Воспитатель Мария Подява работает с детьми почти 35 лет

gazeta
  • 8091


Кожная змена ў выхавацеля дзіцячага сацыяльнага прытулка Марыі Падзява пачынаецца з абдымкаў. Гэта даўняя завядзёнка. На пэўны час установа становіцца домам для дзяцей, якіх забралі ў бацькоў. Разам з камфортнымі ўмовамі важна падарыць ім цеплыню.

Прафесія дзіцячай мары

Як заўважае Марыя Мечыславаўна, ёй найбольш лёгка знаходзіць агульную мову з дзецьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Больш за дваццаць гадоў педагог дашкольнай адукацыі займалася з выхаванцамі дзіцячага сада.

– Быць выхавацелем марыла з дзяцінства. Скончыла педвучылішча ў 1991 годзе і па размеркаванні прыехала ў Пераброддзе. Калі ў 2015-м садок перастаў дзейнічаць, прапанавалі работу ў дзіцячым сацыяльным прытулку ў Дзісне. Дабіраюся на аўтобусе, – расказвае сваю гісторыю.

У ліку абавязкаў – суправаджаць дзяцей у школу і сад, забіраць пасля заняткаў, дапамагаць падчас самападрыхтоўкі, арганізоўваць вольны час. Мерапрыемствы прапаноўвае розныя. Напрыклад, гульня-гутарка па здаровым ладзе жыцця, віктарына аб прафесіях. Падлеткаў азадачвае тэстамі, якія дапамагаюць ім бліжэй знаёміцца з сабой. Да кожнага з выхаванцаў важна знайсці падыход.

Складана быць строгай

– Дзеці розныя. Адны адкрытыя і шчырыя, адразу ідуць на кантакт. Іншыя спачатку замыкаюцца ў сабе, ім патрэбны час на адаптацыю, – заўважае выхавацель. – Заўсёды радуюся, калі нашы выхаванцы вяртаюцца ў родны дом. Хочацца, каб усё наладзілася ў іх сям’і. На жаль, здараюцца сітуацыі, калі праз час зноў сустракаемся ў прытулку. Як правіла, дзеці не перастаюць любіць сваіх бацькоў, абараняюць іх, знаходзяць апраўданні іх учынкам.

Са слоў Марыі Мечыславаўны, яна штораз прывыкае да дзяцей, памятае кожнага. З выхаванцамі спакойная і добразычлівая. Таму тыя здзіўляюцца, калі ў яе голасе гучаць металічныя ноткі.

– Характар у мяне мяккі, дзеці гэта адчуваюць. Складана быць з імі строгай, але часам гэта патрэбна, – адзначае педагог. – Хочацца, каб тут – па-за домам – нашы выхаванцы таксама адчувалі клопат і цеплыню.

Сюжэты для гісторый

Нярэдка выхавацель вязе з дома на работу шарлотку. Пачастунак для калег і дзяцей. Такую выпечку найбольш лю- біць гатаваць.

У планах на пенсіённую будучыню – разводзіць кур розных парод. У свой час вялікую гаспадарку трымалі, цяпер на падворку ў Пераброддзі толькі звычайныя куры.

Яшчэ адна мара Марыі Мечыславаўны – пісаць. Школьніцай складала вершы. І цяпер чытае на памяць паэтычныя радкі пра родныя Міёры, напісаныя ў дзень яе 12-годдзя.

Захоўваюцца ў асабістым архіве некалькі апавяданняў з юнацкай пары. Падабаецца чытаць жыццёвыя гісторыі ў перыядычных выданнях. Вакол сябе назірае розныя дзіцячыя лёсы. Можа быць, з часам гэта стане сюжэтам для літаратурных твораў на аснове рэальных падзей. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 

← Предыдущая

Пояснила нюансы в вопросах пенсионного обеспечения Ирина Иванова

Назад к списку
Следующая →

Рамантуем царкву разам

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]