Авторизация
 

Па святых мясцінах і сцежкамі першадрукара Францішка Скарыны прайшлася міярчанка Жанна Закрэўская

 Багаты духоўны скарб у святых мясцінах. Бы магнітам яны прыцягваюць людзей розных сацыяльных слаёў, багатых і бедных, здаровых і хворых. З вышыні птушынага палёту можна ўбачыць ланцужкі з кропак — гэта людзі-вандроўнікі. Міярчанка Жанна Закрэўская ажыццявіла даўнюю мару — пабывала сёлета ў партугальскім горадзе Фаціма, дзе сто  год таму дзецям аб’явілася Дзева Марыя з пасланнямі. Маршрут аўтобуснага паломніцкага тура пачынаўся з Мінска і пралягаў праз Ліхень — Кёльн — Парыж — Люрд — Санцьяга-дэ-Кампастэла — Фаціму — Барселону — Падую — Чэнстахову — і зноў вяртаў у Мінск.

 Прыпынак першы — Ліхень

Велічная Базыліка Найсвяцейшай Багародзіцы Ліхеньскай пабудавана на ахвяраванні этнічных палякаў з усяго свету і пілігрымаў. Гэта самы вялікі касцёл у Польшчы — неф 120 і шырыня 77 метраў. Мае шмат сімвалаў: дзверы і вокны пэўнай колькасці, а лаўкі з выявамі крылаў. Ніжні касцёл з капліцамі ў гонар Яна Паўла ІІ, заснавальніка ордэна марыянаў Папчынскага, і іншых. Святыня маладая, ўзведзена ў пачатку 2000-ых. У асобнай зале, якая прысвечана святым і бласлаўлёным, прыгадваюцца Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра з Росіцы Верхнядзвінскага раёна.

Кёльнскі сабор і непрыемнае шэсце

Наступны прыпынак — Кёльн у Германіі. Сабор на трэцім месцы ў спісе самых высокіх у свеце і належыць да аб’ектаў Сусветнай культурнай спадчыны. Яго будавалі ў два прыёмы ў 1248-1437 гадах і ў 1842-1880-ых.

Адна са значных і важных рэліквій — мошчы трох каралёў, што пакланяліся яшчэ народжанаму  Езусу. У 1164 годзе імператар Фрыдрых Барбароса прынёс іх у дар кёльнскаму архібіскупу Ранальду Дасельскаму, а даставіў з Мілана. З таго ж ХІІ стагоддзя і да сёння пілігрымы з Еўропы прыходзяць пакланіцца рэліквіям. Кароны трох каралёў і цяпер упрыгожваюць гарадскі герб.

У час Другой Сусветнай вайны, калі з самалётаў знішчылі амаль увесь горад,  Кёльнскі сабор цудам не пацярпеў.

Аднак у Кёльне пілігрымы з Беларусі спаткаліся з дзікім для нашай ментальнасці шэсцем сексуальных меншасцяў. Якраз напярэдадні ў Германіі ўзаконілі аднаполыя шлюбы. Адназначна выказваліся беларусы: да нас такая форма свабоды няхай лепш не прыходзіць!

Ах Парыж, Парыж…

Пабачыць Парыж — і памерці… Не, не трэба такія ахвяры. ) Толькі атрымаць асалоду ад прыгажосці! Сабор Парыжскай Божай Маці ці Нотр-Дам дэ Пары—адзін з сімвалаў французскай сталіцы. У гэтым годзе яму 855 год! 

Прайшліся па Елісейскіх палях, пабывалі на Марсавым полі, жадаючыя ўзбіраліся на Эйфелеву вежу. На плошчы Згоды заўважылі паліцэйскага на роліках. Аднак сфатаграфаваць не атрымалася, бо рухаўся ён надта шпарка.

На ціхіх вуліцах і бурлівых праспектах Парыжа пераплятаюцца старажытныя эпохі і сучаснасць. Вулічныя музыкі выводзяць шчымлівыя мелодыі. Побач хвалюецца рака Сена. У Парыжы якраз рыхтаваліся да Дня незалежнасці, таму шмат сустракалася ваенных.

На поўдні Францыі заехалі ў Люрд—месца масавага паломніцтва католікаў, дзе аздараўляюцца хворыя. Асабліва шмат там інвалідаў-калясачнікаў. Санктуарый пабудаваны на месца аб’яўлення Маці Божай дзяўчынцы Бернардэце. Жадаючыя маглі акунуцца ў купальні.

Горад святога апостала Якуба

Іспанскі горад Санцьяга-дэ-Кампастэла пасля Рыма і Ерусаліма на трэцім месцы па папулярнасці сярод пілігрымаў-католікаў. У катэдральным саборы знаходзяцца мошчы святога Якуба. Ён апякуе пілігрымаў. Пракладзены спецыяльны шлях гэтага апостала ў 1000 кіламетраў. Для таго, каб атрымаць пасведчанне вандроўніка, трэба  праехаць на веласіпедзе ці прайсці пешшу 100 кіламетраў. Тады ўручаць “пашпарт пілігрыма”. У саборы святога Якуба наша група ўдзельнічала ў Святой імшы на іспанскай мове.

Пасля пабачылі як распальваюць вялікае кадзіла шэсць чалавек.

 Доўгачаканая Фаціма…

Фаціма—галоўны пункт пілігрымавання. Там прабылі тры дні. Гэта мястэчка ў Партугаліі з насельніцтвам каля 12 тысяч жыхароў. Сюды штогод прыязджае вялікая колькасць пілігрымаў. Сёлета адзначаецца стагоддзе аб’яўленняў Маці Божай траім пастушкам дзецям Жасінце і яе брату Францішку Марту, а таксама іх стрыечнай сястры Люцыі Сантуш. Дзева Марыя з’яўлялася ім раз у кожны месяц паблізу мястэчка Фаціма з 13 мая па 13 кастрычніка 1917 года.

Люцыя стала манашкай, памерла 13 лютага 2005 года. Францішак і Жасінта загінулі ад эпідэміі ў 1919 і 1920 гадах адпаведна. Перад смерцю Жасінце з’явілася Багародзіца і перадала некалькі прароцтваў. Вось што там казалася: “Найбольш цягнуць людскія душы ў пекла грахі цела; з’явяцца моды, якія будуць вельмі абражаць Бога, а людзі, якія служаць Богу, не павінны кіравацца модай, бо ў Царкве няма моды і Госпад заўсёды адзін; калі б людзі ведалі, што такое вечнасць, то зрабілі б усё, каб змяніць сваё жыццё; многія шлюбы не добрыя і недаспадобы Богу, і яны не ад Бога…

 Прыгадаем некалькі момантаў з аб’яўленняў:

13 верасня 1917 года

Каля 30 тысяч чалавек прыйшлі на месца і чыталі на пацерках малітвы. Апоўдні сонца стала менш яркім, а з усходу спускаўся светлы шар, пасыпаліся белыя “пялёсткі”, яны знікалі па меры набліжэння да зямлі. Дзева папрасіла і ў далейшым чытаць Ружанец, каб выпрасіць канец вайне (Першай Сусветнай). Люцыя перадала просьбы аб вылячэнні хворых. Дзева сказала, што ацаліць некаторых з іх, але не ўсіх. Паабяцала цуд у кастрычніку.

 Сонечны феномен 13 кастрычніка 1917 года, апісаны ў прэсе таго часу, з’явіўся дзіўнай падзеяй і ўразіў тых, хто меў шчасце назіраць яго... Ён не зарэгістраваны ні адной астранамічнай абсерваторыяй і, не маючы натуральнага паходжання, назіраўся вернікамі і няверуючымі, журналістамі найбуйнейшых партугальскіх газет і нават людзьмі, якія знаходзіліся за некалькі кіламетраў ад гэтага месца. Гэта выключае любое тлумачэнне феномену як факту калектыўнай ілюзіі.

Траім дзецям з сялянскіх сем’яў Дзева Марыя адкрыла 13 ліпеня 1917 года “Тры таямніцы”. 1. Яны змаглі сузіраць пекла і як там за грахі пакутуюць душы. 2. Было прадказана заканчэнне Першай Сусветнай вайны і што будзе яшчэ страшнейшая (мелася на ўвазе Другая Сусветная). У Партугальскім невялікім гарадку Марыя расказвала дзецям пра Расію і яе навяртанне. 3. Замах на Папу Яна Паўла ІІ. 

 Наша група якраз прыехала напярэдадні святкавання 12 ліпеня. У вігілійны вечар маліліся на ружанцы, а пачатак малітваў чытаўся на розных мовах—партугальскай, іспанскай, нямецкай, рускай, польскай, затым працэсія са свечкамі і Святая імша. Пасля кожнай часткі ружанца гучалі марыйныя спевы. Вельмі прыгожа яднала ўсіх песня да Маці Божай Фацімскай: Авэ, авэ, авэ Марыя… У гэты момант усе ўзнімалі ўгору свечкі.

13 ліпеня ва ўрачыстай імшы маліліся больш за 30 біскупаў, каля 500 святароў і некалькі дзясяткаў тысяч вернікаў з розных куточкаў зямлі. Удзельнічаў у набажэнстве мітрапаліт Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч. Ён праводзіў набажэнства Дарогі Крыжовай.

 Хвалі Атлантычнага акіяну да калена

У Мінску нас праважаў каардынатар паломніцтваў у Беларусі ксёндз Вячаслаў Барок. Ён папярэдзіў: “У Атлантычны акіян заходзьце толькі па калена.” Падалося дзіўным, а як жа пакупацца? Зразумела выраз, калі апынулася на беразе: хвалі, што набягалі, накрывалі з галавой. Плысці проста нерэальна. Але стыхія акіяна ўразіла вельмі…

  Архітэктурай здзівіла Барселона

У іспанскай Барселоне пабывалі транзітам. У непаўторным стылі ўзвышаюцца будынкі архітэктара Антонія Гаўдзі. Некалькі дзясяткаў год па яго праекце ўзводзіцца велічны касцёл. Дапамога з боку дзяржавы не аказваецца, таму праца вядзецца марудна на ахвяраванні вернікаў. Увогуле ў Барселоне незвычайная архітэктура.

 Шляхам нашага першадрукара Францішка Скарыны

У італьянскім горадзе Падуя памаліліся ў касцёлах святых Юстыны і Антонія Падуанскага. На працягу экскурсіі па горадзе пабывалі ў Падуанскім універсітэце. Асабліва візіт стаў сімвалічны ў 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Менавіта ў гэтай навучальнай установе Францыск Скарына атрымаў ступень доктара медыцынскіх навук. На сцяне будынку ўсталявана дошка ў яго гонар.

Апошні пункт 

У польскай Чэнстахове якраз рыхтаваліся да ўрачыстага святкавання 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай Папскімі каронамі. Туды таксама прыходзіць і прыязджае шмат пілігрымаў з розных краін. Цудадзейны абраз Маці Божай вылечвае хворых, чыніць цуды. У асобнай каплічцы можна пабачыць вялікую колькасць удзячных фігурак і рэчаў за дапамогу, атрыманую праз малітву. Наша група памалілася ў святыні, сфатаграфавалася на памяць і скіравалася на начлег у дом пілігрыма, каб ранкам вырушыць у дарогу дадому.

Агульныя ўражанні

Наша група складалася з 40 чалавек ад 18 да 72 гадоў. Ездзілі не толькі католікі, а і праваслаўныя. Прыемна, што яны ставіліся з павагай да хвілін супольнай малітвы: перапынялі чытанне кніг, прысутнічалі на Святых імшах. Адчувалася адухаўленне і яднанне ўсіх людзей. Безумоўна, самае глыбокае, што перажывалася ў душы, цяжка перадаць словамі.

Выказваю падзяку за цудоўную насычаную паездку арганізатарам, нашым землякам-міярчанам ксяндзам Юрыю і Вячаславу Баркам. Юрый суправаджаў аўтобус з паломніцтвам з Мінску, з’яўляўся духоўным кіраўніком групы і гідам. Ён добра ведае гісторыю і сучасны стан краін Еўропы. Вячаслаў—каардынатар вандровак па святых мясцінах. Сама дарога ніякіх складанасцяў і стомленасці не выклікала, бо ўсё цудоўна арганізавана, мае намеры і мары ажыццявіліся. Плёну ў працы нашым землякам!

Шмат пабачылі—мора, акіян, горы. Усё прыгожа. Калі пачынаеш аналізаваць пабачанае, то цяжка ўявіць, як людзі на камяністай глебе вырошчваюць вінаград, на схілах гор будуюць дамы, пракладваюць танэлі і дарогі праз горы і на сваях…

Вярталася дадому з думкай, што сапраўды, як спяваецца ў песні: “каб любіць Беларусь, нашу родную маці, трэба ў розных краях пабываць…” і ў юбілейны год кнігадрукавання прыгадваюцца словы Францішка Скарыны: “ Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае, рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае, пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае—так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормленыя, да таго месца вялікую ласку маюць.”

Запісала Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

Фота з архіва Жанны ЗАКРЭЎСКАЙ.

 

 

 

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 93 274
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 68 204
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 34 495
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 33 240
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 32 267
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 30 323
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 21 284
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 16 ноября 2018
Александр, Богдан, Василий, Викентий, Владимир, Иван, Илья, Иосиф, Кузьма, Николай, Павел, Петр, Сергей, Федор, Федот, Анна, Евдокия, Семен

Именины 15 ноября 2018
Константин

Госці краін
free counters
Партнеры сайта