Не часта выпадае вяртацца з паездкі з добрым настроем. На гэты раз ён быў проста выдатны, бо адбылася сустрэча з працавітай, цудоўнай сям’ёй Бескаравайных з Чэрасаў. Некаторыя скардзяцца, што на вёсцы жыць цяпер немагчыма, бо заробкі малыя, праца цяжкая, з галечы не выбрацца ніяк...
У іх усё наадварот. І жыццё ў радасць, і даходы нармальныя, і прадуктаў хоць адбаўляй—усё ладзіцца. Адзінае, чаго не хапае, дык гэта часу. Патрэбна зрабіць так шмат, а дзень пралятае імгненна.
—Не паспееш азірнуцца,—шкадуе жанчына,—а ўжо і вечар. Яна, хударлявая з прыемным тварам, рухава складвала паперы, робячы неабходныя адзнакі ў іх. Вось так, стоячы за прылаўкам гандлёвай установы, між справай апавядала пра сябе, сваю сям’ю, работу і хатнюю гаспадарку. Побач ля маці вярцелася яе малодшая дачушка—11-гадовая Аленка, прыгожанькая, акуратненькая, з доўгай светлавалосай касой.
Іне Міхайлаўне Бескаравайнай, як і яе мужу Віктару Мікалаевічу, няма і 40. Самы працаздольны ўзрост. Абодва карэнныя жыхары Чэрасаў, дзе жывуць і цяпер. Яна працуе ў мясцовым магазіне, ён—механізатар. У вёсцы іх паважаюць. Аўтарытэтам заўсёды карысталіся і іх бацькі.
Стварыўшы ўласную сям’ю, маладыя адразу займелі жыўнасць у хляве, якой і сёння шмат.
—Ці выгадна мець вялікую падсобную гаспадарку?—пытаюся ў жанчыны.
—А як жа! Канешне!—пачула цвёрдую ўпэўненасць у адказе.—Гэта ж вельмі істотная падтрымка для сямейнага бюджэту. Толькі за малако штомесяц бяром больш мільёна рублёў. Акрамя малочных прадуктаў на стале заўсёды сала, мяса, розная агародніна. Штодзень з падвор’я гаспадары рэалізуюць дзяржаве не менш паўсотні літраў сырадою, а гэта, лічы, 5 вёдзер.
—Зразумела, што падаіць трох кароў не так і лёгка,—адзначае Іна Міхайлаўна.—Аднак нічога. Прывыкла. Спраўляюся. Толькі часу не хапае на ўсё. Дачушкі дапамагаюць. Мужу таксама хапае калгаснай работы і сваёй. Цяпер ён косіць травы, час корманарыхтоўкі. Вернецца дамоў, калі сцямнее. Улетку самы прыпар, хочацца паспець, спраў вельмі шмат.
Жыллё ў Бескаравайных дабротнае, цяпер дом стаў іх уласнасцю. Пакоі вялікія, сучасныя і шыкоўная мэбля, новыя тэлевізары, камп’ютэр. Утульна, чыста. Прыемна бачыць, што ў такіх умовах жывуць звычайныя вясковыя працаўнікі. Жывуць заможна, інакш не скажаш, бо талковыя абодва, гаспадарлівыя. Не чакаюць падачак, пабочных дапамог, а ўласнымі рукамі ствараюць свой дабрабыт. І іх сям’я можа служыць яскравым узорам для тых, хто прывык наракаць на жыццё гаротнае, шукаць вінаватых у сваіх праблемах. Папракаць у любым выпадку трэба толькі сябе. Фізічна здароваму чалавеку заўсёды па сіле забяспечыць сябе і сваю сям’ю неабходным. І тым больш цяпер, калі існуюць усе магчымасці: ніхто “не абразае соткі” пад самы вугал, не абмяжоўвае ў сенакосе, у пагалоўі ўласнай жывёлы. І нават больш таго, асабістыя падсобныя гаспадаркі падтрымліваюцца дзяржавай.
У сям’і ў карыстанні 2-гектарная плошча. Адна палова яе апрацоўваецца пад пасевы, другая прызначана для сенакосу хапае ўдосталь.
Зразумела, гультая ці п’яніцу не прымусіш уставаць на золку, махаць касой. Яму лепш на галодным пайку пасядзець і ў галечы жыць. Што ж, кожны гаспадар свайго лёсу. Зручна яму так, хай задавальняецца жабрацкім існаваннем.
А ў сям’і Бескаравайных задаволены жыццём. Шчаслівыя тут і дзеці. Старэйшую дачку застаць дома не давялося, яна палола агародніну. Сёлета 17-гадовая Каця закончыла СШ №3, марыць стаць студэнткай Полацкага універсітэта.
Лена ж пакуль—шасцікласніца. Дзяўчаты маюць усё неабходнае: і бацькоўскую пяшчоту, і матэрыяльныя даброты. Адчувалася, што тата і мама клапоцяцца пра іх.
—Будзем працаваць, бо дачушак трэба вучыць,—зазначае Іна Міхайлаўна.—Сваю гаспадарку весці цікава, быў бы толькі час, а да цяжкасцей мы прывыклі. Для сябе пастарацца можна, тым больш, што вясковыя людзі гэтым займаліся спрадвеку.
Эвеліна БАГДАНОВІЧ.