02 Ноября 2010

“Ён абдымаў сусвет”

gazeta
  • 399
“Ён абдымаў сусвет”Напярэдадні 200-годдзя з дня нараджэння нашага славутага земляка Генрыка Дмахоўскага на яго радзіме ў вёсцы Забалоцце адбылося свята. Яго ўдзельнікам вядучыя яшчэ раз нагадалі біяграфію вядомага рэвалюцыянера і таленавітага скульптара. Ён нарадзіўся менавіта тут, у маёнтку Забалоцце. У нашых цудоўных мясцінах правёў дзяцінства. Вывучаў права ў Віленскім універсітэце, там удзельнічаў у арганізацыі рэвалюцыйных гурткоў і авалодваў майстэрствам скульптара. Стаў доктарам права. Быў завочна асуджаны за ўдзел у антыцарскім паўстанні 1931 года і вымушаны пакінуць радзіму. У складзе ўзброенага атрада Юзафа Заліўскага ў 1933-ім спрабуе вярнуцца, але безвынікова. Не дайшоў да родных мясцін і адзін. Тады разгортвае падрыхтоўку да паўстання ў Аўстрыі. І зноў паражэнне. 5 год праводзіць у зняволенні ў крэпасці Куфштайн. Гэты час не быў патрачаны дарэмна, Генрык лепіць фігуркі з хлебнага мякішу.

Пасля вызвалення наведвае школу мастацтва ў Парыжы, працуе скульптарам і рыхтуецца да новага паўстання на радзіме. Рэха яго пакутнага і нескаронага шляху чуюць у Познані, Лондане, на Валыні. 2 лістапада 1848 года ён цяжка паранены пры абароне Львова. А ў верасні 1852-га накіроўваецца ў ЗША. Там, у Філадэльфіі, нібы сустракаецца са шчасцем. Яго жонкай становіцца Алена Шаф—вядомая піяністка. Нараджаюцца дзеці. Г. Дмахоўскі набывае папулярнасць скульптара пад імем Генры Д. Сандарс. Але нечакана памірае жонка і двое маленькіх дзяцей. Надмагільны помнік ім—сапраўдны шэдэур. А туга зноў гоніць яго на радзіму. Праз 30 гадоў разлукі Генрык Дмахоўскі зноў ступае на віленскі брук. Потым было роднае Забалоцце, якое не радуе яго, бо тут голад і галеча. Генрык пачынае займацца публіцыстыкай, перакладае новыя замежныя кнігі па сельскай гаспадарцы і прамысловасці. І, нягледзячы на паліцэйскі нагляд, зноў акунаецца ў рэвалюцыйную дзейнасць. Калі выбухнула нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў 1863 годзе, Генрык Дмахоўскі быў абраны рэвалюцыйным камісарам Дзісенскага павета. У родныя мясціны ён вярнуўся пад выглядам агента фірмы сельскагаспадарчых машын. І хутка стварае партызанскі атрад. На шляху да злучэння з іншымі паўстанцамі ля маёнтка Юзафова (цяпер Докшыцкі раён) на інсургентаў нечакана напалі царскія войскі. Генрык Дмахоўскі быў у першых радах і загінуў таксама адным з першых. Але засталася яго творчая спадчына скульптара, якой мы заслужана ганарымся. Мы—гэта яго землякі.

“Ён абдымаў сусвет”
Да слова сказаць, што Забалоцце ўпершыню ўспамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1742 годзе, калі прадстаўнікі шляхты Гіржды пабудавалі тут сваю сядзібу. А ў вёсцы было ўжо 12 двароў. У 1743 годзе сядзібу набываюць Дмахоўскія.
Гэта сівая даўніна, а цяпер самай старэжйшай жыхаркай вёскі з’яўляецца Ульянея Тарасаўна Смерцьева. У яе і ва ўсіх іншых сяльчан ужо парадак у дварах і на агародах. Таксама доўгажыхаркай з’яўляецца Ева Рыгораўна Сцяпанава, якая працавала настаўніцай. Ёсць з каго браць прыклад самаму маленькаму жыхару вёскі Дзіму Талстому. А гаспадаром вёскі з’яўляецца старэйшына Мечыслаў Іванавіч Чабок.

На свяце ўшанавалі імяніннікаў. Гэта Святлана Вітольдаўна Аляксеева, Жанна Лявонаўна Язёнак, Віктар Аляксандравіч Вярковіч, Яўген Іосіфавіч Равецкі. Юбілеі адзначылі Ананій Ігнатавіч Іваноў і Віктар Станіслававіч Каравацкі.
Музычныя нумары мастацкай самадзейнасці гучалі не толькі для іх. У вёсцы жывуць працаўнікі УП “Міёрскі”, пажарнікі-выратавальнікі, дарожнікі і чыгуначнікі, работнікі санаторыя “Расінка” і будаўнікі, дамашнія гаспадыні. Культработнікі падрыхтавалі цудоўную экспазіцыю з вырабаў народных майстроў і адыходзячых прадметаў паўсядзённага побыту.

Жыхары Забалоцця не забываюць свайго славутага земляка, яны ўмеюць выдатна працаваць і добра весяліцца.

Людміла БЕЛАЯ.
← Предыдущая

Ценю, что живу и работаю в Миорах

Назад к списку
Следующая →

Пераймаць вопыт. Выпраўляць недахопы

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]