Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Социальный вектор: В белорусских школах детей начнут учить защищаться от мошенников и правильно тратить деньги
Профилактика: Государственная инспекция по маломерным судам информирует
Спорт: На пути к Олимпийским вершинам: история миорчанина Сергея Радишевича
Социальный вектор: Торговля с душой: как работает магазин «Пачастунак» в Черессах
АПК: Человек дела: как миорчанин Сергей Михайлов готовит почву к будущему урожаю
В гидрологическом заказнике болота Мох состоялась встреча выпускников 1984 года Миорской СШ № 2.
У гідралагічным заказніку Балота Мох адбылася сустрэча выпускнікоў 1984 года Міёрскай СШ № 2.
У пару майго маленства школы падзяляліся на «васьмігодкі» і «сярэднія» з васьмігадовым і дзесяцігадовым навучаннем адпаведна. Таму першы мой выпускны адбыўся ў 1982 годзе з Мілашоўскай васьмігадовай школы, другі – у 1984-м – з Міёрскай СШ № 2. Для майго далейшага аповеду гэта істотная заўвага.
Мае аднакласнікі па Мілашоўскай васьмігодцы зладзілі два гады таму – у 2022-м – сустрэчу праз сорак гадоў. «Мы малодзенькія і харошанькія» – так назвала я расповяд пра нашу сустрэчу, які друкаваўся ў раённай газеце «Міёрскія навіны». На яго адгукнуліся аднакласнікі-міёрцы, загарэўшыся сустрэцца таксама.
Мінула два гады. Яшчэ маладзейшыя і харашэйшыя, праз сорак гадоў пасля выпуску з Міёрскай СШ № 2 сустрэліся і выпускнікі нашага 10 «А»!
Наш 10 «А» і светлай памяці класная кіраўніца Ганна Львоўна Кавалевіч заўжды былі лёгкімі на пад’ём і ахвочыя да рознага крэатыву. Мы ла-дзілі агнявыя вечары, ездзілі на «Зарніцы», выпускалі насценгазеты, урокі беларускай і рускай літаратуры пачыналі з чытання лірычных вершаў…
Праз сорак гадоў праверылі: прага крэатыву і прыгодаў ад нас нікуды не падзелася! Пачалі абмяркоўваць фармат сустрэчы і вынайшлі самы незвычайны з магчымых.
Касю Казачонак (Карніцкую) сёння ведае і Беларусь, і замежжа як супергіда па балотных прасторах гідралагічных заказнікаў Ельня і Балота Мох. Пра яе здымаюць фільмы, пішуць СМІ, яе называюць каралевай балотаў. Грэх не скарыстацца нагодай і не папрасіцца на экскурсію да Касі, падумалася арганізатарам сустрэчы – і Кася з радасцю пагадзілася!
Апушчу падрабязнасці нашых доўгіх перапісак у чаце «Аднакласнікі», высвятленні падрабязнасцяў пра тое, як будзем накрываць стол… Выснова была такая: галодных зараз няма, на пачастунак кожны нешта прынясе да агульнага стала – і даволі. Прыгодаў жа зашмат не бывае! Ну, а дрэс-код задаваў фармат сустрэчы: убіраліся па-паходнаму, замест абцасаў і наваксаваных чаравікаў аднакласнікі прыйшлі ў гумовіках.
Забягаючыся крыху наперад, скажу: арганізатары былі такія апантаныя авантурнай ідэяй, што трошкі не падумалі, ці ўсе маюць фізічныя сілы і здароўе скакаць па балоце. Магчыма, таму нас урэшце сабралася няшмат. А, магчыма, нас не сабралася б болей нават калі б мы прыбраліся па-святочнаму і сустракаліся дзесьці ў кавярні – верагодна, прыйшлі б адны і тыя ж людзі. Было як было, астатняе невядома.
Вось пра тое, як было, і раскажу.
«Нас мало, но мы в тельняшках», – дакладна пра наш 10 «А» на сустрэчы. Віктар Калкоўскі прыехаў з Фаніпаля. Я – з Мінска. Грэта Баравік(Катовіч)настойліва дабіралася з Міёраў.
Віктар уразіў усіх сваёй падрыхтоўкай. Адкрыў багажнік машыны, а там і мабільная лядоўня, і стол з крэсельцамі, і мангал, і вядро варыць юшку, і трынога пад яе, і пластыковыя кантэйнеры з усялякім начыннем: вадкае мыла, сурвэткі, торбачкі, запалкі… Усяго не пералічыць, скажу толькі – што б падчас нашага пікніка ні спатрэбілася, Віця як казачны чарадзей даставаў са сваіх скрынак і скрыначак у багажніку. У адказ на наша здзіўленне сцісла і сціпла адказаў, што дваццаць пяць гадоў службы ў войску (Віктар Калкоўскі – падпалкоўнік у адстаўцы), збораў і выездаў навучылі жыць у паходных умовах і быць гатовым да ўсяго. Ну і, канешне ж, найперш – самому вырашаць задачы і праблемы, якія ўзнікаюць.
Грэту мы ў балота не заманілі ніякімі пернікамі. Затое яны з Васілём Казачонкам, мужам Касі, ласкава пагадзіліся чакаць нас на хутары ў Храброве, варыць юшку з рыбы, якую навудзіла Кася загадзя, і смажыць шашлыкі.
Паколькі фармат сустрэчы не забараняў быць з мужамі і жонкамі, мой чалавек таксама быў з намі. Разам з ім і правадніцай Касяй наш атрад вандроўнікаў у чатыры чалавекі адважна рушыў насустрач прыгодам па Балоце Мох.
Мы ішлі да балотнага возера, а па дарозе Кася расказвала нам пра лес на подступах да балота, пра балотныя астравы, азёры, расліны і насельнікаў.
– Бачыце пацёртасці на дрэвах на рознай вышыні? – пытала Кася. – Тут чухалі спінкі дзікі і ласі… А вось гэтая нібыта простая дошка з расколінай – даўнейшая пастка на ваўкоў… Вось гэтая раслінка – шэйх-сцэрыя балотная – расце там, дзе пачынаецца дрыгва, таму будзьце пільнымі и не лезьце туды!
Вось сфагнум – мох з унікальнымі ўласцівасцямі. Ён мае бактэрыцыдныя якасці, таму людзі здавён карысталіся ім як перавязачным матэрыялам. Сфагнум даўней выкарыстоўвалі і як памперсы.
Пад намі – дзевяць метраў торфу. Гэта значыць, Балоту Мох дзевяць тысяч гадоў, бо па адным міліметры на год прыбывае тарфянога слою.
Балота ў дваццаць разоў мацнейшы, чым лес, ачышчальнік паветра, – як з рога ўсяго многа сыпала цікавосткамі Кася…
Усе мы не ўпершыню былі на балоце. Усё ж выраслі на Міёршчыне і традыцыйна штовосень ходзім браць журавіны і брусніцы. Але паход з Касяй можна параўнаць з падарожжам па замежжы з перакладчыкам і экскурсаводам – ці без іх. Усюды можна проста круціць галовамі на бакі і карміць вочы. Але любое падарожжа куды цікавейшае, калі ёсць праваднік і тлумач. Пагатоў, такі як Кася – закаханы ў кожную травінку. Яна гаворыць з дрэвамі, травой, вадой. Ад іх, кажа Кася, яе дужасць і энергія.
Падыходзім да высачэзнай елкі на балотным востраве. Кася расказвае, як калісьці ра-зам з малымі сынамі ўзбіраліся на яе і ўсё Балота Мох бачылі як на далоні.
Подзвіг «елкалазання» паспяхова бярэцца паўтарыць Віктар Калкоўскі – ён у выдатнай фізічнай форме. Гонарам за аднакласніка поўніцца душа: якія нашы гады! Віця, ты герой!
Разам з Касяй мы зыбаліся на імху, хадзілі краем балотнага возера і, урэшце, скокнулі ў яго і паплылі! Шчыра скажу, рэдка з чым параўнальная стрэсатэрапія. Калі водарасці казычуць, прагрэты сонцам верхні слой вады грэе душу і цела, а ніжні, студзёны, працінае да дрыжыкаў, усе негаразды свету на нейкі час знікаюць.
Наперадзе ж яшчэ атракцыён па карасканні на бераг, якога ў балотнага возера, па сутнасці, няма! Чапляешся за падводныя карані раслінаў, упіраешся нагамі ў зыбкі мох, ледзь жывы вылазіш з вады – як наноў на свет нараджаешся. Праверана асабіста!
З балота выбраліся жывымі і не пашкоджанымі. Вяртаемся, і я распытваю Касю пра людзей, якія бываюць у яе. Ці можа яна назваць самых незвычайных гасцей? Сярод іх – і кітайцы, і афрыканцы, не кажучы ўжо пра беларусаў, расіян, еўрапейцаў.
– Была ў мяне жанчынка з чатырохмесячным немаўляткам, – расказвае Кася. – Яна яго нясе, пакорміць – і далей рушым. А яшчэ – жанчына, восемдзесят адзін год, былая альпіністка. Яна ўсё жыццё марыла пабываць на балоце і здзейсніла сваю мару, бо захавала выдатную фізічную форму.
Думаю, пасля нашай сустрэчы праз сорак гадоў на балоце аднакласнікі дапоўняць спіс дзівакоў, якіх прымала Кася.
Нарэшце паехалі на хутар Храброва, дзе стаіць хатка Касінай бабулі. Тут зараз гаспадарыць Кася. Цярпенне той часткі нашай каманды, якая засталася чакаць на беразе, проста жалезнае – мы доўга вандравалі.
На хутары нас чакаў сюрпрыз! Пакуль мы прападалі на балоце, да Храброва даехала наша аднакласніца Венера Новікава! Яна даўно жыве ў Швецыі, але часта бывае ў Беларусі. Вось і зараз супалі яе прыезд і сустрэча з аднакласнікамі. Над шашлыкамі і юшкай чаравалі Васіль Казачонак і муж Венеры, даўшы аднакласніцам Грэце і Венеры нагаварыцца ўдосталь. Да сустрэчы крыху пазней і анлайн далучылася наша чароўная Жаначка Касперская – мы перамаўляліся з ёй праз акіян, бо Жана даўно жыве ў Канадзе.
Далей – болей. Віктар Калкоўскі, які не стамляўся здзіўляць, датэлефанаваўся нашай настаўніцы матэматыкі Нэлі Мікалаеўне Бамбізавай і сілай сваёй пераканаўчасці ўгаварыў далучыцца да сустрэчы. Вось гэта быў сюрпрыз дык сюрпрыз!
– Я мела толькі паўгадзіны на зборы, – ківаючы на летні абутак, кажа наша настаўніца.
Як і раней, усмешлівая, па-юначаму гарэзлівая, хоць і пафарбаваная гадамі ў серабро, наша Нэлі Мікалаеўна ззяе і атуляе сваіх вучняў цёплымі ўспамінамі і мілымі сэрцу падрабязнасцямі.
Віктар Калкоўскі для яе найбольш пазнавальны ў профіль – бо памятае, як ён сядзеў за партай ля акна і задумліва глядзеў у неба. Я найбольш выразна помнюся ёй у строгім чорным касцюме, калі выпадкова перасекліся ў Міёрах падчас маёй студэнцкай практыкі і я праводзіла яе да дому. Венеру і Грэту Нэлі Мікалаеўна хваліць за стараннасць і адказнасць. Яшчэ кажа, што памятае вочы кожнага з нас – якімі яны былі, калі мы глядзелі на класную дошку з-за партаў і якімі – калі стаялі ля дошкі і рашалі прыклады.
Ад гэтых дробязяў сціскаецца сэрца.
«Меньше всего любви достается нашим самым любимым людям…» – так спяваецца ў адной бардаўскай песні.
Гэта праўда. Не ўсе людзі ад пачатку валодаюць разуменнем каштоўнасці тых, хто побач і поруч, з кім зводзіць жыццё па месцах нараджэння і вучобы.
– Сорак гадоў не сябравалі, не сустракаліся – і вось сабраліся, трэба сябраваць, – заўважыла Грэта.
З песні слоў не выкінеш, што праўда, тое праўда.
Але ж заўжды ёсць шанец паразумнець! Псіхолагі сцвярджаюць, што ў сталым веку, калі новыя сябры знаходзяцца і набываюцца цяжка – альбо не з’яўляюцца зусім – ёсць шанц наладзіць страчаныя масты з сябрамі дзяцінства і юнацтва.
Спадзяюся, у нашай невялікай групы аднакласнікаў гэта атрымалася.
Былі і шчымлівыя згадкі пра школу і настаўнікаў, і юшка з рыбы, якую навудзіла Кася, і шашлыкі, якія смажылі нашы рыцары, і «Ламбада» з сапраўдным калумбійцам, якога завуць Оскар (апынуўся сярод нас, аднакласнікаў, і такі далёкі госць у фармаце «з мужамі і жонкамі можна»), і падарункі ад гаспадыні хутара Касі – слоікі мёду ад сваіх пчол, а яшчэ магніцікі, значкі і паштоўкі з выявай балотаў Мох і Ельня.
Пасля ўсёй кампаніяй рушылі да мяне ў Мілашова – паглядзець выставу нашай унучкі, юнай мастачкі Арыядны. Выстава ладзілася на тэрасе сямейнай мастацкай галерэі «Пуня». Пасля гасцей правялі з кароткай экскурсіяй па Ідолце і Мілашове…
Ахвотных паглядзець загадкавыя маладзільныя камяні ў лясах Міёршчыны назаўтра раным-раненька Кася павяла ў паход. Мы сустрэліся з Вялесавым камянём, пабачылі камень-лекар, куды здавён хадзілі ацаляцца людзі і нават жывёлы.
Пасля мне з сям’ёй трэба было вяртацца ў Мінск, а Віктар, Кася і Венера ва Узмёнах сустрэліся з Людмілай Малец (Людачкай Анашка). Яна б хацела, але праз абставіны не змагла далучыцца да нас у Храброве. Што ж, як кажуць – калі гара не ідзе да Магамета, Магамет ідзе да гары…
У чат «Аднакласнікі» сыпаліся і сыпаліся фатаздымкі і цёплыя словы, падзякі адзін аднаму за сустрэчу і падораныя цеплыню і эмоцыі.
Развітваліся – і абяцалі сустрэцца зноў. Наступным
разам, відаць, у больш універсальным фармаце. Не ў балоце, а проста на зямлі. Не ў гумовіках, а ў наваксаваных чаравіках і туфліках на абцасах.
Усяк можна, абы жывыя і маладыя душой і сэрцам. Але тое, што адбылося – ужо назаўжды застанецца з намі.
Дзякуй, дарагія аднакласнікі! Дзякуй, сусвет, за дараваную магчымасць!
ЭпілогАдзін з самых чароўных момантаў нашай сустрэчы, падаецца мне, – малады запал і фізічная рухавасць усіх удзельнікаў.
Наш фармат быў не за сталом пасядзець і пабяседаваць. Экспромт, сюрпрызы і нечаканасці суправаджалі нас на працягу дня. Усе вымушаныя ад’езды, вяртанні, змены ў планах і іх карэкцыя ўспрымаліся так арганічна і добразычліва, што было сталае адчуванне супрацы ў камандзе, дзе адзін аднаго разумее з паўслова.
Гэта вельмі крутое адчуванне! Каб яго перажыць, варта было і па балоце патэпаць, і на сушы паскакаць. Вельмі спадзяюся, што ў наступную сустрэчу аднакласнікаў паболее.
Яшчэ раз асобна ад усіх нас – аднакласнікаў – перадаю падзяку гаспадарам сядзібы Касі і Васілю Казачонкам за іх гасціннасць і шчодрасць. Нэлі Мікалаеўне Бамбізавай – кланяемся і дзячым за гонар быць з Вамі. Праз гады дасылаем словы падзякі і шанавання нашым настаўнікам СШ № 2, перадаём прывітанне аднакласнікам, якія (спадзяёмся) далучацца да нашай кампаніі ў наступны раз. Да новых сустрэч, сябры!
Алена МАСЛА.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.