Авторизация
 

У міёрскім касцёле святкавалі дзве ўрачыстасці

Больш фота па спасылцы https://vk.com/album-93032809_256303210

15 жніўня ў міёрскім касцёле святкавалі дзве ўрачыстасці. Ушаноўвалі Унебаўзятую Найсвяцейшую Панну Марыю, і міярчаніну семінарысту Уладзіславу ШАРКОВІЧУ біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег БУТКЕВІЧ удзяліў сакрамант пасвячэння ў ступені дыяканату. 


УЛАДЗІСЛАЎ шэсць год вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску. Важную ўрачыстасць раздзялілі з ім рэктар навучальнай установы ксёндз Андрэй Рылка і духоўны айцец семінарыстаў Аркадзь Куляха. Разам з гасцямі маліліся за цярплівасць у пакліканні маладога душпастыра святары з навакольных парафій, семінарысты, законныя сёстры, і тыя, хто падтрымліваў Уладзіслава на шляху яго станаўлення, вернікі парафіі.


Падчас Святой імшы пробашч ксёндз Крыштаф Міенкіна звярнуўся да біскупа Алега з просьбай удзяліць выхадцу з Міёрскай парафіі клерыку Уладзіславу дыяканскія пасвячэнні. Ён падкрэсліў, што кандыдат падрыхтаваўся належным чынам і годны прыняць сакрамант.


БІСКУП віцебскі прамовіў да вернікаў, патлумачыў сутнасць служэння святароў для людзей, прывёў прыклады самаахвярнасці ў гісторыі: “Езус, паказваючы людзям збаўленне, першае што зрабіў — выбраў вучняў. Іх мы называем апосталамі. Сёння іх справы ляжаць на плячах святароў. Перажываем у парафіі пасвячэнне ў дыяканы. Для Уладзіслава гэта першая прыступка да службовага святарства. Любіць людзей, якіх бачым, і Бога, якога не бачым — пакліканне кожнага верніка. Дапамагаць патрабуючым — святы абавязак!


ХРЫСЦІЯНЕ добра ведаюць, што шлях да Бога і да яднання з Ім праходзіць праз пакінутыя Езусам да наследавання знакі — ад сакраманту хросту, біжмавання, шлюбу ці святарства і да намашчэння хворых. Важным на кожным кроку з’яўляецца сведчанне сваёй веры ў жыцці. Уладзіслаў атрымае дазвол выконваць некаторыя святарскія функцыі ў Хрыстовым касцёле. Будзе нялёгка праходзіць праз жыццё з яго радасцямі і непаразуменнямі, клопатамі і спакусамі. Служэнне трэба несці ад сэрца і ўмець перадаць людзям праўду, якая адлюстравана ў Святым Пісанні. Імкненне да неба, дзе знаходзіцца Езус і Марыя, яго маці.


 Важнай падтрымкай у жыцці святара з’яўляецца малітва вернікаў. Кажуць, што злы дух у апошнія хвіліны свайго подыху пачынае разбураць тое, што стварыў Пан Езус. А Хрыстос папярэджваў, што будуць “нядобрым” атакаваныя менавіта святары: “Ударыў пастыраў, каб расцярушыць авечак…” Таму падтрымкай і заслонай ад злога на шляху зямной дарогі Божага Валадарства ёсць малітва. Для прыкладу жыццё яшчэ аднаго святара, цалкам аддадзенага службе Богу, які здольны перамяніць свет, — гэта былы пробашч звычайнай вясковай парафіі святы Ян-Марыя Віянэй…


УЛАДЗІСЛАВУ жадаю не затрымлівацца на дасягнутым. Малітва — падмурак святарскага жыцця, а наколькі цесна будзеш звязаны з Евангеллем, ружанцам, — ад гэтага залежыць плён служэння. Слухай натхненне Духа Святога і не бойся быць Яго прыладай.” — падагуліў настаўніцкім словам біскуп Алег Буткевіч.


Пасля гаміліі маліліся Літаніяй да ўсіх Святых. Тым часам Уладзіслаў перад алтаром ляжаў крыжам. Урачысты момант атрымання пасвячэння ў дыяканы клерык перажываў з асаблівым хваляваннем. Біскуп усклаў на яго рукі, маладому душпастыру апранулі стулу і далматыку. З рук іерарха Віцебскай дыяцэзіі дыякан атрымаў Евангелле.


Уладзіслаў Шарковіч шчыра дзякаваў айцам семінарыі Андрэю і Аркадзю, добра знаёмым святарам — у прыватнасці, Крыштафу Міенкіну, Аляксандру Півавару і іншым — за прыклад веры, за падтрымку ў патрэбныя хвіліны, маці і бабулі — за дары жыцця і малітвы.
НА ЗАКАНЧЭННІ службы асвяцілі кветкі. З нагоды свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі вернікі прайшліся з працэсіяй вакол касцёла і атрымалі біскупскае бласлаўленне.


На цвінтары моладзь парафіі прадоўжыла ўрачыстасць выступленнем рэлігійных спеваў. Вакалам радавалі людзей і славілі Бога сёстры Анастасія і Ганна Пазняк, Паліна Валеўка, Сафія Красоўская, Вольга Андруковіч, Антаніна Каліноўская і Наталля Вячэрская. Музычнае суправаджэнне дадавалі Яна Лаўрыновіч на скрыпцы, Юля Трубіла на гітары, Юля Рубанік на клавішных, Дзіма Максіменка на барабанах. За апаратурай сачыў Максім Дзяменцьеў, а дапамагалі ў арганізацыі канцэрта Марк Вайсковіч і Дзіма Анашка. 

Больш фота па спасылцы https://vk.com/album-93032809_256303210

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта