22 Ноября 2023

На пасяджэнні міжведамаснага савета па развіцці турызму абмеркавалі, якія турыстычныя паслугі развіты на Міёршчыне

gazeta
  • 1011

 Выкананне заданняў па экспарце турыстычных паслуг і развіццё аграэкатурызму ў раёне абмеркавалі на чарговым пасяджэнні міжведамаснага савета па развіцці турызму ў райвыканкаме.

 Экспарт турыстычных паслуг – асноўны зводны мэтавы паказчык дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная» на 2021 – 2025 гады, адзначыла загадчык сектара спорту і турызму Ларыса Малецкая. Планавае заданне па экспарце турпаслуг даведзена дзіцячаму санаторыю «Расінка», раённай аргструктуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, ТАА «Абстэрна», Дзісненскаму лясгасу, ДПУ «Ельня», УП ЖКГ, ПГУП «Нікафуд».

За дзевяць месяцаў паляўнічыя гаспадаркі раёна прынялі 5 843 чалавек. У іх ліку 982 замежныя грамадзяне, у асноўным з Расійскай Федэрацыі. Усяго прадалі 33 паляўнічыя туры. З іх 18 – аргструктура БТПР, 13 – ТАА «Абстэрна», два – Дзісненскі лясгас. У санаторыі «Расінка» прайшлі аздараўленне 3 597 чалавек, з іх 190 – адпачывальнікі з Расіі. Экспарт гасцінічных паслуг ажыццяўляюць УП ЖКГ і ПГУП «Нікафуд». Прынялі 1 313 пастаяльцаў, у тым ліку 97 расіян.

У цэлым тэмп росту экспарту турпаслуг сёлета меншы, адзначыла Ларыса Малецкая. Адной з асноўных прычын стала пажаранебяспечная сітуацыя ў лясных і балотных масівах, што назіралася ў цёплы перыяд. У сувязі з забаронай на наведванне лясоў і балот даводзілася адмяняць запланаваныя паляўнічыя туры і экскурсіі на экасцежку «Азяраўкі».

Так, дырэктар ДПУ «Ельня» Іван Барок заўважыў, што падчас міжнароднай выставы-кірмашу ў красавіку заключылі дагаворы на экскурсійнае абслугоўванне з Пскоўскім і Наўгародскім рэгіёнамі РФ. У маі – чэрвені туры адмянілі, у далейшым ад іх паслуг адмовіліся. Вынікам перамоў з прадстаўнікамі Праграмы развіцця ААН стала наведванне заказніка «Ельня» дзвюма замежнымі групамі. У іх складзе грамадзяне Швейцарыі, Германіі, Аўстрыі, Славакіі. Усяго за сезон супрацоўнікі ДПУ «Ельня» правялі экскурсіі для 696 наведвальнікаў.

Абмеркавалі падчас нарады пытанне манетызацыі наведвання экасцежкі «Азяраўкі». Прагуляцца па ёй можа кожны бясплатна, а на рамонт выдаткоўваюцца бюджэтныя сродкі. На тэматычным стэндзе ля сцежкі размешчаны QR-код для добраахвотнай аплаты. Гэта дае пэўны вынік. Да прыкладу, адзін з разавых плацяжоў склаў 300 рублёў. Між тым далёка не ўсе звяртаюць увагу на QR-код ці маюць жаданне разлічыцца за прыемную прагулку. Пытанне платнага наведвання экасцежкі патрабуе вывучэння і абгрунтавання. Перш-наперш – юрыдычнай экспертызы.

План па экспарце турпаслуг толькі на трэць выканала за дзевяць месяцаў ТАА «Абстэрна». Таксама адыграла сваю ролю летняя пажаранебяспечная сітуацыя, з-за чаго адмянялі паляўнічыя туры. Да канца года запланаваны яшчэ тры туры. Як паказвае практыка, менавіта паляванне позняй восенню і зімой прыносіць асноўную частку даходаў.

Магчымасць арганізаваць навагодні тур вывучаюць у санаторыі «Расінка». У мінулым годзе аднавілі гэтую паслугу пасля кавіднага перыяду. Рабілі стаўкі на расіян, аднак 50 на 50 скарысталіся ёй як грамадзяне Расійскай Федэрацыі, так і беларусы. Між тым на адпачынак сёлета прынялі больш расіян, чым у мінулым годзе.

 З 1 студзеня 2023 года набыў моц указ № 351 «Аб развіцці аграэкатурызму», які ўнёс карэктывы ў дзейнасць аграэкасядзіб, нагадала Ларыса Малецкая. З нормамі ўказа суб’ектаў аграэкатурызму, фізічных асоб, якія планавалі прадоўжыць ці распачаць дзейнасць у гэтай сферы, падрабязна азнаёмілі.

У выніку з 31 аграэкасядзібы на Міёршчыне працягваюць дзейнічаць 13. 20 гаспадароў паведамілі аб спыненні дзейнасці, з іх 16 перайшлі на аказанне паслуг па прадастаўленні жылля для кароткачасовага пражывання з уплатай падатку на прафесійны даход. Трое цалкам спынілі дзейнасць.

Цяпер гаспадары аграэкасядзіб маюць права на аказанне дзесяці відаў паслуг. Пры гэтым турыстам абавязаны прадастаўляць не менш за дзве. У ліку абавязковых – азнаямленне з мясцовымі адметнасцямі, прадастаўленне пакояў для пражывання або арганізацыя харчавання. Да прыкладу, на аграэкасядзібе «Конны дворык» у Старым Пагосце ладзяць прагулкі на конях і навучаюць навыкам верхавой язды, частуюць дамашняй выпечкай. Яшчэ па заяўках турфірм арганізоўваюць харчаванне для экскурсійных груп. Апітэрапію прапануюць гасцям на аграэкасядзібе «Багудзенькі» ў Орцах. Таксама ў распараджэнні турыстаў пакоі для пражывання. Экскурсіі на балота Ельня, майстар-класы па валянні з воўны і прыгатаванні страў нацыянальнай кухні ў рускай печы чакаюць гасцей аграэкасядзібы «Ля вадаспада» ў вёсцы Бабарыкі.

Як падкрэсліла загадчык сектара спорту і турызму Ларыса Малецкая, разам з аказаннем вызначаных паслуг гаспадарам аграэкасядзіб неабходна забяспечваць бяспечныя ўмовы для адпачынку турыстаў, выконваць санітарныя нормы.

 Падводзячы вынікі пасяджэння, старшыня райвыканкама Сяргей Сямёнычаў падкрэсліў, што турыстычныя паслугі – гэта цэлы комплекс. Каб прапаноўваць іх на належным узроўні, трэба стварыць адпаведную інфраструктуру: ад чыстых вуліц да ўтульных кафэ. Без гэтага не будзе размовы пра рост экспарту турпаслуг. Людская гаворка ідзе наперадзе любой рэкламы і інтэрнэта. Кожнаму на сваім месцы варта пра гэта падумаць.

Кацярына Рынкевіч.

Фота з архіва рэдакцыі.

← Предыдущая

Новополоцкая воднолыжница Мария Козельская установила новый мировой рекорд

Назад к списку
Следующая →

О бильярде как интеллектуальной игре рассказал Александр Михайлов из Миор

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]