Авторизация
 

Мерапрыемствы да 100-годдзя з дня смерці іерэя Канстанціна Жданава

 Па блаславенні архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія на тэрыторыі Полацкай епархіі пройдуць памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю з дня смерці іерэя Канстанціна Жданава, які нягледзячы на цяжкія здзекі, боль і пакуту да апошняй хвіліны свайго жыцця заставаўся верным веры Хрыстовай.


На працягу многіх гадоў прыхаджане Шаркаўшчынскага Свята-Успенскага храма, настаяцелем якога ў свой час і быў айцец Канстанцін, хадайнічалі аб яго кананізацыі. Дзякуючы іх намаганням свяшчэннамучанік Канстанцін стаў першым навамучанікам ХХ стагоддзя, кананізаваным у Полацкай епархіі.

Светачы веры праваслаўнай

Гісторыя Адзінай Святой Саборнай і Апостальскай Царквы апавядае пра тое, як з першых стагоддзяў станаўлення хрысціянства на яе служыцеляў было ганенне за веру. Рымскія імператары, жорстка праследуючы першых хрысціян, патрабавалі пакланяцца паганскім ідалам, якія ўвасаблялі розныя чалавечыя страсці і заганы. Аднак усе іх намаганні і патрабаванні аказаліся беспаспяховымі.
Хрысціяне насуперак чаканню язычнікаў выстаялі ў той страшнай барацьбе, явіўшы свету вялікую колькасць святых пакутнікаў, якія сталі, па словах Цертуліяна, “зиждительным семенем Церкви Христовой”. Іх шчырая вера, цвёрдасць духу паслужылі арыенцірам для наступных пакаленняў хрысціян, у тым ліку ў ХХ стагоддзі.


Згодна дарэвалюцыйнай статыстыцы, напярэдадні 1913 года ў межах Мінскай, Полацкай, Літоўскай, Магілёўскай і Гродзенскай праваслаўных епархій, на тэрыторыі якіх пражывала найбольшая колькасць беларусаў, налічвалася звыш 3,6 тысячы цэркваў, 470 капліц, 34 манастыры, дзейнічалі духоўныя семінарыі, вучылішчы. Пры прыхадскіх храмах існавала 4247 пачатковых школ. Праваслаўную веру вызнавала больш за 5,5 мільёна чалавек.


З першых дзён рэвалюцыі Царкву аддзялілі ад дзяржавы, пачалося планамернае знішчэнне ўсяго, што нагадвала людзям пра Бога. Разбураліся, зачыняліся дзясяткі тысяч храмаў, сотні манастыроў. Мільёны людзей арыштоўвалі, расстрэльвалі, накіроўвалі ў канцлагеры. Такі вынік увасаблення ў жыццё вар’яцкай ідэалогіі, якая запанавала ў Расіі ў XX стагоддзі.

Вобраз шчырай веры і міласэрнасці

Праваслаўная царква захавала памяць аб пакутніцкім подзвігу настаяцеля Шаркаўшчынскага Свята-Успенскага храма іерэя Канстанціна Жданава, закатаванага ў 1919 годзе.


Свяшчэннамучанік Канстанцін нарадзіўся 22 сакавіка 1875 года ў мястэчку Стара-Шаркаўшчына Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер — гарадскі пасёлак Шаркаўшчына) у сям'і мясцовага святара.


Айцец Дзімітрый Жданаў, скончыўшы духоўную семінарыю, выкладаў у народных вучылішчах Цвярской і Ковенскай губерняў, з’яўляўся настаяцелем Свята-Успенскага храма ў мястэчку Стара-Шаркаўшчына. Матушка Сафія займалася выхаваннем дзяцей, спявала ў царкоўным хоры.


У сям'і Жданавых нарадзілася дзевяць дзяцей: Уладзімір, Канстанцін, Надзея, Іван, Вера, Ювеналій, Аляксандр, Любоў, Марыя. Яны жылі ў доме каля храма на маляўнічым беразе ракі Дзісна. Старэйшыя дзеці вучыліся ў Вільні: хлопчыкі — у духоўнай семінарыі, дзяўчаткі — у закрытай жаночай гімназіі.


Пасля смерці маці Канстанціну прыйшлося пакінуць вучобу ў семінарыі, каб дапамагаць бацьку ў выхаванні малодшых братоў і сясцёр. Ён працаваў на Палескай чыгунцы, у Палтаўскім аддзяленні Дзяржаўнага банка, здаўшы экзамены па багаслоўскіх навуках, служыў дыяканам у царкве Юдзішчана Дзісенскага павета. Пасля смерці бацькі 19 гадоў быў настаяцелем Свята-Успенскага храма ў Стара-Шаркаўшчыне.
Мясцовыя жыхары ўспаміналі пра іерэя Канстанціна, як пра выдатнага прапаведніка Слова Божага, строгага ў пытаннях веры, разам з тым спагадлівага, міласэрнага да людзей. Ён ладзіў прытулкі для дзяцей-сірот, дапамагаў усім, хто аказаўся ў бядзе. Выкладаў Закон Божы ў народных вучылішчах, за што быў заахвочаны медалём "У памяць 25-годдзя царкоўна-прыхадскіх школ". Меў нямала царкоўных узнагарод.
Па ініцыятыве святара на месцы былога храма быў узведзены новы са звонніцай у франтоннай частцы. Пасільныя ахвяраванні ўносілі прыхаджане. Значная частка сродкаў на будаўніцтва царквы, згодна Указа імператара Мікалая ІІ, выдадзена з дзяржаўнай казны. На грошы маскоўскіх купцоў, заможных людзей набылі абразы, вялікі звон, кіпарысавы прастол, зрабілі іканастас з залатым аздабленнем, які і цяпер упрыгожвае храм.


13 лістапада 1912 года па блаславенні архіепіскапа Літоўскага і Віленскага Агафангела пабудаваную святыню асвяціў Дзісенскі благачынны Мікалай Рафаловіч у саслужэнні айца Канстанціна. Дарэчы, і цяпер у храме захоўваецца абраз святога роўнаапостальнага Канстанціна. Там памятны надпіс: “Сия икона сооружена нами, прихожанами Старо-Шарковской церкви, в благодарное и молитвенное воспоминание нам и нашим потомкам о нашем настоятеле — отце Константине Димитриевиче Жданове, соорудившем наш сей храм своими заботами и трудами на пожертвования благотворителей, главным образом Московских. Сооружена икона в 1910 году ко дню освящения храма”.

 Выпрабаванне веры

Пастырскае служэнне бацюшкі Канстанціна праходзіла ў самыя складаныя і пераломныя гады ў гісторыі Расіі: Першая сусветная вайна, рэвалюцыя 1917 года, устанаўленне савецкай улады...


29 жніўня 1916 года Стара-Шаркаўшчынскі прыход наведаў архіепіскап Віленска-Літоўскі Ціхан, будучы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. У тым жа годзе іерэй Канстанцін быў зацверджаны Высокапраасвяшчэнным Ціханам загадчыкам эвакуіраванай у Стара-Шаркаўшчыну Беразвецкай жаночай другакласнай школы.


У лістападзе 1918 года нямецкія войскі пакінулі Дзісенскі павет, а ў снежні тут стварылі павятовы камітэт Расійскай Камуністычнай партыі бальшавікоў, перад якім стаяла задача ўстанавіць савецкую ўладу на вызваленай тэрыторыі. У той час у мястэчку Стара-Шаркаўшчына актыўна дзейнічала камуністычная ячэйка, члены якой без усялякай на тое прычыны праследвалі, расстрэльвалі няўгодных новай уладзе людзей.


Прадстаўнікоў духавенства, манахаў лічылі “ворагамі народа”. І, вядома ж, камуністы не маглі абысці ўвагай айца Канстанціна Жданава, які заклікаў вернікаў захоўваць евангельскія запаведзі. Вясной 1919 года яго арыштавалі. Прыхаджане спрабавалі вызваліць бацюшку, збіралі подпісы, прапаноўвалі выкуп.


Разумеючы, што вернікі не дадуць у крыўду святара, бальшавікі накіравалі затрыманага ў Дзісну, дзе сярод арыштаваных знаходзіўся і настаяцель Язненскай Спаса-Праабражэнскай царквы бацюшка Міхаіл Сіняўскі. У ноч на 29 красавіка канваіры расстралялі многіх затрыманых. Айцец Міхаіл прапанаваў іерэю Канстанціну бегчы, на што той адказаў: “Я нікому нічога дрэннага не зрабіў. Што Бог пашле, тое і буду цярпець”.


Канваіры Фама Батвінёнак, Аляксандр Ліпскі, Міхаіл Ваштай прымусілі бацюшку капаць сабе магілу. Ён прасіў іх не ўчыняць грэх смертазабойства. У адказ атрымаў удары рыдлёўкай, яму адсеклі левую ступню. Потым забойцы спыталі, ці мае ён апошняе жаданне перад смерцю. Бацюшка папрасіў дазволу памаліцца. Праз некаторы час канваіры аглушылі яго ўдарам па галаве, закідалі зямлёй. Свяшчэннамучанік памёр не адразу. Спрабаваў выбрацца з магілы, аднак не хапіла сіл, паветра.


25 чэрвеня 1919 года іерэя Канстанціна пахавалі пад алтаром Дзісенскай могілкавай Свята-Адзігітрыеўскай царквы. Цяпер мошчы свяшчэннамучаніка знаходзяцца ў Дзісенскім храме Уваскрэсення Хрыстова, там жа захоўваецца цудатворны абраз Смаленскай Божай Маці «Адзігітрыя», які прыплыў сюды па рацэ шмат стагоддзяў таму.


Мінаюць гады, дзесяцігоддзі, толькі непадуладна часу памяць пра вялікіх малітвеннікаў, адданых веры Хрыстовай, пакутнікаў. Жыццё бацюшкі Канстанціна — прыклад мужнасці, любові да Бога і спагады да бліжняга. У сваіх малітвах веруючыя звяртаюцца да яго з просьбай аб дапамозе і заступніцтве.

Фота з сайта Полацкай епархіі.
Мікалай ВОЙТАЎ,
протаіерэй.

Праграма памятных мерапрыемстваў

29 красавіка, у дзень пакутніцкай смерці свяшчэннамучаніка Канстанціна, у праваслаўных храмах Шаркаўшчыны пройдуць богаслужэнні. Па заканчэнні Боскіх Літургій з цэркваў Успення Прасвятой Багародзіцы і іконы Божай Маці «Усіх смуткуючых Радасць» будуць арганізаваны хрэсныя хады да помніка свяшчэннамучаніка Канстанціна, які быў устаноўлены ў гарадскім пасёлку па прапанове ўладыкі Феадосія. Там адбудзецца малебен.


10 мая ў раённым Доме культуры пройдзе святочны канцэрт, прысвечаны памяці бацюшкі. Будзе арганізавана і тэматычная выстава. 14-15 мая ўсе жадаючыя змогуць прыняць удзел у вялікім хрэсным ходзе, які з Шаркаўшчыны накіруецца ў Дзісну. 16 мая ў храме Уваскрэсення Хрыстова адбудзецца саборнае Багаслужэнне духавенства Полацкай епархіі. Боскія Літургіі таксама пройдуць 4 чэрвеня, бо ў гэты дзень у 2011 годзе адбылося Богаслужэнне з чынам кананізацыі свяшчэннамучаніка Канстанціна, і 20 жніўня, калі знойдзены яго мошчы.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 376
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 77 128
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 48 779
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 39 344
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 38 085
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 229
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 201
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 25 апреля 2019
Василий, Давид, Иван, Сергей, Мария, Марфа

Именины 24 апреля 2019
Ефим, Иван, Николай, Петр, Прохор, Яков

Госці краін
free counters
Партнеры сайта