16 Июля 2010

Комплекс “Павяцце”: пра дасягненні і праблемы

gazeta
  • 398
Ветурач Мікалай Іванавіч Шамёнак на свінагадоўчым комплексе “Павяцце” працуе з 1989 года і ведае да драбніц не толькі ветэрынарную работу, але і заатэхнічную, і нават адміністрацыйную—пры патрэбе замяшчае начальніка Г. І. Швед.Вось і пад час нядаўняга візіту супрацоўнікаў рэдакцыі гаспадарыў там Мікалай Іванавіч (Ганна Іосіфаўна была ў водпуску): у складскім памяшканні кантраляваў выгрузку камбікорма. Зазначыў, што дзень выдаўся напружаны: на комплекс павінны прыехаць правяраючыя з Дэпартамента хлебапрадуктаў, якія наведваліся раней, выявілі пэўныя ўпушчэнні. Іх чарговы візіт—кантрольны.

—Любая праверка крыху нервуе, але і карысць ёсць—кожны работнік больш адказна ставіцца да выканання абавязкаў,—падкрэсліў Мікалай Іванавіч.


Комплекс “Павяцце”: пра дасягненні і праблемы
За 6 месяцаў 2010 года валавая прывага жывёлы на комплексе “Павяцце” склала 4128 цэнтнераў, прыплюсавалі да мінулагодняга 368 ц—рост на 9,8%. Рэалізавалі свіней (жывой вагой) 3826 ц, а гэта больш леташняга на 657 ц—павелічэнне на 20,7%.

Цяжкае фінансавае становішча, якое ў апошнія гады склалася ў сельгаскааператыве “Павяцце”, прымусіла вясковы калектыў прыняць прапанову перайсці ў падпарадкаванне камбікормавага завода. Галоўная мэта аб’яднання—падтрымаць буйны свінагадоўчы комплекс. Паступова павялічваюцца прывагі статку, расце пагалоўе. Аднак тэмы росту невысокія. Кармоў хапае, а жадаемай аддачы ад іх атрымаць не ўдаецца. Расход іх на цэнтнер прывагі склаў сёлета за першае паўгоддзе 5,3 цэнтнера кармавых адзінак, а летась—6. Гэта высокія паказчык, які неабходна знізіць да 5 ц к. адз. Даглядчыкам неабходна быць больш беражлівымі: статак не з’ядае насыпаны ў вялікіх аб’ёмах у кармушкі камбікорм, топча нагамі, разносіць па клетках. Трэба прымяняць дробнае шматразавае кармленне. Напрыклад, малым парасяткам неабходна падсыпаць сухую сумесь у кармушкі да 6 разоў на дні—у даглядчыкаў турбот больш, але тэхналогію трэба захоўваць.

Вытворчасць свініны стратная: у гэтым годзе за студзень—чэрвень “згубілі” 8 мільёнаў—і гэта, як кажуць работнікі бухгалтэрыі гаспадаркі, не так ужо і страшна, бо выдаткі зніжаюцца. У канцы 80-ых на комплексе пагалоўе жывёлы дасягала 12 тысяч, цяпер амаль удвая меншае— 7355.

Забяспечыць добрыя прывагі жывёлы, знізіць яе захворваемасць, павялічыць аддачу кармоў немагчыма без стварэння належных умоў утрымання. І тут праблем хапае—дробных і вялікіх. Практычна ў кожным свінарніку трэба штосьці рамантаваць: замяняць сістэму водазабеспячэння, металічныя агараджэнні, мяняць дах... Каб бесперашкодна весці рамонтныя работы і мець магчымасць нарошчваць пагалоўе статка, трэба павялічваць колькасць статкамесцаў. Неабходна будавацца! На тэрыторыі комплексу зносяць старыя, нягожыя для эксплуатацыі памяшканні: тры ўжо зніклі, чацвёртае—на чарзе. На ачышчаных пляцоўках з’яўляюцца новыя падбудовы, але будуюцца марудна з-за адсутнасці грошай. Адзін адкормачнік узвялі ў 2002 годзе, другі—у 2006-ым. У абодвух прымяняецца сучасная тэхналогія ўтрымання свіней з бункернай падачай камбікорму —“шведскі стол”. Расход электраэнергіі мінімальны. У секцыях ўтрымліваецца па 150—200 свіней. Падсцілаюць салому, якую выдаляюць бульдозерам праз 3 месяцы. Непадалёку вырасла яшчэ адна новая пабудова, тут таксама размесцяць свіней на адкорме: кіраўніцтва гаспадаркі чакае адкрыцця крэдытнай лініі, каб набыць і ўстанавіць неабходнае абсталяванне, а тады і статак можна ставіць. Адметна, што секцыі для свіней тут большыя, чым у двух суседніх адкормачніках—на 250 галоў.

У перспектыве—узвесці свінарнік- матачнік, фундамент якога ўжо закладзены.
У ліку вострых праблем—вентыляцыя жывёлагадоўчых памяшканняў: абсталяваная прыточна-выцяжная не забяспечвае неабходных параметраў мікраклімату, патрэбна яе рэканструяваць і дадаткова ўстанаўліваць вентылятары. Між тым, такія прыборы каштуюць па 1,5 млн. рублёў. Запланавана закупіць—20 і аснасціць імі ў першую чаргу свінарнікі-матачнікі.

Галоўны ветурач комплекса адзначае важнасць сумленнага выканання работнікамі працоўных абавязкаў:

—Стараннага чалавека і кантраляваць не трэба.Не праігнаруе рэкамендацыі кіраўніцтва, галоўных спецыялістаў. А ёсць і такія, за якімі пастаянна трэба сачыць, каб работу выканалі ў поўным аб’ёме, якасна. Слабае, ненадзейнае звяно тыя, хто сябруе з гарэлкай. У калектыве 45 чалавек.

—Догляд за маленькімі парасяткамі амаль такі ж карпатлівы як і за дзеткамі. Між тым, адзін аператар даглядае 38-40 свінаматак—нагрузка не малая,—падмеціла Марыя Іванаўна Кашкур, якая працуе ў свінарніку-матачніку. Ужо на пенсіі, але яшчэ завіхаецца ля сысункоў. Поплеч з ёй рупліва працуе Алёна Уладзіміраўна Камёнак, якая таксама заўсёды ў ліку перадавых.

Комплекс “Павяцце”: пра дасягненні і праблемы
Высокія прывагі жывёлы на дарошчванні забяспечвае Любоў Леанідаўна Далговіч, якая лідыруе па паказчыках не толькі на комплексе, але і сярод аператараў раёна і вобласці. Вынікова працуюць з такой жа ўзроставай групай свіней Жанна Уладзіміраўна Сіўко, Марыя Кандратаўна Захарэнь—і яна ў пенсійным узросце. Станоўчыя водгукі давялося пачуць пра работу спецыяліста па штучнаму асемяненню Галіны Аляксандраўны Чабок.

На комплексе, гэта адразу кідаецца ў вочы, шмат ручной працы. Напрыклад, у новых свінарніках-адкормачніках муку ў бункеры засыпаюць уручную—ад яе распылення аператары становяцца падобнымі на млынароў. Няма бытавых пакояў, душавых кабін, а па добраму і аўтаматычная пральная машына павінна быць, каб мыць спецвопратку.
Крыўдуюць аператары на невысокі заробак, які ў многіх работнікаў падтрымліваецца за кошт дадатковых налічэнняў за стаж. Крыху вышэйшая аплата ў аператараў адкорму—там вышэйшыя прывагі. А вось у даглядчыкаў свінаматак, дзе асабліва адказны ўчастак, яна меншая, таму маладых гэтая справа не прываблівае. Параўналі сённяшнія грашовыя налічэнні з ранейшымі— яны значна ніжэйшыя. Між тым, аплата працы заўсёды з’яўлялася галоўным фактарам стымулявання работнікаў на дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў.

Комплекс “Павяцце”: пра дасягненні і праблемы
—Несумненна, трэба паляпшаць і ўмовы працы жывёлаводаў, і заробак павялічваць, каб моладзь прыходзіла нам на змену,—кажа М. І. Кашкур. За апошнія”крызісныя” для гаспадаркі гады давялося чуць розныя меркаванні пра важнасць вытворчай дзейнасці свінагадоўчага комплексу “Павяцце”. Адны, сцвярджаюць, што мясцовым работнікам трэба быць больш гаспадарлівымі, павышаць прадукцыйнасць жывёлы, зніжаць сабекошт прадукцыі, не дапускаць паморку жывёлы, ашчадна абыходзіцца з маёмасцю і кармамі. Другія лічаць: такія меры не дапамогуць, калі не зменіцца дзяржая цэнавая палітыка, якая, на іх думку, ставіць на калені сельгасвытворцаў. Трэція, аналізуючы эканамічныя паказчыкі работы комплексу, лічаць немэтазгодным займацца стратнай справай. Аператары згаджаюцца з гэтымі довадамі, але і свае погляды маюць: важна, што ёсць такі вялікі вытворчы аб’ект у іх вёсцы, што дае магчымасць многім працаўладкавацца. А вось ці ўдасца павялічыць заробак? На гэтае важнае пытанне адказу пакуль няма. Галоўнае—выбрацца з даўгавой ямы: прыбытак дае магчымасць росту і развіцця.

На здымках: цэх па адкорму свіней; аператар цэха дарошчвання Жанна Уладзіміраўна Сіўко і аператар па догляду за свінаматкамі Марыя Іванаўна Кашкур.

Эліза БЛАЖЭВІЧ.


← Предыдущая

Оздоровительная кампания-2026 стартовала на Миорщине

Назад к списку
Следующая →

Напамін

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]