29 Сентября 2026

Топ-5 мест, которые обязательно нужно посетить туристам в Дисне

gazeta
  • 12065

 

Дзiсна – музей пад адкрытым небам

Тут у 1579 годзе збіраў армію для паходу на Полацк польскі кароль Стэфан Баторый. У пачатку ХХ стагоддзя выступала трупа заснавальніка беларускага тэатра Ігната Буйніцкага. «За польскім часам» у мясцовай гімназіі вучыўся мастак Язэп Драздовіч. У мінулым Дзісны шмат вядомых імён і падзей. Цяпер самы маленькі горад Беларусі, які па праву называюць краязнаўчым музеем пад адкрытым небам, – прывабнае месца для вандроўнікаў.

Экскурсіі для гасцей горада на правах валанцёра праводзіць загадчык філіяла раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, гаспадыня краязнаўчага музея, што размясціўся ва ўстанове, Вольга Смаршчок. Папрасілі яе вызначыць топ-5 месцаў, якія абавязкова трэба наведаць турыстам у Дзісне.

1. Гарадскі парк

З высокага берага Заходняй Дзвіны адкрываецца від на Замкавы востраў, адкуль бярэ выток гісторыя горада. Калісьці там стаяў драўляны замак, пра што цяпер нагадваюць земляныя валы.

– Ёсць легенды, звязаныя з гэтым месцам, – заўважае суразмоўніца. – Адна з іх распавядае пра гарадскога старасту, якому княгіня Вольга, праплываючы па рацэ, не заплаціла пошліну. Паабяцала, што разлічыцца ўдвая, вяртаючыся назад. Ад доўгага чакання стараста ператварыўся ў валун, які і цяпер знаходзіцца ля вострава.

Маляўнічы від падчас прагулкі па парку адкрываецца на месца ўпадзення ракі Дзісны ў Заходнюю Дзвіну. Адметная лакацыя для фотасесій.

З 2019 года гарадскі парк стаў святочнай пляцоўкай. У апошнюю суботу чэрвеня тут праходзіць свята горада «Дзісненская хваля».

2. Руіны бальніцы

Маляўнічыя руіны гарадской бальніцы можна прыняць за колішні палац. Пабудаваная ў 1902 годзе ўстанова аховы здароўя была разлічана на сто коек. Падчас Першай сусветнай вайны немцы выкарыстоўвалі яе як афіцэрскі шпіталь.

– У гэтай бальніцы нарадзілася мая маці. Нават ведаю, дзе акенца палаты. Радзільнае аддзяленне размяшчалася на другім паверсе, – заўважае Вольга Аляксандраўна. – Першы паверх зай- малі тэрапія і дзіцячае аддзяленне. На ніжнім – цокальным – знаходзіліся хірургічнае аддзяленне, склады. Бальніца мела пячное ацяпленне, дымаходы былі ўмураваны ў сцены.

У перыяд, калі Дзісна знаходзілася ў складзе Польшчы (1921-1939 гады), на тэрыторыі бальніцы размяшчаўся помнік польскаму ваеннаму і палітычнаму дзеячу Юзэфу Пілсудскаму.

Гарадская бальніца пацярпела падчас вызвалення горада ў 1944 годзе. З таго часу будынак не быў адноўлены.

3. Паромная пераправа

– Многіх турыстаў цікавіць паромная пераправа. Гэта магчымасць бясплатна пракаціцца да супрацьлеглага берага Заходняй Дзвіны, адкуль наш горад адкрываецца з іншага ракурсу, – заўважае Вольга Смаршчок. – Паром на рацэ з'явіўся пасля Вялікай Айчыннай вайны. Да таго часу Дзісну з Луначарскім звязваў драўляны мост. Да сярэдзіны 80-х яшчэ захоўваліся палі па абодвух берагах.

Паромная пераправа ў Дзісне – адна з 16 дзеючых ва ўсёй Беларусі і адзіная ўнутрыгарадская.

4. Касцёл Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі

Пабудаваная ў 1773 годзе святыня ў ХХ стагоддзі зведала на сабе выпрабаванні і Вялікай Айчыннай вайны, і перыяду атэізму. Пасля распачатай у 2007 годзе рэканструкцыі касцёл набыў выгляд, які супадае са старымі фотаздымкамі. Аднак работы не былі завершаны.

– У 2004 годзе педагогі і выхаванцы колішняй школы-інтэрната прымалі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе, што меў на мэце выклікаць цікавасць да забытых помнікаў даўніны. Усе творчыя работы прысвяцілі касцёлу ў Дзісне, – прыгадвае Вольга Аляксандраўна.

5. Брацкая магіла ахвяр Халакоста

Дата 14 чэрвеня 1942 года – трагічная старонка ў гісторыі Дзісны. На працягу дня фашысты расстралялі
3 800 мясцовых яўрэяў.

– У гэтым месцы памяці і смутку нярэдка завяршаю экскурсію па горадзе, – адзначае суразмоўніца. – Пра самы страшны генацыд аднаго дня ведаю з расповядаў сваёй бабулі. Мой дзядуля быў яўрэем. Прабабуля – немка па паходжанні – прасіла нямецкага афіцэра захаваць яму жыццё. Той праявіў «міласэрнасць»: дазволіў прабабулі, бабулі, маёй тады яшчэ пяцігадовай маці і яе трохгадоваму браціку прысутнічаць падчас расстрэлу.

***

Як заўважыла Вольга Смаршчок, топ-5 адметных месцаў для Дзісны – мала. Літаральна на кожным метры гарадка плошчай крыху больш за пяць кіламетраў квадратных жыве гісторыя. Стогадовы мост з каменнымі палямі і двайным – драўляным і асфальтавым – пакрыццём. Уваскрасенская царква, адкуль штогод 10 жніўня скіроўваецца Хрэсны ход да храма іконы Божай Маці «Адзігітрыя». Брукаванка царскіх часоў, што захавалася на некаторых вуліцах горада. Былая сінагога, у сценах якой знаходзіцца філіял швачнай фабрыкі. Мурал з выявай Язэпа Драздовіча, што аздобіў адзін з гарадскіх будынкаў некалькі гадоў таму... Пералічваць дзісненскія адметнасці можна доўга.

– Вандроўнікаў здзіўляе, што наш горад, змяняючыся, не страчвае сваёй індывідуальнасці. Тут гісторыя гарманічна пераплятаецца з сучаснасцю, – заўважае Вольга Смаршчок. – Сярод турыстаў нямала тых, хто бывае тут не аднойчы, і кожны раз адкрывае для сябе Дзісну па-новаму.

Падрыхтавала Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Назад к списку
Следующая →

Паляванне захапляе

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]