01 Августа 2025

Духовный путь традиционного маршрута

gazeta
  • 1144

 Традыцыя для вучняў Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна – летні велапаход па Міёрскім, Глыбоцкім і Шаркаўшчынскім раёнах. На гэты раз на знаёмым маршруце выбралі маральна-духоўны накірунак: вывучалі культавыя ўстановы і іх гісторыю, гутарылі са святарамі. Таксама наведвалі помнікі воінам-вызваліцелям, ахвярам вайны, наводзілі парадак на іх тэрыторыі.

 Адпраўная кропка – дзісненскія Свята-Уваскрэсенская царква і касцёл Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі, дзе атрымалі блаславенне на паход.

Першая на маршруце – царква Узвіжання Крыжа Гасподняга ў Цвеціне. Цікавай і змястоўнай атрымалася гутарка з айцом Васілём. Распавёў пра гісторыю храма, некаторыя іконы, якія цудам былі ўратаваны ад пажару. Наступны прыпынак – храм Пераўтварэння Гасподняга ў Язне. Далей – царква святых апосталаў Пятра і Паўла ў Празароках. Тут знаходзіцца ікона святога Мікалая, якую двойчы хацелі выкрасці, але ўсё роўна вярталі ў храм. Таксама наведалі касцёл Унебаўзяцця Прасвятой Дзевы Марыі.

Як звычайна, на начлег спыніліся на беразе возера Гінькава. На адпачынку гаварылі пра святых Пятра і Феўронію, чый дзень адзначаецца 8 ліпеня. Наступнай раніцай спяшаліся акунуцца ў прахалодную ваду крыніцы Святога Іаана. Падчас экскурсіі па вёсцы Чарневічы наведалі храм пакутніцы Параскевы Пятніцы 1879 года і касцёл Святога Яна Хрысціцеля (1920-1930-х гг).

Зачараваў сведкамі даўніны аграгарадок Лужкі. Мімаволі прыходзіла параўнанне з Дзісной: шмат падобных будынкаў з чырвонай цэглы, брукаванка. Перад самымі Лужкамі – у вёсцы Гарадзец – пазнаёміліся з гісторыяй каплічкі ў гонар перамогі рускіх войск над французамі. У 1812 годзе ля месцейка адбылася вялікая бітва, у якой загінула шмат французскіх салдат. Па загадзе Напалеона іх клалі адзін каля аднаго, а жывыя салдаты, зняўшы чаравікі, насілі імі пясок і засыпалі мёртвых, кладучы радамі. Так узнік курган. Капліца з фігурай Ісуса Хрыста з'явілася па загадзе графа Плятэра, сядзібу якога мы таксама наведалі, яна захавалася да нашага часу разам з паркам.

 Пабачылі руіны сінагогі і рэшткі млына, зрабілі фота ля камня ў гонар Лэйзера-Іцхака Перэльмана, грамадскага дзеяча, мовазнаўцы, які адрадзіў іўрыт. Цёпла сустрэў ксёндз Іван. Пачаставаў чаем з цукеркамі, расказаў гісторыю касцёла Святога Міхала Арханёла, дазволіў узняцца на «хоры» і спусціцца ў падзямелле.

З гасцінных Лужкоў паехалі ў Германавічы. Наведалі музей культуры і побыту імя Я. Драздовіча, царкву ў гонар Мікалая Цудатворцы, касцёл Перамянення Пана, стараабрадчы Свята-Успенскі храм.

Прыпынак на возеры Валозева таксама меў пазнавальны складнік: тут пачынаецца экасцежка да балота Ельня, на стаянцы – слупы з мноствам заданняў на веданне прыроды роднага краю. З задавальненнем узяліся іх выконваць.

Апошняя лакацыя – вёска Мікалаёва. Пабачылі царкву Нерукатворнага Абраза Гасподняга – самую маладую на нашым шляху – і руіны касцёла Усіх Святых і Святога Антонія.

У кожнага храма свая гісторыя, свае каштоўнасці, з якімі цікава было знаёміцца. Акрамя таго, настаўнікі праводзілі ўрокі памяці, мужнасці, віктарыны пра Беларусь і здаровы лад жыцця. Спявалі песні ля кастра і падводзілі вынікі дня. Надвор'е не вельмі спрыяла, але ніхто не скардзіўся. У чарговы раз пераканаліся: на малой радзіме шмат цікавага і таямнічага. Трэба імкнуцца гэтыя таямніцы разгадаць.

Алена КРАСОЎСКАЯ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.

 

← Предыдущая

На пути к Олимпийским вершинам: история миорчанина Сергея Радишевича

Назад к списку
Следующая →

В Миорах состоялся открытый турнир по пляжному волейболу

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]