Авторизация
 

Успаміны святамучаніка Язафата і рэліквіі з капліцы Божай Міласэрнасці

 Успаміны святамучаніка 
Дзень памяці святамучаніка Язафата Кунцэвіча адзначаюць 12 лістапада вернікі рыма- і грэка-каталіцкага абрадаў. З нагоды ўспамінаў у міёрскай святыні адбудуцца службы ў 8 гадзін, а 12-ай з працэсіяй вакол касцёла і ў 18.00. У гэты дзень у далёкім 1623-м годзе Полацкага біскупа Язафата забілі за веру. Праз дваццаць год 16 мая ён беатыфікаваны, а ў 1867 годзе Папам Рымскім Піем ІХ абвешчаны святым. 

У міёрскім касцёле асабліва ўшаноўваюць Язафата. Па-першае, яго імя ў складзе назвы парафіі — Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святамучаніка Язафата, а яшчэ таму, што вернікі маюць магчымасць сузіраць мошчы святога ў рэлікварыі і маліцца кожную пятніцу. Часцінка яго астанкаў трапіла да нас у 2004 годзе дзякуючы ардынарыю Чэнстахоўскаму, архібіскупу з Польшчы Станіславу Новаку. Рэліквіі ён прывёз з Рыма, дзе ў Базіліцы святога Пятра знайшло спачын цела Язафата. Дарэчы, у галоўным алтары міёрскай святыні ўверсе размешчана і скульптура святога. Постаць у літургічнай вопратцы з пальмай у адной руцэ, што сімвалізуе пакутніцтва, з кнігай у другой — як духоўны настаўнік. Адзін са званоў, што будзяць наваколле штораніцы і завуць на вячэрнюю службу, таксама назвалі ў гонар апекуна парафіі Язафата. Аднак гэта не адзіны святы заступнік мясцовых вернікаў і Міёршчыны. Хто яшчэ? Пра гэта запыталіся ў пробашча парафіі.

У Саборным алтары мошчы беларускага святога

Ксёндз Крыштаф Міенкіна распачаў аповед ад алтара.
— У ахвярным каменным стале Саборнага алтара адтуліна, дзе закладзены рэліквіі беларускага святога Андрэя Баболі. Па традыцыі каталіцкага касцёла святая ахвяра павінна служыцца на мошчах мучанікаў. Андрэй Баболя загінуў за веру на Палессі. У 1657 годзе падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай яго схапілі казакі ў вёсцы Янаў-Палескі і жорстка катавалі. Цела Баболі перавезлі ў Пінск і пахавалі ў касцёле святога Станіслава, а ў 1702 годзе эксгуміравалі і знайшлі нятленным. Да ліку святых прылічаны толькі ў 1938-ым. Не захаваліся паперы пра тое, як да нас трапілі яго мошчы. Ад парафіян даведаўся, што раней астанкі захоўваліся ў маленькай грабніцы на адным з бакавым алтароў.

 Рэліквіі і старыя кнігі змяшчае капліца Божай Міласэрнасці
Прыблізна год таму ў бакавой наве міёрскага касцёла ў каплічцы Божай Міласэрнасці з’явілася цікавая экспазіцыя з рэлікварыямі святых і з часцінкамі з біблейскіх важных мясцін; са старымі выданнямі, друкаванымі ці рукапіснымі, якім больш за 100 гадоў. Для прыкладу, на ніжніх паліцах — рымскія імшалы на лацінскай мове (імшал — кніга, па якой  святар вядзе службу), пахавальная кніга. Найстарэйшыя датуюцца ХІХ-пачаткам ХХ стагоддзяў. Па іх маліліся да Другога Ватыканскага Сабора, які завяршыўся ў 1965-м годзе. Старонкі аздоблены буквіцамі і ілюстрацыямі з жыцця Езуса Хрыста. Разгорнута кніга з візітацыі міёрскай парафіі ў 1906-1907 гадах біскупам Віленскай архідыяцэзіі. Якраз тады, калі ксёндз Юзаф Бародзіч завяршаў будаўніцтва касцёла. Статыстычныя дадзеныя хрысціянскай супольнасці і парафіі таго часу занатаваны чарніламі. Крыху пажоўклыя ад часу старонкі надаюць каштоўнасць гістарычнай крыніцы. Позірк затрымліваецца на рэлікварыях, дзе знаходзяцца мошчы святых, часцінкі з гістарычных мясцін свету. Унізе подпісы: святыя Юзаф, Тэрэза, Францішак з Асізы…


 Запыталіся ў святара Крыштафа, адкуль гэтыя рэліквіі ў Міёрах?
— У савецкія часы, калі зачыняліся касцёлы, вернікі ці святары аддавалі рэліквіі туды, дзе яны дзейнічалі. Гэтыя рэчы мне перадаў ксёндз Уладас Пятрайціс. Задуму паказаць людзям тое, што маем важных заступнікаў і свае гістарычныя кнігі, рэалізавалі нядаўна. Зрабілі стэлажы, на іх расклалі імшалы і парафіяльныя кнігі, выставілі рэліквіі. Цяпер у капліцу Божай Міласэрнасці кожны можа прыйсці і памаліцца ў цішыні, разгледзець гістарычную спадчыну касцёла.


 Складана зараз высветліць як і адкуль трапілі рэліквіі да нас. Дакументы не засталіся, толькі подпісы пад кожным. У адных рэлікварыях, аздобленых вянкамі з лаўровых ці дубовых лісткоў, захаваны мошчы

святых, у іншых—часцінкі зямлі, тканіны ці каменьчык з мясцін жыцця Марыі, Хрыста і іх апекуна Юзафа. Спынімся на кожным асобна. Злева направа ў першым рэлікварыі часцінкі ад Святога Крыжа і з труны Найсвяцейшай Панны Марыі, мошчы святых Юзафа, Францішка з  Асізы, Тэрэзы і Крыштафа. У другім — астанкі святых Лаўрэна, Маргарыты, Адэадата. Далей мошчы святых каралевіча Казіміра і Валянціна . У невялікім рэлікварыі, аздобленым вяночкам з дубовых лісткоў, — астанкі Тамаша з Аквіны і Інакенція . Выстаўлены і стары келіх, які раней выкарыстоўваўся ў час службы. У асобным рэлікварыі мошчы яшчэ  бласлаўлёнага Яна Боско, заснавальніка ордэна Салезіянаў. Папа Пій XI беатыфікаваў Яна Боско 2 чэрвеня 1929 года, а 1 красавіка 1934 года кананізаваў яго. Значыць, трапілі яны на нашу зямлю менавіта на працягу тых пяці год да далучэння ў ранг святых.


У апошнім рэлікварыі знаходзяцца часцінкі з Палестыны, дзе адбылося звеставанне Марыі, наведванне святой Альжбеты, нараджэнне Хрыста і ўнебаўзяцце Панны Марыі, а таксама з дома святога Юзафа, апекуна Багародзіцы.


 У міёрскім касцёле захоўваюцца толькі дзве рэліквіі, зацверджаныя дакументальна. Гэта мошчы святых Язафата і Яна Паўла ІІ. Дарэчы, мошчы Яна Паўла ІІ перадаў у нашу святыню кардынал Станіслаў Дзівіш, які быў капеланам пантыфіка.


 Ксёндз Крыштаф Міенкіна шчыра ўдзячны былому вікарыю міёрскага касцёла, а цяпер пробашчу парафіі ў Лужках, Міхаілу Татарэнку. Ён падарыў фігуру Езуса Хрыста Міласэрнага нашай святыні і ініцыіраваў адкрыццё каплічкі.


У капліцы знаходзіцца і скульптура святога Пятра, гэта копія выявы з Базілікі ў Рыме. Як апавядалі ксяндзу старэйшыя парафіяне, фігура апостала Пятра раней размяшчалася на адным з алтароў, пасля яе  перанеслі ў правую наву касцёла. Скульптуры святога Юзафа і Найсвяцейшай Панны Марыі нядаўна перавезлі ў  Міёры з Лявонпаля. Адтуль жа і фігура Хрыста Валадара сусвету (такі тытул мела і парафія ў Лявонпалі), якая знаходзіцца напрыканцы святыні з левага боку ад галоўнага ўваходу. Усе тры апошнія выявы прывезлі з Лявонпаля, бо касцёл там ліквідавалі, а рэлігійную спадчыну варта захаваць. Пра гэта шчыра клапоціцца ксёндз-пробашч Крыштаф Міенкіна.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Запісала Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 19 апреля 2021
Григорий, Иван, Павел, Петр, Севастьян, Яков

Именины 18 апреля 2021
Алексей, Георгий, Марк, Николай, Платон, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта