У "Міёрскіх навін" задачи масштабные, поддержка большая

gazeta
  • 5893


Добры дзень, шаноўныя падпісчыкі! Дзень друку аб’ядноўвае ўсіх, хто стварае інфармацыйную прастору і яе карыстальнікаў. Гэта значыць, што свята наша агульнае. Быць у курсе навін і падзей, што адбываюцца ў родным краі, рэгіёне, краіне і свеце – натуральная патрэба чалавека. Віншуем!

У чаканні свята прынята падводзіць вынікі. Як жа прайшоў наш год і што чакае сёлета?

Дарагія чытачы! Вы – наша апора, натхненне і галоўны крытык. Разам з вамі, як заўсёды, мы пісалі гісторыю раёна – сумленна, праўдзіва і аператыўна. Не толькі асвятлялі падзеі, але і адлюстроўвалі адносіны жыхароў раёна да пераўтварэнняў і навін, што адбываліся. Бывала як добрае, так і дрэннае, аднак з любой сітуацыі знаходзілі выйсце і дапамагалі вырашаць праблемы.

Традыцыйна заставаўся па-за кадрам сам калектыў рэдакцыі. Між тым, як заўважала падчас адной з нядаўніх сустрэч кіраўніцтва раёна, маленькі па колькасці штат здольны спраўляцца з вялікімі задачамі, што перад ім стаяць. На жаль, радзеюць нашы рады. У пачатку красавіка рэдакцыя назаўжды развіталася з нашым фотакарэспандэнтам Казімірам Блажэвічам. Дзякуючы яго майстэрству раёнка мела свой непаўторны твар – яркі і прывабны. Яго творчыя фотарэпартажы ёміста дапаўнялі тэкст і складалі поўную карціну таго, што адбывалася ў раёне. Памятаем, смуткуем…

Разам з тым калектыў мае тэндэнцыю да абнаўлення і амаладжэння. Расцім свае кадры. Менш за год на пасадзе адказнага сакратара былы рэдактар інтэрнэт-рэсурса Аксана Баданіна. Чытачам даспадобы яе рэпартажы, нататкі і нарысы. З задавальненнем удасканальваецца ў прафесіі журналіста і ўжо дэбютуе ў абласных конкурсах. Яе месца заняла Анастасія Цімафеева, якая размяшчае матэрыялы на газетных палосах, вядзе сайт і сацыяльныя сеткі. Пакуль адкрытая вакансія карэспандэнта, разглядаем некалькі варыянтаў. Гэта таксама творчыя, таленавітыя маладыя людзі, працу якіх неўзабаве ўбачыце на старонках роднай газеты.

Асаблівую адказнасць адчуваем з улікам таго, што сёлета Міёры прымуць абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі». У райцэнтры разгарнуліся маштабныя работы па ўзвядзенні, рамонце і рэканструкцыі аб’ектаў, добраўпарадкаванні тэрыторый. Дарэчы, закране абнаўленне і нашу рэдакцыю. Будзем імкнуцца аператыўна, якасна і поўна адлюстроўваць пераўтварэнні, што павысяць якасць жыцця жыхароў нашага краю. А яшчэ асвятляць унёсак, які робяць яны на агульны дабрабыт. Гэтае свята – яшчэ і знак удзячнасці хлебаробам за тое, што забяспечваюць харчовую бяспеку краіны. Нізкі ім паклон! Матэрыялы аб працаўніках сяла зоймуць асаблівае месца на старонках газеты і ў нашых сацыяльных сетках.

Жыццё бяжыць, усё змяняецца. Нязменным застаецца адно – адданасць работнікаў рэдакцыі сваёй справе. Паважаныя ветэраны, дзякуй за вопыт і мудрасць, якімі шчодра дзеліцеся!

Паважаныя чытачы, мы ўдзячны вам за тое, што застаяцеся з намі. Падтрымліваюць газету актыўнай падпіскай на друкаванае выданне як асобныя людзі, так і сем’і, і цэлыя калектывы. З вашай падтрымкай па плячы любыя складанасці. Віншуем усіх з нашым агульным святам! З Днём друку!

Алена ВАРОНІНА.

← Предыдущая

Творческий мастер-класс в Миорах: создаем символы памяти

Назад к списку
Следующая →

Сустрэча з ветэранам

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]