, заўсёды свежыя кветкі ля памятнага знака. Не забываем капітана другога рангу ваенна-марскога флоту СССР, воіна-інтэрнацыяналіста, уладальніка баявых узнагарод Вальдэмара Шука. Больш за 25 гадоў аддаў службе ва Узброеных Сілах маёр у адстаўцы Генадзь Крумін, з якім развіталіся сёлета. Цяжкая хвароба скараціла зямны шлях удзельніка ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, былога начальніка аддзялення ДАІ РАУС Мікалая Мілто. У радах праваахоўнікаў не забыты Аляксандр Кісялеўскі, які аддаў сваё жыццё, выконваючы службовы абавязак.


У кожным калектыве ёсць кім ганарыцца, пра каго ўзгадваць з падзякай. Нядаўна пайшлі з жыцця былы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі па механізацыі Мікалай Лапкоўскі, працаўнік, ардэнаносец калгаса “Запаветы Леніна” Уладзімір Брыцікаў. Перастала біцца сэрца заслужанага настаўніка БССР Марыі Красікавай, якая шмат гадоў вяла па дарозе ведаў спачатку вучняў пачатковых класаў Кублішчынскай школы, пасля СШ №№ 1 і 2. Добры след на зямлі пакінула таленавіты філолаг, энергічная і жыццярадасная Ганна Стацэвіч.
Як не ўзгадаць ініцыятара і спонсара шматлікіх добрых спраў у райцэнтры Тамару Ляхаву, жыццё якой абарвалася ў лістападзе летась пасля складаных хірургічных аперацый. Дапамагала ў рэканструкцыі царквы. Дзякуючы яе намаганням на плошчы Памяці загінулых барацьбітоў пабудавана капліца Аляксандра Неўскага. Зробленым у імя сваіх продкаў значна палепшыла выгляд так званага “старога” месца вечнага спачыну ля возера. Тут з’явіўся паклонны крыж. Добраўпарадкаваны бераг упрыгожыла скульптурная кампазіцыя “Святая Ганна з дачкой Прасвятой Дзевай Марыяй”. Мецэнатка не збіралася спыняцца на дасягнутым.


Праводзілі ў апошні шлях нямала іншых добрых людзей, выдатных спецыялістаў з розных сфер дзейнасці, самых лепшых у сем’ях. Спіс імёнаў вялікі.


Кажуць, час лечыць. Магчыма. Але наўрад ці гэта мае дачыненне да страты родных. Адзінае суцяшэнне, што ТАМ ім добра, і калі-небудзь сустрэнемся. Благачынны Міёрскай акругі протаіерэй Віктар Вабішчэвіч запэўнівае, што ў Бога мёртвых няма, у Бога ўсе жывыя. Мы заўсёды павінны маліцца пра тых, хто адышоў у іншасвет, узгадваць іх добрым словам і перадаваць такую традыцыю наступным пакаленням. У тым значны сэнс дастойнага гасцявання на Зямлі.


Пасля цырыманіялу святар адслужыў ля паклоннага крыжа памінальную ліцію і асвяціў магілкі праваслаўных хрысціян. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.