Библейский сюжет на сцене Миорского РДК

 Дзіцячы спектакль, у аснову якога пакладзены біблейскі сюжэт пра нараджэнне Божага Дзіцяці ў Віфліеме, прайшоў 25 снежня ў Міёрскім РДК. апачатку ксёндз Крыштаф Мянкіна, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча, дэкан Міёрскага дэканату павіншаваў усіх са светлым, узнёслым і радасным святам, якога чакалі праз малітвы, удзел у Раратах, праз Адвэнтавыя пастановы. Выказаў усім найлепшыя пажаданні.

Артыстам наказаў перад выхадам на сцэну не хвалявацца і ўдала раскрыць творчыя таленты, а гледачам — не шкадаваць далоняў і суправаджаць іх выступленне гучнымі апладысментамі. Святар прадставіў шаноўнага госця — Саветніка Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі Міхала Хабраса.


У біблейскім сюжэце, што разгортваўся на сцэне, галоўныя ролі — Марыі і Юзафа з Назарэту — выконвалі Ульяна Рубанік і Раман Танкавід. Дзіма Кулеш, Аляксандр Шамёнак і Мікіта Мацур апранулі касцюмы Пастушкоў і эмацыянальна перадалі ўражанні людзей, якія, паводле Святога Пісання, сцераглі ноччу на полі статак і ад нябесных анёлаў першымі даведаліся пра нараджэнне Дзіцятка. Караліна Рубанік, Улада Забароўская і Павел Арцімовіч выконвалі другасныя ролі — Авечак і Восліка, аднак без іх удзелу праграма не атрымалася б такой яркай і насычанай.


 У сцэне ўшанавання Нованароджанага Дзіцяці ў Віфліемскіх яслях выступалі Станіслаў Латышонак, Андрэй Малецкі і Арцём Краўчанка. Яны  прадстаўлялі трох мудрых Каралёў, якія прыйшлі здалёку пакланіцца будучаму Збаўцу і падарылі Яму золата, ладан і смірну. Паводле сцэнарыя гэтыя біблейскія персанажы на сваім шляху сустрэліся з Царом Ірадам (выканаў яго ролю Багдан Варонька), Жонкай цара, Вяльможам, Д’яблам і Смерцю (у вобразах адмоўных персанажаў выступалі Аляксандра Васіна, Уладзіслаў Краўчанка, Артур Курдутаў і Аляксандра Забароўская).


 Несумненна, у спектаклі Божага Нараджэння былі і белакрылыя Анёлы (Яна Петкун, Паліна Пальчэх і Насця Вярковіч).
Суправаджаліся сцэнічныя дзействы музыкай і песнямі. У заключэнні святочнай праграмы дзіцячая вакальна-інструментальная група выканала песні, прысвечаныя Божаму Нараджэнню.


Аўтар сцэнарыя спектакля — Анджэла Кіпрушава, музычны кіраўнік — Яўгенія Баговіч, рэжысёр-пастаноўшчык Наталля Гарноўская, касцюмер — Марына Баговіч. Дзякуючы іх старанню і намаганням усяго дзіцячага творчага калектыву міярчане атрымалі магчымасць зазірнуць у далёкае мінулае, пра якое апавядае Святое Евангелле. Усе адчулі радасць свята Божага Нараджэння. Для кожнага з нас яно значнае і заўсёды асацыіруецца з прымірэннем, любоўю, дабрынёй, спагадай, а яшчэ — з загадкавасцю, чароўнасцю, таямнічасцю. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА. Больш фота ў групах у сацыяльных сетках.

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.