Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Официально: 27 августа в Миорах пройдет профсоюзный правовой прием граждан
Официально: На Миорщине стартовала благотворительная акция «Соберем портфель вместе»
Социальный вектор: Минобразования определило тему первого урока в новом учебном году
Официально: Анатолий Сивко проинспектировал ход уборочной кампании в Миорском районе
Официально: Мониторинг цен и ассортимента: депутат Анатолий Сивко посетил автомагазин

Кожны год у апошнюю нядзелю ліпеня Валерый Шаўчонак падымае раніцай над сваім домам ваенна-марскі сцяг СССР. У календары дзяржаўных святаў Беларусі Дзень ваенна-марскога флоту не значыцца, але застаецца важнай датай для многіх суайчыннікаў. У Валерыя Міледзьевіча з флотам звязана пятнаццаць гадоў.
На паліцы побач з кнігамі белая фуражка. У шафе беражліва захоўваецца форма, у якой звальняўся ў запас. Яна і цяпер якраз, апранае на ўрачыстыя мерапрыемствы. Сярод апошніх – святы горада ў нашым райцэнтры і суседнім Верхнядзвінску. У красавіку разам з таварышамі Валерый Шаўчонак удзельнічаў у мерапрыемствах у Шуміліна, прысвечаных гадавіне гібелі падводнай лодкі «Камсамолец». Запрашаюць ваенных маракоў у школу расказаць пра службу.
– Апранаю сваю форму з задавальненнем і нашу з гонарам, – заўважае Валерый Міледзьевіч. – Ганаруся, што служыў на флоце, і ўдвая – што ў марской пяхоце.
Прафесію Валерыя Шаўчонка прадвызначыла дзяцінства ў ваенных гарнізонах.
– Тата быў ваенным. Служыў у Беларусі, Германіі, на Далёкім Усходзе. Карані нашы на Міёршчыне, аднак я нарадзіўся ў Германіі, школу заканчваў у Прыморскім краі, – расказвае суразмоўнік. – Акрамя ваеннага, я сябе нікім не ўяўляў. Адзіная дылема: адразу паступаць у ваеннае вучылішча ці спачатку тэрміновую адслужыць. Вырашыў пайсці ў армію.
Да арміі, куды прызвалі ўвосень 1982-га, Валерый паспеў папрацаваць на Прыморскім электрамеханічным заводзе і атрымаць спецыяльнасць радыётэлеграфіста ў марской школе ДТСААФ, куды накіравалі ад ваенкамата. Апошні факт адыграў ролю ў вызначэнні роду войск, куды трапіў навабранец.
– Мне кажуць: «Два гады будзеш служыць». Пытаюся: «Куды пайду?» – «У марскую пяхоту», – у дэталях памятае свой прызыў.
Месцам службы стала вайсковая часць у горадзе Савецкая Гавань у Хабараўскім краі. Сюды вярнуўся прапаршчыкам пасля школы мічманаў, якую скончыў па завяршэнні тэрміновай службы. Быў старшыной у сваёй жа роце.
– Яшчэ пасля першага года службы падаваў дакументы на факультэт марской пяхоты ў ваеннае вучылішча, але яны прыйшлі ва ўстанову са спазненнем, – заўважае суразмоўнік. – На наступны год вырашыў пайсці ў школу мічманаў. Усяго на флоце з улікам тэрміновай службы 15 гадоў.
Забеспячэнне быту ваеннаслужачых, іх баявая падрыхтоўка, дысцыпліна ў роце ўваходзілі ў лік абавязкаў прапаршчыка. У роце, дзе служыў Валерый Шаўчонак, была адна завядзёнка, ініцыяваная камандзірам. У канцы кожнага месяца салдаты пісалі, што ім падабаецца, а што трэба палепшыць.
– Запісы былі ананімныя, почырк ніхто не звяраў, бо мэта была ў іншым – даць ваеннаслужачым выказаць сваё меркаванне, – адназначае суразмоўнік. – Адзін з матросаў пра мяне аднойчы напісаў, што старшына строгі, справядлівы, але адзіная негатыўная рыса – празмерная беражлівасць.
У 1997 годзе вайсковую часць у Савецкай Гавані расфарміравалі. У Валерыя Міледзьевіча якраз скончыўся кантракт і прыйшоў час пенсіі. З сям’ёй прыехаў на Міёршчыну. Тут стаў прычалам бацькоўскі дом жонкі ў Пад’ельцах. Марскі пехацінец уладкаваўся вартаўніком у ветстанцыю, дзе працуе і цяпер. Работа побач з домам – вялікі плюс.
Ад часу службы Валерыя Міледзьевіча аддзяляюць ужо 29 гадоў, аднак тая пара па-ранейшаму ў памяці, у душы, у сэрцы. Трымае сувязь з саслужыўцамі. Перапісваюцца ў сацыяльных сетках, перыядычна сустракаюцца. Падчас мерапрыемства ў Шуміліне пазнаёміўся з мічманам, які таксама служыў у Савецкай Гавані.
– Толькі ён на караблі быў, а я на сушы. Можа быць, калісьці адзін аднаго і бачылі, – гаворыць суразмоўнік. – Вельмі рады, што на Міёршчыне з’явілася раённая арганізацыя Беларускага саюза ваенных маракоў. Спадзяюся, нашы рады будуць пашырацца. Марское брацтва непарушнае. Гэта сапраўды так, без ніякага пафасу.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял з архіва Валерыя ШАЎЧОНКА.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.