24 Ноября 2025

Борисовы камни Миорщины: Забытые свидетели истории Часть 2

gazeta
  • 565

 Мала хто ведае, што на тэрыторыі сучаснага Міёрскага раёна калісьці размяшчаліся маўклівыя сведкі даўніны – так званыя «Барысавы камяні». Сустракаліся гэтыя валуны, якія засталіся з часоў ледавіка, у асноўным на поўначы Беларусі. У рэчышчы Заходняй Дзвіны, у розных месцах, пачынаючы з Полацка, віднелася нямала велічных гранічных камянёў з высечанымі на іх рознай формы крыжамі і надпісамі, дзе гэтае імя і ўпаміналася: «Госпадзе памажы рабу свайму Барысу». У народзе іх называлі Барыс-Хлебнік, Пісанік, Барыс-Глеб.

(Працяг. Пачатак тут.).

Скарыстаўшыся мелкаводдзем 1858 года, археолаг Міхаіл Кусцінскі адшукаў кавалкі, якія адпалі, і ў тым ліку адзін з іх, на якім уцалелі літары «ІС» і частка верхняга канца крыжа. Знішчаны ён быў пасля Другой сусветнай вайны, падчас барацьбы з верай.

Трэці Барысаў камень, які размяшчаўся ўсяго за два кіламетры ніжэй па цячэнні ад свайго суседа – побач з былой вёскай Балоткі Міёрскага раёна – быў самы вялікі і меў у даўжыню каля пяці метраў. Звестак пра яго назву нідзе не захавалася. На паверхні валуна выразна выдзяляліся шасціканечны крыж і надпіс. Яго лёс такі ж, як і ў большасці Барысавых камянёў – яго «расстралялі» на дробныя аскепкі ў савецкія гады.

Чацвёрты камень, апісаны Аляксеем Сапуновым, адрозніваўся ад іншых. «Чацвёрты, нарэшце, самы меншы камень чырвонага граніту ляжыць ля левага берагу Дзвіны, амаль побач з трэцім, ля ўпадзення ў Дзвіну рэчкі Павянужкі», – пісаў ён. На гэтым валуне ўжо чатырохканечны крыж з пашыранымі канцамі, які абапіраецца на перавернуты паўавал. Справа і злева ад яго захаваліся выразныя надпісы ў два радкі: злева – «сулн/Борь», справа – «хрь/стъ». Камень увайшоў у гісторыю як «сулібор хрост», але часцей надпіс на ім расшыфроўваюць па-іншаму: «моцны храбры Барыс святы». Імя Барыс на ім адсутнічае. Форма крыжа таксама адрозніваецца ад іншых. У 1879 годзе па даручэнні графа Уварава Міхаіл Кусцінскі даставіў яго ў Маскву ў Археалагічны музей. Пазней яго перадалі Гістарычнаму музею, дзе ён стаў экспанатам археалагічнага таварыства. У 1920-х гадах яго перавезлі ў музей-заказнік «Каломенскае», дзе знаходзіцца і сёння. Дзякуючы гэтаму камень і ўцалеў.

Гады, стагоддзі бягуць. Але мы больш не бачым Барысавы камні на нашай роднай зямлі. Разам з тым яны маглі стаць яшчэ адным месцам сілы, ушанавання, захаплення і прыцягваць людзей.

Дзмітрый ВАСІЛЕНКА.

← Предыдущая

Миорские встречи. Миорчанка Вильгельмина Шабуцкая поделилась впечатлениями о СШ № 3

Назад к списку
Следующая →

Итоги "Беларусь гостеприимная" и идеологическая работа

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]