09 Августа 2011

Язненшчына вачыма святароў

gazeta
  • 453

Матэрыял падрыхтаваны на падставе царкоўна-прыходскага летапісу Язненскай Спаса-Прэабражэнскай царквы, перакладзенага на сучасную беларускую мову. Спадзяюся, што ён будзе карысным не толькі тым, хто цікавіцца мінулым маёй вёскі, але і выкладчыкам гісторыі. Але трэба ўлічыць, што запісы зроблены людзьмі свайго часу з іншым бачаннем і ацэнкай падзей. З 1880 па 1898 год летапіс вёў настаяцель Якаў Аляксандравіч Архангельскі, ён закончыў Цвярскую духоўную семінарыю, працаваў настаўнікам у народных школах Цвярской і Ковенскай губерній і горадзе Коўна.

                                                                                                    

Вёска Язна знаходзіцца ў 16 вярстах ад павятовага горада Дзісна, у 212 вярстах ад губернскага цэнтра Вільня і ў 30 — ад станцыі Боркавічы Віцебска-Дынабургскай чыгункі. Мясцовасць атрымала назву ад бліжэйшага маёнтка пана Корсака і нізіннага становішча паміж азёрамі і балотамі.

 

Месцазнаходжанне Язна пагорыстае. Азёры злучаны невялікай (у вярсту) рачулкай з малога ў большае. Малое возера не болей 1,5 вярсты ў даўжыню і 20 сажняў у шырыню, большае адпаведна 3 вярсты прыкладна на 100 сажняў. Яны даволі рыбныя і належаць пану Корсаку, які перадаў вадаёмы ў арэнду яўрэям, таму сяляне рыбнай лоўляй не займаюцца.

 

Насельніцтва Язна — адны сяляне, былыя прыгонныя пана Раймунда Корсака, выключна праваслаўныя. Толькі ў суседнім Пуцяцінскім прыходзе 10 сем’яў змешанага рымска-каталіцкага і праваслаўнага веравызнанняў. Старавераў, мусульман у прыходзе няма. 5 яўрэйскіх сем’яў арандуюць сялянскую зямлю і часткова займаюцца вінным гандлем. Ні рэлігійнага, ні палітычнага цэнтраў у Язненскім прыходзе няма, мясцовасць у гістарычным значэнні нічым асаблівым не адметная.

 

Размаўляюць усе ў акрузе выключна на рускай мове, бо большасць насельніцтва рускія (беларусы нідзе не ўпамінаюцца).

Царква ў гонар Прэабражэня Гасподняга драўляная, пабудавана ў 1828 годзе ўладальнікам маёнтка Раймундам Корсакам, які быў фундатарам і патронам прыходу. Яна стаіць сярод сяла на плошчы не болей 20 сажняў у шчыльным акружэнні сялянскіх пабудоў з саламянымі стрэхамі, што стварае страшэнную і безвыходную небяспеку ў выніку пажару. Храм быў узведзены толькі на некаторы час, да будаўніцтва больш велічнага на месцы згарэўшай царквы, якое зараз занята праваслаўнымі могілкамі (месца сучаснай царквы).

 

І там, дзе цяпер стаіць царква (зараз там вялікі крыж і магіла матушкі Архангельскай), таксама былі могілкі. Сведчанне таму — чалавечыя косці, знойдзеныя пры рамонце падлогі ў 1879 годзе ўнутры пад сценамі. У храме ёсць абраз Нямецкай Божай Маці, вытанчана выкананы па дрэве і ахвяраваны з кабінета Гасудара Імператара Аляксандра ІІ.

 

Царква займае бачнае месца ля былой дарогі з Дзісны ў мястэчка Лужкі і Глыбокае. У прыходзе двое могілак (у Язне і ля вёскі Заазерцы). У Пуцяцінскім іх 5: Паўлавіцкае, Пуцяцінскае, Валатоўскае, Амбросенскае і Копаравіцкае. Ёсць яшчэ закрытыя пры вёсцы Гаравыя з выпадку халернага тыфу ў 1848 годзе. Усе могілкі агароджаны драўлянымі каламі, надмагільных помнікаў няма, толькі драўляныя крыжы. Пахаваны выключна адны сяляне і былыя святары.

 

Усе прыхаджане літоўскага заходне-рускага племя, усяго 2172 душы, з іх мужчынскіх 1128 і жаночых 1144. Рэлігійна-маральнае становішча добрае. Ёсць, вядома, п’янства, незаконнае сужыццё, крадзяжы і інш. Але гэта выключна рэдкія выпадкі.

 

Гадавыя святы прыхаджане ўшаноўваюць аднолькава і па-хрысціянску, а прастольныя — дзень Прэабражэння Гасподня ў Язне і Пакроў Божай Маці ў Пуцяціна — святкуюцца як храмавыя, з асаблівай урачыстасцю. У народных звычаях нічога асаблівага няма, акрамя агульнавядомых пахавальных абедаў, памінання памерлых у Дзімітраўку, якія суправаджаюцца папойкай з закускай на магілках усіх памерлых у гэтым годзе. Такі звычай вядомы пад назвай “абкладзіны”. Тут жа раздаецца міластыня жабракам.

 

Пры нараджэнні дзяцей частуюць дома кожнага, хто зайшоў. Віншаванні бацькоў з нованароджаным працягваюцца да заканчэння хрэсьбінаў і бываюць вельмі разбуральнымі для небагатых сялян.

Пры заключэнні шлюбу, як і пры пахаванні, выпіваецца нямала гарэлкі, інакш ніхто не прыйдзе на вяселле ці пахаванне.

 

Усе гэтыя звычаі так укараніліся ў народзе, што спыніць іх вельмі цяжка. Пры ўніі пахаванне адбывалася без святара, і частаванне гарэлкай было адзіным сродкам для збору людзей. У мэтах эканоміі сяляне нярэдка прасілі пахаваць памерлых да заканчэння трох сутак. А народзіны як шчаслівая падзея ў сямейным жыцці працягваліся ад 3 дзён да 1 тыдня і суправаджаліся вельмі шчодрым частаваннем.

У народзе вельмі цанілася чысціня. Так, дзіцятка пасля нараджэння купалі кожны дзень, каб яно хутчэй расло і было здаровым.

 

Пераважны занятак жыхароў Язна — земляробства. Сяляне не надта заможныя, хаця ў апошнія гады пасля вызвалення іх ад прыгоннай залежнасці побыт матэрыяльна палепшыўся. Толькі атрыманая воля — магчымасць мець больш вольнага часу і кішэнныя грошы на выпіўку, фарсістасць сярод моладзі не абагачаюць, а хутчэй даводзяць вяскоўцаў да галечы. Малазямельныя ідуць на заробкі на заводы С. Пецярбурга і на будаўніцтва чыгунак.

 

Рамёствы паміж сялянамі развіты слаба. Свае сталяры, кавалі, шаўцы і краўцы-самавучкі, выконваюць простыя работы. Рамёствамі займаюцца ў асноўным салдаты, малазямельныя і пакалечаныя.

 

Узровень разумовага развіцця вельмі абмежаваны. У прыходзе адно народнае вучылішча, у якім штогод мяняецца колькасць вучняў. Гэта часткова залежыць ад ураджаю збожжа і поспехаў педагагічнай дзейнасці. Вучняў бывае ад 20 да 30 хлопчыкаў. Пры адкрыцці ў 1875 годзе пры былым настаўніку Рачыле хадзіла ў школу 60-70 чалавек. Вучылішча адкрыта на мясцовы сялянскі грашовы ўзнос падворна. Будынак добры, светлы і ўмяшчальны. Настаўніца атрымлівае ад прыходу ссыпшчыну зернем, ацяпленне, асвятленне і служанку.

 

У Язне з 1861 года  знаходзіцца валасное праўленне на адной плошчы з народным вучылішчам. Іншых грамадскіх і дабрачынных устаноў няма. У склад Язненскай воласці ўваходзяць Язненскі, Пуцяцінскі, Цвецінскі, частка Чарневіцкага, Дзісенскага і Блошніцкага прыходаў, 400 двароў.

 

У 70-х гадах пачаўся збор сродкаў на новую цагляную царкву. Графіня Арлова-Давыдава ахвяравала ў 1879 годзе 10 рублёў. Было вырашана, што на будоўлю кожны гаспадар даставіць па сажню камення, драўніны, пяску, выдзеліць па аднаму работніку.

 

У 1880 годзе Язна наведаў Віленскі губернатар Сцяблян Калянскі, які паабяцаў садзейнічаць будаўніцтву новай царквы, але смерць перашкодзіла гэтаму. У тым жа годзе адбылася моцная навальніца, здавалася, што ад моцнага грому хісталіся будынкі, а ад маланкі нібы гарыць уся зямля. Ад моцнага ліўня зрабілася вялікае разводдзе. Адбыліся 4 пажары ў розных месцах, у тым ліку адзін у пана Корсака ў маёнтку.

 

Большасць сялян — людзі небагатыя, але жабрацтва сярод іх зусім няма. У выпадку якой бяды — пажару, выбіцця ўраджаю градам і інш., заўсёды з кожнага гаспадара збіраецца дапамога ад няшчасця.

І. МІКАЛАЕВА.

(Працяг будзе).

 

 

 

 

← Предыдущая

В городском парке «Полуостров» прошли обучающие занятия по безопасности для воспитанников лагерей

Назад к списку
Следующая →

На раённай дошцы гонару

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]