Залу дзяцячай бібліятэкі запоўнілі вучні пачатковых класаў з СШ №1 і №2. Яны завіталі разам з настаўнікамі, каб сустрэцца з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Сяргеем Іосіфавічам Жуком. Сярод гасцей прысутнічалі дырэктар гісторыка-этнаграфічнага музея Т. Л. Мішчышына і старэйшы навуковы супрацоўнік А. М. Лагунёнак. Напачатку бібліятэкар І. Г. Томка распавяла дзецям пра далёкую жудасную вайну, у якой загінуў кожны чацвёрты беларус. Вядома, што самы лепшы расказ пра тыя падзеі з вуснаў сведкі. Ветэран нарадзіўся ў вёсцы Гаране Новапагосцкага сельсавета. Было 19 гадоў, калі пачалася вайна і яго з братам мабілізавалі.
—Ваяваў сапёрам,—расказвае Сяргей Іосіфавіч.—Вядома, што сапер толькі раз у жыцці памыляецца. Даводзілася выходзіць з акружэння, губляў сяброў, многіх калечыла, было вельмі цяжка. Санітаркі, маладзенькія дзяўчаткі, выносілі з поля бою па трыццаць параненых. Вада ў рэках была чырвоная ад крыві…
Песні спявалі рэдка, не было часу, але вядомыя “Кацюша” і “Над Дняпром” дапамагалі ў цяжкія хвіліны. У кожны бой ішлі з думкамі пра перамогу, баяцца не было калі. У 1944-1945 гадах нават не быў пад дахам хаты. Зімой прыходзілася начаваць спецыфічным спосабам: у лесе разграбалі снег, палілі яловыя галінкі, затым тое месца засцілалі палаткай, каб зямля захавала цяпло, і шчыльна адзін каля аднаго клаліся спаць на 2-3 гадзіны, затым уставалі і крочылі далей (на вачах ветэрана ад успамінаў з’яўляюцца слёзы). Жадаю, вам дзеткі, каб ніколі не давялося такога перажыць, а над галавой пастаянна было толькі мірнае неба.
Вестцы пра Перамогу былі бязмерна радыя, але работы па аднаўленню было шмат…
У гісторыка-этнаграфічным музеі захоўваецца дзённік Барыса Рыгоравіча Макавейчука. Пра яго падрабязна расказала прысутным старэйшы навуковы супрацоўнік А. М. Лагунёнак. У ім змешчана апісанне тых падзей, якія адбываліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашага раёна. Партызанскі рух, будаўніцтва аэрадрома і спіс людзей, хто ўдзельнічаў ў ім. На пажоўклых старонках—кожны дзень трагічнай вайны. У музеі шмат рэчаў тых далёкіх часін, таму вучняў Аксана Мікалаеўна шчыра запрасіла пазнаёміцца з экспазіцыямі на свае вочы.
Ветэрана павіншавалі юныя дэкламатары вершаў, прызёры школьнага конкурсу на лепшага чытальніка з СШ №2 Вераніка Атрашкевіч, Аня Савуць і Кірыл Турчановіч, словы ўдзячнасці выказала ў адрас Сяргея Іосіфавіча іх настаўніца Вольга Нікандраўна Масальская. Школьнікі падаравалі ветэрану шмат кветак.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.