20 Декабря 2016

Археолога-краеведческий кружок "Аргонавты прошлого" в Миорах через сорок лет

gazeta
  • 565

Археолога-краеведческий кружок "Аргонавты прошлого" в Миорах через сорок летАрхеолага-краязнаўчы гурток "Арганаўты мінулага" створаны настаўнікам гісторыі Вітольдам Ермалёнкам у верасні 1976-га на базе Міёрскай СШ №1, хаця афіцыйна дзейнічаў ад раённага Дома піянераў. Першапачаткова ў яго склад увайшлі 25 вучняў 7-х класаў, а старастам абраны Валера Коцікаў.

 

Самымі актыўнымі яго сябрамі з'яўляліся Зоя Канапелька, Віталь Януковіч, Сяргей Воранаў, Лідзія Кукуць, Аляксандр Кандратовіч, Юрый Жабёнак, Анатоль Ляснічы. Гэта радкі з летапісу гуртка. Менавіта з іх пачынаю размову з арганізатарам і бяззменным кіраўніком.

 

Мінулі чатыры дзесяцігоддзі, Вітольд Антонавіч, з чаго некалі ўсё пачыналася?
—З цікавасці, маёй уласнай і вучняў. Асабіста я захапіўся гісторыяй і археалагічнымі пошукамі з дзяцінства. Спачатку на ўзроўні родных мясцін. А родам я з-пад Слабодкі, што на Браслаўшчыне. Вось гэта вызначыла напрамак усяго жыцця. Паступіў на гістарычны факультэт педінстытута, і там не толькі спазнаваў тэорыю. Збіраў рарытэты, вывучаў архіўныя дакументы, удзель-нічаў у археалагічных раскопках.


Калі прыехаў на сталую працу ў Міёрскі раён, вядома, клопатаў хапала, бо стварыў сям'ю, яшчэ набываў практыку ў правядзенні ўрокаў. Але задумваўся і над тым, каб маё выкладанне не толькі давала вучням веды, вызначаныя школьнай праграмай, а было цікавым для дзяцей. Не сакрэт, што кожны настаўнік вырашае на ўроку праблему дысцыпліны. Вось гэты клубок складаных пытанняў мне ў пэўнай меры дапамагала вырашыць выкарыстанне ўжо назапашанага краязнаўчага матэрыялу. Ён, гэты матэрыял, быў каштоўным і тым, што не надта адрозніваўся ад мясцовага: Слабодка і Міёры, іншыя навакольныя населеныя пункты працяглы час уваходзілі ў склад Браслаўскага павета. Але трэба было збіраць тутэйшыя рарытэты.


Гэта не так складана, калі ўлічваць, што ўсе дзеці надта дапытлівыя, цікаўныя, апантаныя таямнічымі пошукамі. А дзе тады можна было пабачыць мясцовыя прадметы даўніны, калі яшчэ не існавала раённага музея, рэдкімі з'яўляліся краязнаўчыя выданні. Так што пачатку дзейнасці гуртка спрыялі ўмовы, а захопленых вучняў хапала. Вось такія і сталі ядром першага гісторыка-краязнаўчага гуртка.


Як настаўнік Вы ставілі перад сабой і гурткоўцамі педагагічныя мэты?
—Вядома. Імкнуўся не толькі даць трывалыя веды па гісторыі, але і развіваць дапытлівасць, выхоўваць любоў да роднага краю, патрыятызм, імкненне пазнаваць мінулае і захоўваць гістарычную спадчыну.


З чаго гэта пачыналася?
—Спачатку з тэарэтычных заняткаў, а потым—карысных спраў. Ужо ў наступным 1977-ым дапамагалі археолагам (тады малодшаму навуковаму супрацоўніку Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР Л.У. Дуцыц) раскопваць курганныя пахаванні ля Махіроўкі. Да гэтага часу памятаў захапленне справай Уладзіміра Матэленка, Васіля Смірнова, Зоі Канапелька, Юрыя Бушунова, Аляксандра Кандрацьева.
Потым былі курганы ля Кублішчыны, розныя археалагічныя аб'екты ля Чамяроў, Пруднікаў, Вяты, Снегаў, Вусаўцаў… Нашы намаганні дазволілі захаваць мноства помнікаў, толькі курганоў—больш за два дзясяткі.


Знаходкі рэшткаў прылад працы, посуду, зброі, упрыгожанняў дапамагалі вучням глыбей зразумець лад жыцця і звычаі далёкіх продкаў. Больш за пяць тысяч нашых экспанатаў у 1983 годзе перадалі раённаму музею, яны леглі ў аснову ствараемых экспазіцый.
Пастаянны пошук дапамог выявіць старажытныя селішчы ці гарадзішчы ля Гір'ят, Навалакі, Казакова, Язна, Павянужкі, нават на тэрыторыі райцэнтра, усе па памяці і назваць цяжка. Прасцей нагадаць населеныя пункты, дзе не вялі разведку юныя "арганаўты". Старэйшыя члены гуртка ўдзельнічалі ў рэгулярных пешых і веласіпедных вандроўках і паходах. Самыя запамінальныя з іх у напрамку Камянполля-Гентава-Янова, Новага Пагоста-Більдзюгаў-Ёдаў-Іказні, Гір'ятаў-Александрова-Орцаў-Чурылава-Павяцця, Дзісны-Язна, Лінкаўшчыны-Навалакі… Таксама пералічыць усе складана.


Археолога-краеведческий кружок "Аргонавты прошлого" в Миорах через сорок летЧым займаліся ў час гэтых мерапрыемстваў члены гуртка?
—Найперш заўважу, што кожнай разведцы, вандроўцы, не кажучы пра паходы, папярэднічала вялікая падрыхтоўка. Вывучалі старыя карты і дакументы, праглядвалі кнігі, даведнікі і перыядычныя выданні, аналізавалі вынікі ранейшых наведванняў, знаёміліся з біяграфіямі ці радаводамі знакамітых землякоў, апытвалі ўраджэнцаў мясцін, дзе збіраліся пабываць.
А потым абследавалі сядзібы і месцы колішніх паселішчаў, старажытныя гарадзішчы, шукалі помнікі і мясціны нейкіх падзей, сустракаліся з ветэранамі, запісвалі ўспаміны, паданні і легенды, прасочвалі баявы шлях партызан і войск, шукалі любыя сведчанні мінулага, прыкмячалі цікавыя праяўленні новага.


Па гісторыі гуртка заўважыў, што некаторыя мясціны, напрыклад, Дубашынскі Двор, Вы з выхаванцамі наведвалі з разведкамі па некалькі разоў, чаму?
—Дубашынскі Двор—мясціна з багатай гісторыяй, адзін з мноства маёнткаў пад назвай Мёры. Тут, ды і ў іншых падобных мясцінах усё ахапіць за адзін раз няпроста. Па-другое, чалавек пастаянна нечым займаецца ў працэсе гаспадарчай дзейнасці, напрыклад, арэ. Значыць, даступнымі становяцца новыя пласты даўніны, раней схаваныя ў зямлі. Вельмі многага каштуе і яго вялікасць выпадак.


Незвычайнае траплялася часта?
—Я вучыў дзяцей бачыць незвычайнае ў звычайным. Згадзіцеся, нават дарослыя цяпер не могуць патлумачыць прызначэнне некаторых прылад працы і рэчаў матэрыяльнай культуры, іх прысутнасць у нейкім канкрэтным асяродку. Няпроста вызначыць час стварэння вырабаў. Нярэдка вельмі каштоўнай крыніцай інфармацыі становяцца малапрыкметныя элементы, даты, надпісы, подпісы, пячаткі.
Хаця незвычайнае таксама здаралася. Так, мой яшчэ малалетні сын Антон паблізу возера Важа знайшоў крэмневы разец, якому за 14 тысяч гадоў. А тут у той час нібы панаваў ледавік і чалавека зусім не магло быць!


"Арганаўты", і я разам з імі, вельмі ганарыліся знаходкай у час раскопкаў першых на Міёршчыне бурштынавых пацерак, бронзавага пярсцёнка з арнаментам, жалезнай шыйнай грыўні, якія звычайна насілі жанчыны Скандынавіі, ці падробных срэбных арабскіх дырхемаў у пахаваннях ля Казлоўцаў, рымскага дынарыя на асфальце ля Туркова… Усё гэта мае права называцца ўнікальным.


Хаця ў большасці траплялася тое, што можна пабачыць на стэндах і вітрынах нашых чатырох музеяў, у багатых запасніках.
Галоўным вынікам даўніх вандровак і паходаў сталі сучасныя турыстычныя маршруты-"пярсцёнкі". Надта карыснымі для стварэння раённай кнігі "Памяць" паслужылі вынікі нашых пошукаў і асабліва матэрыялы Дзісенскіх і Браслаўскіх чытанняў.
А колькі праведзена акцый, экспедыцый, злётаў, летнікаў, канферэнцый, экскурсій. "Арганаўты" пастаянна ўдзельнічалі ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах. І парамагалі!


Ці ж не незвычайнае, што праз гурток "прайшло" каля тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны і ў дарослым жыцці па большасці не застаюцца раўнадушнымі да свайго дзіцячага захаплення, такія ж збіральнікі, шукальнікі і патрыёты роднага краю.
Вось з ліку першых "арганаўтаў" Васіль Андрэеў і Уладзімір Яцына даўно сталі расійскімі афіцэрамі, ды рады падзяліцца з намі сваімі знаходкамі. Ігар Кандратовіч вучыцца на прафесійнага гісторыка. А тых, хто прыходзіць у нашы музеі са сваімі знаходкамі і падарункамі, пералічыць цяжка.


Які сёння гісторыка-краязнаўчы гурток "Арганаўты мінулага"?
—У ім 15 членаў, гэта вучні 5-7 класаў. Можна гаварыць, што займаецца трэцяе пакаленне шукальнікаў, амаль унукі першых "арганаўтаў". Вось у Насці Северыной і Аляксея Зайца гурткоўцамі калісьці былі бацькі, ва Уладзіка Лапкоўскага—старэйшыя брат і сястра. Ёсць вопыт папярэднікаў, багатыя традыцыі і зборы для вучобы, аб'ядноўваюць герб і гімн. Ёсць вечнае імкненне да пошуку. Значыць, будуць яшчэ знаходкі.
—Жадаю іх больш.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

← Предыдущая

В Миорах прошел марафон по скандинавской ходьбе в День пожилых людей

Назад к списку
Следующая →

40-летний юбилей Дисненского детского сада

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]