Дзень праваслаўнай кнігі адзначаецца з 2009 года. Прымеркаваны да 14 сакавіка (па старым стылі 1-га). Менавіта гэтай парой у ХVІІ стагоддзі на Русі з'явілася першая друкаваная кніга"Апостал", якую выдаў дыякан Іван Фёдараў. Пра тое выкладчыца Нядзельнай школы прыходу міёрскага храма Таццяна Міхайлаўна Пацеенак нагадала сваім выхаванцам і вучням СШ №3 імя Я. Томкі. Іх з'яднала сустрэча ў дзіцячай бібліятэцы пад назвай "Духоўных кніг набожная мудрасць". Разам паразважалі пра несумненную карысць гэтай мудрай літаратуры. Важна, каб юныя сучаснікі навучыліся вылучаць яе з іншай, любіць і звяртацца да яе.
У першым раздзеле "Слова Божае і яго сіла" галоўная Біблія, у складзе яе больш за 50 кніг, сярод іх і Евангелле, прызначанае для штодзённага чытання. Затым ідуць Псалтыр, Малітва- і Месяцасловы, Жыцці святых. Гэтыя кнігі ўплываюць на духоўнае сталенне чалавека, з іх старонак ужо шмат засвоілі дзеці.Тое пацвердзілася падчас віктырыны.
Хлопчыкі і дзяўчынкі правільна дапоўнілі цытаты з Бібліі, тлумачылі значэнні евангельскіх выказванняў, ведаюць самую кароткую пропаведзь Серафіма Сароўскага "Хрыстос Уваскрэс", беспамылкова называюць святыя абразы і іх аўтараў. Адказы на няпростыя пытанні чэрпаюць з Псалтыра, а галоўным аўтарам псалмаў беспамылкова вылучаюць цара Давіда. Факты з "Жыццяў святых" таксама ў памяці юных чытачоў. Хутка ўзгадалі, што Сергія Раданежскага да прыняцця манаства звалі Варфаламеем.
Што знаходзілася ў загадкавым куфэрку, першай здагадалася Ксюша. Пытанне складанае і гучала так:
— У адной з пропаведзяў мітрапаліт Антоній Суражскі гаварыў, для таго, каб бачыць, нам часам патрэбна паглядзець на сябе ў люстэрка. Якое ж люстэрка ў нас ёсць? — пыталася Таццяна Міхайлаўна.
— Евангелле, — прагучала ў адказ.
Сапраўды. Менавіта ў ім мы бачым удасканаленага Чалавека Іісуса Хрыста, якім закліканы стаць. Бачым вакол Яго і праведнікаў, і грэшнікаў. Таму чытаць гэту кнігу трэба ўдумліва, сур'ёзна, каб бачыць у сабе ўсё светлае, і цёмнае, каб навучыцца заўважаць і ў іншых нязгаснае святло, якое ніякая цемра не заглушыць.
У раздзеле "Крыніца мудрасці святых айцоў" бібліятэкар Таццяна Львоўна Вішнеўская пазнаёміла дзяцей са святаайчыннай літаратурай . Тут у цэнтры ўвагі жыццеапісанні багаслова Іаана Златавуста. Нямала літаратуры пра беларускіх святых. Іаан Лествічнік вядомы хрысціянам, перш за ўсё, як складальнік аўтарытэтнага і папулярнага помніка аскетычнай літаратуры "Лесвіца". 18 сакавіка, у дзень сустрэчы, якраз чацвёртая нядзеля Вялікага паста, прысвячаная яму.
Багаты чытвом раздзел "Сапраўдны хрысціянін і яго жыццё". Тут шмат добрых вершаў з глыбокім сэнсам, цікавых апавяданняў, рэкамендацый, напрыклад, як падрыхтавацца да споведзі і прычашчэння, у чым раскайвацца, пра што думаць і разважаць у пост.
Ужо шмат ведаў з духоўных кніг пачэрпнулі ўдзельнікі святочнай сустрэчы, за што атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Але папаўненне запасу ведаў няспынны працэс. На гэта звярталася асаблівая ўвага педагогаў Нядзельнай школы і бібліятэкараў. Менавіта чытанне пашырае кругагляд, развівае мысленне, адкрывае нам гісторыю мінулага, дае магчымасць вандраваць у часе, спасцігаць духоўнае багацце. Таму ўсе разыходзіліся дадому з кнігамі.
Мерапрыемства ў дзіцячай бібліятэцы, прысвечанае Дню праваслаўнай кнігі, нагадала хлопчыкам і дзяўчынкам пра неабходнасць чытаць як мага больш. З друкаваных радкоў чэрпалі мудрасць шматлікія пакаленні хрысціянскіх народаў.
Фота аўтара.
Наталія СТАНКЕВІЧ.