Кветкі Алена Дзмітрыеўна называе сваёй хваробай і слабасцю. Любоў да іх ідзе каранямі ў дзяцінства. Дома ў Пецярбургу вазоны з раслінамі запаўнялі шырокія падваконнікі. Бацькі любілі жывёлу. Пастаянна дзялілі жылплошчу з канарэйкамі, папугаямі, рыбкамі, катамі ці сабакамі.
У беларускую глыбінку з культурнай расійскай сталіцы Алена прыехала ў пачатку 90-х. Сям'я вырашыла вярнуцца на малую радзіму бацькі. Адаптацыя да сельскага ўкладу жыц-ця ў 16-гадовай гараджанкі праходзіла няпроста. Атрымаць прафесію ў беларускіх навучальных установах не магла, бо не мела грамадзянства. Праз год пасля пераезду працаўладкавалася ў мясцовую гаспадарку.

Нездарма кажуць, што калі адны дзверы зачыняюцца, абавязкова адчыняюцца іншыя. У цвецінскіх мясцінах напаткала светлае пачуццё кахання. Пайшоў 22-гі год як Алена з Юрыем абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі. Жылі ў Цвеціне, у 2008 годзе шматдзетная сям'я атрымала новы дом у Малінаўцы.
У Філіповічаў трое сыноў. Арцём сёлета скончыў гандлёва-эканаміч-ны каледж у Полацку, дзе атрымаў спецыяльнасць тэхніка-праграміста. Максім—студэнт-другакурснік гістарычнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава. Малодшы Уладзік вучыцца ў 4 класе, прыносіць "8"-кі з "9"-мі і любіць фізкультуру. Старэйшыя дзеці ў школе таксама вызначаліся самастойнасцю і адказным стаўленнем да вучобы.
Сыны—добрыя памочнікі бацькоў. Да працы прывучаныя змалку.
—У дзяцінстве старэйшыя хлопцы з ахвотай па гаспадарцы дапамагалі, для іх гэта была своеасаб-лівая гульня. І цяпер не нагадваю, што трэба зрабіць, свае абавязкі ведаюць. Сена ўлетку нарыхтоўваюць муж і сыны, а за мной агарод і клумбы,—расказвае Алена Дзмітрыеўна.—Выхоўвалі дзяцей, як сэрца падказвала, без пэўных методык. Пра цяжкасці не думалі. Галоўнае, каб здаровымі былі.
Адзінае, што засмучае маці: у сельскай мясцовасці менш магчымасцяў для ўсебаковага развіцця дзяцей у параўнанні з горадам. Прыгадвае, як у сваю школьную пару з аднакласнікамі наведвалі музеі, адпраўляліся на экскурсіі.
—А мне ў вёсцы падабаецца. Тут прыгожа!—весела заўважае Уладзік.

Штодня Алена Дзмітрыеўна спяшаецца ў адміністрацыйны будынак УП "Цітова", дзе працуе інспектарам аддзела кадраў. Юрый Расціслававіч узначальвае свінагадоўчы комплекс, нярэдка затрымліваецца на працы і ахвяруе выхаднымі. І дома часу для сябе няшмат: гадуюць карову, быка, трусоў. Выплаты за малако папаўняюць сямейны бюджэт рэгулярна, у адрозненні ад заробку. Дапамагаюць бацькі мужа, што цяпер на пенсіі. Да дзядулі з бабуляй пасля ўрокаў забягаецца Уладзік, па магчымасці наведваюць старэйшыя ўнукі.
"Шчасце—па крайняй меры аднойчы—стукаецца ў кожныя дзверы",—значыцца ў статусе Алены Філіповіч на старонцы ў сацсетцы. У іх дом заходзіла шмат радасных момантаў. Разам сустракалі і падзялялі хвіліны суму. Трывалы фундамент дружнай сям'і, дзе за аснову ўзяты павага, давер і падтрымка, вытрымлівае цяжкасці і складанасці. Ад таго яшчэ больш умацоўваецца. І ўпрыгожваецца стракатасцю кветак.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА
і з асабістага архіву сям'і Філіповічаў.