2 лютага — свята Ахвяравання Пана, якое называюць яшчэ Маці Божай Грамнічнай, або Грамніцамі. У гэты дзень успамінаецца традыцыя прынясення Юзафам і Марыяй Дзіцятка Езуса ў святыню. Яўрэі кожнага першынца ахвяравалі Богу, і каб забраць яго са святыні, трэба было даць выкуп.
Гэта звычайна была жыўнасць. Людзі невялікага дастатку давалі птушак. Юзаф з Марыяй за Езуса ахвяравалі дзвюх галубак.
У народзе свята яшчэ называецца Маці Божай Грамнічнай. Ёсць такі вобраз, дзе Маці Божая ідзе са свечкай, а ваўкі хочуць напасці, але не могуць гэтага зрабіць. Жывёлы ўвасабляюць сімвал зла.
У гэты ж дзень у касцёлах асвячаюцца свечкі. Улетку іх ставяць ля вакна ў час навальніцы ці непагадзі. Грамнічная свечка і малітва абараняюць дом і яго жыхароў ад пажару, які можа ўзнікнуць у час стыхіі. Ратуюць яны і ад iншай жыццёвай “навальніцы”.
Ілюстрацыя з інтэрнэта. Падрыхтавала Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.