Заняткі ў нядзельнай школе па вуліцы Паштовай у Міёрах, што працуе пры каталіцкай парафіі, праходзяць як на адным дыханні. Гадзіна пралятае непрыкметна. Усё хлопцы і дзяўчаты задзейнічаны на ўроку, а настольная кніга ў іх — “Біблія для дзяцей”.
Настаўніца Наталля Тадэвушаўна Гарноўская працуе катэхеткай пры міёрскай парафіі больш дваццаці год. З-пад яе крыла выйшла не адна сотня дзяцей, што прыступілі да Першай камуніі. Пачынаюцца заняткі з верасня і заканчваюцца ў маі, з прыняццем першага сакраманту Эўхарыстыі. Вучоба поўнага курсу ахоплівае два гады. На дадзеным этапе першы год навучання праходзіць 15 дзяцей, а другі год засвойваюць праўды веры 25 хлопчыкаў і дзяўчынак. Займаецца Наталля Тадэвушаўна па скарочанай праграме і з дарослымі, якія не прыступілі яшчэ да Першай камуніі, аднак маюць жаданне гэта зрабіць.
Карэспандэнты раёнкі трапілі на заняткі да тых, хто займаецца ў школе другі год. Урок тут заўсёды пачынаецца з малітвы. У кожнага падручнік “Прыйдзіце да Мяне ўсе”, Біблія, сшытак, іншыя вучэбныя матэрыялы. Настаўніца задае пытанне: “Чаму Езус перадаў нам, людзям, Эўхарыстыю?” З веданнем справы адказваюць па чарзе хлопцы і дзяўчаты: “Каб былі добрымі, быць бліжэй да Бога, каб мы трапілі ў рай…”
Паколькі працягваецца Вялікі пост, то і асноўная тэма ўрока — Апошняя вячэра і Эўхарыстыя. Прыемна было чуць, што дзеці некаторыя паняцці засвоілі з удзелу ў Святых імшах і з заняткаў мінулага году. Малюнкі для параўнання і тлумачэння “шчоўкалі” гуртам, як арэхі.
Праверка хатняга задання, новая тэма, аналіз матэрыялу, — усё дакладна па плану. Настаўніца дыктуе хатняе заданне і да яго дадае наказ: уважліва слухаць Евангелле на службе а 10 гадзіне. У наступную нядзелю яна будзе задаваць па ім пытанні. Наталля Тадэвушаўна нагадвае і правілы паводзін у касцёле — паважна адносіцца да святога месца, не размаўляць без прычыны, у час Святой імшы ўважліва слухаць і ў ёй удзельнічаць. Дысцыплінка яшчэ нікога не сапсавала!
Шмат новага і цікавага адкрываецца з пазнаннем веры. Галоўная ўвага — на дабро, любоў да бліжніх і да Бога!
Пра нядзельную школу выказаліся дарослыя і дзеці:
Наталля Даргель, маці Ксеніі:
— Ксеніі падабаецца наведваць нядзельную школу. Пачала навучанне яна з 10 год. Старэйшую дачку Насцю ў свой час мы аддалі на заняткі з сямі годзікаў. Заняткі яна наведвала, але для яе шмат чаго яшчэ было незразумелым. Магу з вопыту адзначыць, што больш свядомае “ўпітванне” навукі адбываецца цяпер у Ксеніі. Хатнія заданні яна робіць сама, рэдка калі звяртаецца за дапамогай. Важна, што заняткі праводзяцца рэгулярна, гэта выхоўвае ў нашых дзецях высокую адказнасць. Падыход добры і адначасова строгі: наведваць абавязкова, як і выконваць даведзеныя заданні. На ўроках могуць прысутнічаць бацькі, можна падыходзіць задаваць пытанні. Ксеніі, як і іншым дзецям вельмі падабаецца настаўніца Наталля Тадэвушаўна. Яна добразычлівая, спагадлівая, як другая мама. Калі дзіця захварэла і па ўважлівай прычыне не наведалася на заняткі, то абавязкова патлумачыць, што трэба вывучыць, каб пасля здаць экзамен. Шчыра ёй удзячны за такі падыход!
Віктар Матузоў:
— Наведваць заняткі падабаецца. Вось толькі рана трэба ўставаць у нядзелю. Хатняе заданне раблю ў суботу. Вывучаем малітвы, чытаем Біблію, настаўніца цікава расказвае розныя сюжэты з даўніх часоў і прыклады цудаў у сучаснасці.
Максім Рачыцкі:
— На занятках шмат даведваемся па гісторыі як жылі людзі ў часы Езуса Хрыста. Усё вельмі цікава і пазнавальна. Мне падабаецца 10 запаведзяў. Штодзень іх сабе прыгадваю. Настаўніца Наталля Тадэвушаўна вельмі добрая і шмат ведае. Гэта стараецца перадаць і нам.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.