(Працяг. Пачатак 28.09)Дзеці за калючым дротам—
адно з найбольш вялікіх злачынстваў фашыстаў.На нямеччыну—усёй сям’ёй

7 сакавіка 1943 года для Лідзіі Якаўлены Якіменка (нарадзiлася ў 1931 годзе ў Вiцебску) пачалося доўгае і жахлівае падарожжа, якое запомнілася на ўсё жыццё.
Яе з сям’ёй і мноствам іншых людзей пагрузілі ў машыны. Апынуліся на Мінскім санпрапускніку. Там забралі адзенне зняволеных на дэзінфекцыю, а саміх адправілі ў душ.
—Нас завялі ў нейкае цёмнае памяшкане, дзе не было ні аднаго акна, і раптам з двух бакоў хлынула ледзяная вада пад напорам. “ Ратуйце малых!”,—закрычала маці. І мы са старэйшымі сёстрамі абступілі малодшых, закрываючы іх ад халоднай вады . Пасля ўсіх, хто прайшоў гэту працэдуру, размеркавалi па вагонах, прызначаных для перавозу жывёлы, і павезлі ў невядомым нам напрамку,—прыгадала Лідзія Якаўлеўна.
Каля года “вандравала” яна з сям’ёй па розных лагерах. У горадзе Палец яе маці і малодшую Сонечку забралі ў іншую групу, а Лідзію з іншымі сёстрамі пасялілі ў невялікім пакоі. Даводзілася выконваць розныя работы. Многіх зняволеных куплялі фабрыканты, але Якіменкаў не хацелі браць, бо было шмат дзяцей, якім яшчэ не споўнілася 14 гадоў. У хуткім часе ў лагеры засталіся толькі сем’і з непаўналетнімі. Тым не менш, 16 красавіка 1944 года сям’ю купіў уладальнік шарыкападшыпнікавага заводa. У той жа дзень атруцілі іх Сонечку.
—Памятаю, як прыбегла заплаканая маці і расказала пра тое, што здарылася. Сонечка захварэла. Нямецкая медсястра, нагадаўшы, што тут не лечуць, дала ёй таблетку. Калі малая папрасіла есці, далі бульбінку ў “мундзіры”—яна і памерла з ёй у роце. Мама прасіла, каб яе пахавалі, аднак ніхто не слухаў яе—усіх спальвалі,—працягвала расказ Лідзія Якаўлеўна.
З завода дзяўчынку ўзялі на тры месяцы ў горную вёску да баўэра. Там ёй даводзілася выконваць розную сялянскую работу: даіць карову, секчы дровы, прыбіраць у хаце і працаваць на полі. Асабліва запомніліся Л. Я. Якіменка прыродныя асаблівасці тых мясцін. Там аблокі завісалі над самай зямлёй. Калі дзяўчынка ўздымалася на дыбачкі, нічога не было бачна, толькі суцэльная белая заслона, а варта прыгнуцца—усё як на далоні, і гаспадыня побач.
Маці дабілася, каб Ліду вярнулі ў лагер, але ёй цэлы месяц не давалі ежы. Выжыла, бо сёстры дзяліліся сваімі невялікімі пайкамі.
9 мая 1945 года ў 10 гадзін раніцы іх вызваліла Чырвоная Армія.
—Да нас у лагер заехаў танк, спыніўся, адчыніўся люк, вылез малады, прыгожы салдацік,—кажа Лідзія Якаўлеўна, і агеньчыкі радасці загараюцца ў яе вачах, твар святлее ад усмешкі.—Ён так важна стаў, агледзеў нас, і…нечакана вочы яго акругліліся, твар змяніўся. “Зінка, ты?!”—амаль закрычаў ён. Аказалася, што ўбачыў тут сваю жонку.
Лідзія Якаўлена цяпер жыве ў Дзісне. Раней працавала ў бальніцы. Гэта надзвычай добры і таварысцкі чалавек, ніколі не пакрыўдзіць, не зняважыць. Канцлагер навучыў яе цаніць жыццё сваё і іншых.
Вучаніцы 9 «А» класса Дзісенскай СШ
Таццяна Гіржда, Ганна Мялешка, Анастасія Заяц,
Юлія Усовіч (пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі В.Л. Ляшкевіч).
(Працяг будзе).