31 Августа 2023

Сям’я ТАБОЛА з Дзісны бачыць шчасце у дзецях, дабрабыт – у працы

gazeta
  • 704

 Кахаць – гэта не значыць глядзець адзін на аднаго, кахаць – гэта значыць глядзець у адным накірунку, заўважаў Антуан дэ Сэнт-Экзюперы. Размаўляючы са шматдзетнай сям’ёй ТАБОЛА з Дзісны, разумееш, што пісьменнік меў на ўвазе. Аляксандр і Вольга ставяць перад сабой мэты і дасягаюць іх. Вынік сямейнага саюза – тры дачушкі, а галоўны арыенцір – іх шчасце.

Так атрымалася, што сустракаемся з сямейнай парай не разам, а па чарзе. Пакуль гаспадыня даглядае дачушак дома, гаспадар заняты на працы. Вольга проста і без прыкрас расказвае пра сямейныя клопаты. Пазней да нас далучаецца Аляксандр, у якога на размовы часу не так шмат, бо заехаў толькі паабедаць. Задаю адны і тыя ж пытанні мужу і жонцы – адказваюць аднолькава, амаль аднымі і тымі ж словамі. Здзіўляюцца – а як інакш?!

Гісторыя кахання Таболаў бярэ пачатак з адной марознай раніцы. Аляксандр прыгадвае, як у сябра не завялася машына, і ён папрасіў падвезці сястру – яго аднакласніцу – на работу ў Сіцькова. Тая, расказваючы навіны, паведаміла, што ў школе працуюць маладыя спецыялісты. Суразмоўнік жартам заўважыў, што трэба пазнаёміцца. Праз некалькі месяцаў сустрэча ўсё ж адбылася, маладыя людзі спадабаліся адно аднаму.

Так аршанка Вольга, якая напачатку планавала толькі адпрацаваць размеркаванне, засталася на Міёршчыне. Пытанняў, дзе жыць маладой сям’і, не ўзнікала.

– Муж з Дзісны, у абодвух тут была работа, і ўсё задавальняла. Пасля вяселля першыя два гады здымалі дом. Пасля купілі кватэру, цяпер рыхтуемся пераехаць ва ўласны дом, – гаворыць гаспадыня.

Гэты шлях муж і жонка прайшлі разам, падтрымліваючы адно аднаго. Не баяліся цяжкасцяў, разлічвалі толькі на сябе. Падтрымала дзяржава. На сваё першае жыллё ўзялі спажывецкі крэдыт, праз некалькі гадоў зноў аформілі пазыку. Планавалі выкарыстоўваць набыты дом пад дачу, а калі з’явілася на свет трэцяя дачушка, узяліся за яго рэканструкцыю. Аказаўся вельмі дарэчы крэдыт пад 3 %, які выдаюць жыхарам населеных пунктаў з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек.

Увесь вольны час муж і жонка праводзяць на ўчастку. На плячах Аляксандра ўсе будаўнічыя клопаты. Вольга стварае ўтульнасць, вырошчвае на падворку кветкі і даглядае дачушак – адзінаццацігадовую Карыну, Ганну, якой хутка споўніцца сем, і двухгадовую Міру.

– Шчасце ў дзецях. Галоўнае, каб яны былі здаровыя, – упэўнена шматдзетная матуля і дадае: – Муж хоча яшчэ і сына.

Усе важныя рашэнні прымаюць разам, прыслухоўваючыся адно да аднаго, узважваючы ўсе варыянты. На пытанне пра галоўныя каштоўнасці ў сямейным жыцці пералічваюць: узаемаразуменне, павага, уменне саступаць.

Напрыклад, не перажываюць бацькі, калі дачушкі малююць па шпалерах. Гэта развівае творчыя здольнасці і фантазію, а рамонт можа крыху пачакаць. Пяцікласніца Карына любіць плесці з бісеру, наведвае гурток па рукадзеллі і танцавальны, куды ў хуткім часе запішуць і Аню. Будучая першакласніца з захапленнем чытае і малюе. Маленькай Міры падабаецца паўта- раць заняткі за старэйшымі сястрычкамі.

 Зборы ў школу таксама праходзілі з падтрымкай дзяржавы. На кожную вучаніцу атрымалі грошы, якіх хапіла на рукзакі.

Бацькі выхоўваюць дачушак уласным прыкладам. Сёлета на свяце горада ў Дзісне Таболаў адзначылі ў намінацыі «Вялікая дружная сям’я».

– Мы заўсёды разам, – гаворыць Вольга. – Гуляем у настольныя гульні, глядзім фільмы. Летам купаемся ў возеры і загараем, гуляем у валейбол, зімой катаемся на санках. Часам адпачываем на атракцыёнах у Полацку і Наваполацку. Ездзім да маіх бацькоў у Оршу.

Аляксандр і Вольга не планавалі стаць шмат-  дзетнай сям’ёй, а сёння не ўяўляюць, што магло быць інакш. Імкнуцца выконваць жаданні дзяцей, прыслухоўваюцца да іх патрэб, прывіваюць працавітасць. Старэйшыя дачушкі дапамагаюць матулі: прыбіраюць свой пакой, мыюць посуд, прыглядаюць за Мірай, кормяць сабаку і ката.

Як адзіны мужчына ў сям’і, гаспадар нясе адказнасць за сваіх дзяўчатак. У інжынера- электрыка ЛВДС, які расце па службовай лесвіцы, шмат і грамадскіх абавязкаў. Пастаянны ўдзельнік выбарчых камісій, узначальвае прафсаюзную пярвічку і газавы кааператыў, а нядаўна прапанавалі весці справы ў гаражным. Часам дапамагае знаёмым з рамонтам камп’ютараў.

Шматдзетная сям’я Таболаў знайшла сваё шчасце ў Дзісне. Лічаць, што ўсё неабходнае для камфортнага жыцця тут ёсць, а па буйныя пакупкі наведваюцца ў суседнія гарады.

– Гарадок маленькі і ціхі, дзяўчаткі нас радуюць. Галоўнае, каб мелі работу і здароўе, і ўсё было спакойна, – адзначае гаспадар.

Алена ВАРОНІНА.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

← Предыдущая

В Миорах прошел марафон по скандинавской ходьбе в День пожилых людей

Назад к списку
Следующая →

На вуліцы Клённай у аграгарадку Язна пражывае 88 чалавек

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]