Сапраўднае веснавое свята не толькі на сцэне, але і ў душах гледачоў удалося стварыць чатыром сем’ям — удзельнікам конкурснай шоу-праграмы “Сямейны вернісаж”, якая праводзілася ў РДК упершыню. Ідэя і арганізацыя мерапрыемства належыла аддзелам па справах моладзі, загс і культуры райвыканкама.
Гучыць мелодыя. На экране — рамантычны эцюд пескаграфіі, які на вачах у гледачоў мяняецца новым і новым малюнкам. Галоўныя віноўнікі ўрачыстасці — члены клуба маладой сям’і райцэнтра і, безумоўна, іх дзеці: Сяргей і Валянціна Слізень з дачушкай Кацюшай, Ігар і Наталля Зямец з Уладзікам, Марыя, Аляксандр і Насценька Піртань, Наталля і Аляксандр Пальчэўскія з сыночкам Максімам. За іх хварэць і падтрымліваць прыйшлі родныя, блізкія, сябры і калегі.
Нялёгкіх сем выпрабаванняў наперадзе. Ацэньвала канкурсантаў кампетэнтнае журы ў складзе намесніка старшыні райвыканкама М. М. Баніфатавай, начальніка аддзела загс І. Л. Гушча, начальніка аддзела культуры А. С. Тронькіна, старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі А. Р. Фёдаравай і начальніка аддзела па справах моладзі Д. У. Радзіхоўскага.
Першы конкурс — “Візітная картка” — дазволіў пазнаёміцца з удзельнікамі бліжэй: як завуць, якія захапленні маюць таты, мамы і іх дзеці. У кожных было штосьці сваё, непаўторнае. Сям’я Зямец прапанавала ўсё ў вершаванай форме, а маленькі Уладзік падагуліў скарб іх хатняга ачага: “Мне ад любові — і цёпла, і светла, мне з мамай і татам па-шан-ца-ва-ла!” А вось Сяргей і Валянціна Слізень вучыліся ў адным класе, наўрад ці думалі тады, што шчаслівую ўсмешку ўзаемнасці будуць дарыць адзін аднаму ўсё жыццё. Падрастаюць у іх ужо васьмікласнік Уладзімір і Кацюша, якая пакуль наведвае дзіцячы садок. Дэвіз іх сямейства—“Шчаслівы той, хто шчаслівы дома”. Пальчэўскія цэняць той час, калі разам збіраюцца ва ўтульным доме ўвечары. Піртань прэзентавалі фотаэцюд “Любові цудоўнае дзіця”. Як спяваецца ў аднайменнай песні, сапраўды ў дачушкі Марыі і Аляксандра — у Настачкі — “у дачкі татавы вочы, у дачкі матуліна ўсмешка...”
Веданне жаданняў і цікавасці дзяцей праверыў конкурс для бацькоў, дзе трэба было закончыць расказ. Запіс аповедаў іх дзяцей быў падрыхтаваны загадзя. Заставалася толькі здагадацца які працяг, калі відэа спынялася. Бачна, што нашчадкі давяраюць і дзеляцца сваімі марамі і сакрэтамі са старэйшымі, бо тыя адразу давалі адказы. Пальчэўскія былі ўпэўнены, што іх Максім паміж кампьютарам і “музыкалкай” спыніць выбар на апошняй. З вясёлага і адкрытага расказа Кацюшы гледачы даведаліся, што мама Валянціна Слізень любіць развешваць бялізну, купацца і гуляць у даганялкі з сабачкам, Уладзік Зямец марыць пра мазаіку “Ну, пачакай!”, толькі ВЯЛІКУЮ. Насценька Піртань хоча стаць мадэльерам.

Бывае ў жыцці, што бацькі губляюць непрыкметна дзяцей ці блытаюць іх з чужымі. Ці магчыма такое здарэнне з членамі клуба маладой сям’і, праверылі вядучыя Вольга Пашкоўская і Дзяніс Бяляеў. Пакуль Аляксандра Пашкоўская выконвала “Сляды” з вядомага мультфільма “Маша і мядзведзь”, а сяброўкі падтанцоўвалі, мамы і таты шукалі сваіх, пераапранутых у мульцяшных герояў дзяцей.
Актыўна адказвалі дарослыя на загадкі “Вуснамі дзіцяці”, дзе з экрана аднагодкі іх малых давалі апісанне нейкага прадмета, але з адметным, крыху дзіцячым каларытам. Выходзіла дастаткова забаўна, але справіліся і з гэтым.
Вядома, і ў мам, і ў тат шмат сваіх абавязкаў, якія выконваюць штодзённа, але ці здагадваліся яны хоць раз замяніць адзін аднаго. Напрыклад, мужчына гатуе страву на кухні — і такое бывае… На сцэне паспрабавалі правесці эксперымент. Мамы павінны былі злавіць рыбу і аднесці тату стужачку, каб той завязаў свайму дзіцяці банцік. Спроба прайшла паспяхова, толькі лёска падчас “лоўлі” ў жанчын крыху заблыталася. Першай аказалася сям’я Зямец, за ёй Пальчэўскія, Слізень і Піртань.
Добра вядома прымаўка, што шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз яго страўнік. Вось тут фантазія канкурсантаў разыгралася. На суд журы былі прадстаўлены дранікі з мясам, салата “Цюльпан” і фруктовы дэсерт, зробленыя сям’ёй Зямец; сушы і сакэ прапанавалі пакаштаваць Пальчэўскія; вясёла абыгралі прэзентацыю торта “Мядовы месяц” ад мамы-Піртань Карлсан-тата і Насценька; “Лебядзіная вернасць”, або “Заліўны язык” ад сямейства Слізень, якія “даехалі” з усходу — вось той шыкоўны асартымент святочнага стала на “вернісажы”.
Конкурс “Сямейныя таленты” з іншага боку раскрыў тых людзей, якіх большасць ведае пераважна толькі па працы. Іх артыстызм і знаходлівасць, непадкупная шчырасць унеслі асаблівы акорд у настрой гледачоў, перад якімі была пастаўлена задача вызначыць, каму дастанецца прыз іх сімпатыі. Чаканне, сустрэча, кветкі, вальс… Як на спатканні некалькі год таму Ігар і Наталля закружылі ў танцы, але Уладзік з сябрам перапыніў іх рамантычную сустрэчу сучасным брэйк-дансам, і таксама атрымалася нядрэнна. Футравую калекцыю мадэляў прадэманстравала цудоўная палова сямейства Піртань, дапамаглі ім Насціны сяброўкі. Артыстызм і ўменне дарыць сваёй каханай цудоўныя кветкі прапанавалі ўвазе гледачоў Пальчэўскія. Несумненна, кожны прысутны пранікся да глыбіні душы кампазіцыяй “Вясенні вальс” ад сямейства Слізень. Як правобраз мамы і таты, Каця са сваім маленькім сябрам распачалі танец, затым зніклі за кулісамі і вывелі Сяргея і Валянціну, каб тыя прадоўжылі харэаграфічны нумар. Канцоўку завяршылі дзве пары разам. Шквал апладысментаў гледачы адрасавалі менавіта ім, чым і вызначылі пераможцаў.

Паміж конкурсамі давалі сем’ям адпачыць і падрыхтавацца да наступнага Марына Кашкур, Аляксандра Пашкоўская, Міраслаў Блажэвіч, дуэт з СШ №2 у складзе Ані Савуць і Аляксандра Маскалёва. Яны праспявалі шмат цудоўных песняў.
Старшыня журы М. М. Баніфатава падкрэсліла, што вельмі складана было вызначаць пераможцу, бо кожная сям’я з’яўлялася непаўторнай. Вырашана было прысудзіць намінацыі. “Вясёлыя і знаходлівыя” — сям’я Зямец, “За творчасць і арыгінальнасць” — Піртань, Пальчэўскія атрымалі званне “Суперсямейка”, а “сімпатыі гледачоў” і асобна “за музычнасць і артыстызм” заслужылі Слізені. Падарункі сем’ям і дыпломы падрыхтаваў аддзел па справах моладзі, спецыяльныя медалі прэзентавала кіраўнік клуба народных умельцаў “Святліца” А. Батарчук. Дарэчы, у фае РДК працавала выстава, арганізаваная ёй. Сям’і Алены начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Д. У. Радзіхоўскі ўручыў падзяку.
Магчыма, правядзенне такога дня адпачынку стане добрай традыцыяй і будзе адбывацца штогод. Спадзяванне на гэта выказалі многія гледачы.
На здымках: «Вясенні вальс» падаравалі гледачам Слізні; футравая калекцыя ад Піртань; стравы ад сям’і Зямец; сем’і (злева направа) Пальчэўскія, Слізень, Піртань і Зямец.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.