Пад лён, які з’яўляецца стратэгічна важнай культурай сельгасвытворчасці, адведзена ў раёне 1100 гектараў. Яго вырошчваннем займаецца 5 прадпрыемстваў: 4 сельгаставарыствы і льнозавод, за якім замацавана 850 гектараў “даўгунцу”. Цёплае надвор’е спрыяла хутчэйшаму праграванню глебы, прадаставіўшы магчымасць земляробам прыступіць да сяўбы гэтай культуры. Высокая аснашчанасць неабходнай тэхнікай, як сцвярджаюць спецыялісты агранамічнай службы льнозавода, дазволіць загарнуць насенне ў самыя сціслыя тэрміны.— Важная адметнасць сёлетняй сяўбы — папаўненне машынна-трактарнага парка льнозавода магутным МТЗ-3022 і шыроказахопным шасціметровым глебаапрацоўчым пасяўным агрэгатам, — падкрэсліваюць механізатары перапрацоўчага прадпрыемства. — Новы трактар напачатку задзейнічалі на культывацыі глебы, а цяпер ён у счэпцы з АПП-6. Кіруе “трыццаткай” адзін з вопытных механізатараў — Юрый Развадоўскі.
Восем гадоў назад прыйшоў ён на льнозавод, дзе паступова павышаў прафесійнае майстэрства. Пасведчанне трактарыста атрымаў пасля заканчэння курсаў пры Маляўскім ВВК і меў нядрэнную падрыхтоўку. Атрыманыя веды трывала замацаваў на практыцы, калі працаваў у калгасе “Парыжская камуна” (цяпер ААТ “Пад’ельцы”), — паўтара года руліў на трактары, пакуль не прызвалі на службу. А ўвогуле з тэхнікай на “ты” з маленства: прыахвоціў яго да гэтай прафесіі бацька, Леанід Іванавіч, які 20 гадоў адпрацаваў на Т-150. Пасля дэмабілізацыі з арміі Юрый працаўладкаваўся на льнозавод, дзе на той час было паступленне новай тэхнікі. Даверылі “двухгадовы” МТЗ-82, неўзабаве перасеў за руль зусім новага “Беларуса”. Паступова авалодваў навыкамі работы са шматлікім прычапнымі сельгасмашынамі.
— У перыяд уборкі штогод даручалі весці церабленне. Напачатку працаваў з прычапным камбайнам ЛК-4, а затым прапанавалі кіраваць новым самаходным. Два гады назад атрымалі бельгійскі ўборачны агрэгат КСЛ-2,4, які таксама за мной замацавалі. А позняй восенню і зімой пад павецямі, дзе складзіруюцца рулоны, на пагрузчыку заняты. З любой тэхнікай магу зладзіць. Цяпер асвойваю новы МТЗ-3022, які на заводзе з восені, — адзначыў механізатар і з жартам дадаў: “За паўгода і з ім “зрадніўся”. Камфортны, але кіраваць напачатку было досыць складана, бо ўстаноўлена шмат датчыкаў — усе працэсы камп’ютарызаваны, трэба дакладна ведаць якую “кнопку” націскаць.
Большасць трактарыстаў, перш чым сесці за руль “трыццаткі”, вучацца на спецыяльных курсах. Юрыю Развадоўскаму трапіць на такія заняткі не давялося. Але асвоіць тэхніку дапамагло асабістае імкненне. Да драбніц распытваў пра асаблівасці кіравання МТЗ-3022 у вопытных механізатараў. Прытрымліваўся меркавання: лепш некалькі разоў пераканацца ў правільнасці дзеянняў, чым сапсаваць далікатную дарагую тэхніку.
— Трактар за некалькі месяцаў асвоіў. Аднак наперадзе яшчэ адзін экзамен — сяўба: трэба навучыцца працаваць з шыроказахопным глебаапрацоўчым пасяўным агрэгатам, — зазначае субяседнік і з упэўненасцю сцвярджае, што паспяхова пераадолее і гэты рубеж.
На здымку: Ю. Развадоўскі. Эліза БЛАЖЭВІЧ.