Миорский округ праздновал 1025-летие Полоцкой епархии

 Пра міласэрнасць, любоў да бліжняга, узаемадапамогу гаварылі, разважалі, спявалі на ўрачыстасці з нагоды 1025-годдзя Полацкай епархіі, што адбылася ў Міёрах 14 лістапада. Сустрэча з духоўнасцю сабрала поўную залу раённага Дома культуры.

Паважаныя госці — архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, благачынны Міёрскай акругі Віктар Вабішчэвіч, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт БДУ Аляксандр Цітавец, старшыня Міёрскага райвыканкама Ігар Кузняцоў. 

 Святары, прыхаджане, супрацоўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, моладзь і старэйшае пакаленне яшчэ раз асэнсавалі значнасць вялікай падзеі і каштоўнасць хрысціянскіх традыцый.

Творчасць, кніга, памяць

У фае разгарнулася выстава творчых работ, насценгазет, духоўнай літаратуры, культавых прадметаў даўніны.

ВЫЛУЧАЕЦЦА разнастайнасцю тэхнік творчасць выхаванцаў нядзельнай школы прыходу міёрскай царквы. Аплікацыі з паперы і тканіны, пальчыкавыя лялькі, квілінг. Кампазіцыі "Вавілонская вежа" і "Ноеў каўчэг" з пластылінавымі фігуркамі — мастацкае замацаванне тэарэтычнага матэрыялу. Настаўніца Таццяна Пацеенак расказала, што акрамя заняткаў выхаванцы наведваюць гурткі "Творчая майстэрня" і "Праваслаўная трапеза". Майструюць сваімі рукамі, гатуюць традыцыйныя стравы да праваслаўных святаў.


 ВЫСТАВУ "Да духоўных вытокаў" прадставіла Міёрская цэнтральная бібліятэка. Дзякуючы супрацоўніцтву з выдавецтвам Беларускага Экзархата кніжны фонд штогод папаўняецца. Духоўная літаратура мае свайго чытача. Прыцягвалі ўвагу экспанаты раённага гісторыка-этнаграфічнага музея. Побач з даўнімі царкоўнымі кнігамі, нацельнымі крыжыкамі размяшчаліся сучасныя буклеты і каляндарыкі. Удзельнікаў свята цікавілі брэндавая прадукцыя і фотавыстава "Язненскага благавеста". Фестываль нядзельных школ сёлета прайшоў у восьмы раз.

Да міру праз духоўнасць

Музыка званоў абвясціла пра пачатак урачыстасці. Першым гасцей і ўдзельнікаў вітаў кіраўнік раёна Ігар Кузняцоў. Падкрэсліў, што Полацкая епархія — духоўны цэнтр Беларусі. Тут захоўваюць ідэалы дабрыні, міласэрнасці, справядлівасці. "Зберагаючы духоўныя каштоўнасці, мы зберажом мір", — упэўнены Ігар Валер'евіч.

ПОЛАЦКАЯ ЕПАРХІЯ з'явілася праз чатыры гады пасля хрышчэння Русі. Менавіта з хрысціянства, як пісаў гісторык Грэкаў, бяруць адлік нашы дзяржаўнасць, духоўнасць, адукацыя, культура. Словы вучонага працытаваў Уладыка Феадосій і заўважыў, што ўтварэнне епархіі ў Полацку адыграла такую ж вызначальную ролю. Развіццё пісьменства пачалося з асветніцкай дзейнасці Прападобнай Ефрасінні. Узведзенай па яе загадзе Свята-Праабражэнскай царкве сёння няма аналагаў у свеце. Друкаванае слова Божае пайшло ад сына полацкай зямлі Францыска Скарыны.


 Абавязак нашчадкаў—зберагаць атрыманыя ў спадчыну святыні, захоўваць духоўныя запаветы. Уладыка прывёў прыклад з гісторыі. У пачатку 20 стагоддзя ў Віцебскай губерніі за год рэгістраваліся два скасаванні шлюбу, адно крымінальнае злачынства і ніводнага самагубства.


1025-ГОДДЗЕ Полацкай епархіі — не проста свята. Гэта нагода для навукі, разумення, вывадаў. "Мора бушуе, ліецца кроў, гарыць агонь. Мы павінны зберагчы сваю краіну ад бяды, якая ходзіць побач, — гаварыў Феадосій. — Ёсць надзейная армія, сілавыя структуры. Але патрэбны і духоўны шчыт". Гэта значыць захаванне слова Божага, працавітасць, сумленнасць, любоў да бліжняга.


У ГІСТАРЫЧНУЮ КАНВУ Полацкай епархіі ўплецена духоўнае мінулае і цяперашняе Міёршчыны. Дзейнічаюць трынаццаць цэркваў. З іх сем маюць гісторыка-культурную каштоўнасць. У тым ліку храм Жыццепачатнай Святой Троіцы ў Лявонпалі, пабудаваны 243 гады назад без адзінага цвіка. Большасць цэркваў на міёрскай зямлі ўзведзены ў 19 стагоддзі. У многіх не спыняліся службы падчас вайны і рэлігійных ганенняў. Пра гэта расказваў благачынны Міёрскай акругі Віктар Вабішчэвіч. Прыгадаў мясцовых святых і святыні. Шэсць год у дзісенскай царкве Уваскрасення Хрыстова знаходзяцца мошчы Канстанціна Жданава, першага навамучаніка 20 стагоддзя, кананізаванага ў Полацкай епархіі. Штолета сотні вернікаў зблізку і здалёк прыязджаюць у Дзісну пакланіцца абразу Прасвятой Багаро-дзіцы "Адзігітрыя". Духоўнай і фізічнай энергіяй сілкуе крыніца Святога Яна на мяжы Міёрскага, Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Расповяд пра ўчарашні і сённяшні дзень Міёрскага Благачыння айцец Віктар завяршыў пажаданнямі жыць у міры, любові і згодзе.


ЧЫМ БЛІЖЭЙ мы да Бога, тым карацей адлегласць паміж намі. Так лічыць дацэнт кафедры філасофіі і метадалогіі навукі БДУ Аляксандр Цітавец. Як заўважыў вучоны, гісторыя 90% дзяржаў планеты нашмат карацей за ўзрост Полацкай епархіі. Праз стагоддзі народ пранёс і захаваў духоўна-маральныя каштоўнасці. Выступоўца прывёў рэальную сітуацыю. Яго знаёмы падчас паездкі ў ЗША спытаў у дзесяцігадовага хлопчыка пра любімую жывёлу. Той назваў карову. Патлумачыў, што на гэтай жывёле выгадна будаваць бізнес, а яе ўтылізацыя стопрацэнтная. Ці пачулі б такі адказ ад беларускіх дзяцей?

 Тэматыка любові і чуласці

Вершаванымі радкамі пра дараванне і міласэрнасць знітоўвалі нумары святочнага канцэрта вядучыя Васіль Мядзюха і Вольга Пашкоўская. Тэматыка духоўнасці і святла не магла пакінуць абыякавых. Запомніліся харэаграфічныя нумары калектываў Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў і Дзісенскага гарадскога цэнтра культуры. Закранулі струны душы песні пра дапамогу, малітву, дабрыню ў выкананні салістаў Сяргея Філіпава, Аляксея Астукевіча і Святланы Доўнер, Соні Шук, Сашы Пашкоўскай, Дашы Каральковай і дзіцячай эстраднай студыі "Бэмс".

Гістарычныя факты, мудрыя парады, песенныя радкі аб'ядноўвала адна думка. Пра Божыя запаветы, пра добрае чалавечае сэрца, пра
мір на зямлі, пра своечасова працягнутую руку дапамогі, пра любоў да бліжняга, да свайго народу, да радзімы. Багатая духоўная спадчына Полацкай зямлі — яркі светач любові, надзеі, веры. Яе трэба берагчы. У сваёй душы, у сям'і, у народзе.

Больш здымкаў у фотагалерэі і ў групах "Міёрскія навіны" ў сацсетках.

Фотаматэрыял К. БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.