Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Профилактика: Внимание: ухудшение погодных условий. Будьте осторожны на дороге!
Актуально: 8 мая в Беларуси сокращённый рабочий день перед Днем Победы
Спорт: "Миорский забег": эстафета памяти к 9 Мая
Официально: Накануне Дня семьи тематические прямые линии "Все для семьи" проведут специалисты социальной службы

Самы маленькі ў Беларусі горад, самы стары ў краіне мост, касцёл, што мае «брата-блізня» ў Італіі; унікальны сучасны помнік «Дзеці міру – дзецям вайны»… Багатая Міёршчына на гістарычныя мясціны і адметныя помнікі. Для знаёмства з імі распрацоўваюць экскурсійныя маршруты ў гісторыка-этнаграфічным музеі. Куды прапаноўваюць завітаць турыстам, пацікавіліся ў дырэктара ўстановы Аксаны Лагунёнак.
– Распрацавана пяць эксурсійных маршрутаў, – адзначае Аксана Анатольеўна. – Напрыклад, экскурсія «Па старых вуліцах Міёр» знаёміць з адметнасцямі райцэнтра. Падчас такой прагулкі па горадзе новае для сябе адкрыюць мясцовыя жыхары, шырокае ўяўленне пра Міёры атрымаюць госці горада. Маршрут вядзе праз Плошчу памяці загінулых барацьбітоў, Набярэжную, плошчу Леніна, вуліцу Дзяржынскага. Экскурсаводы распавядаюць пра ўзведзены ў 1905 – 1907 гадах неагатычны касцёл Унебаўзяцця Прасвятой Дзевы Марыі, што з’яўляецца візітнай карткай горада; пра скульптуру Маці Божай з немаўляці на руках – адзін з самых вялікіх бронзавых помнікаў у Еўропе. У скверы ля плошчы Леніна сярод іншых звяртае на сябе ўвагу сучасны помнік «Дзеці міру – дзецям вайны», усталяваны па праекце мясцовага майстра. Свая гісторыя ў храма Палажэння Рызы Прасвятой Багародзіцы ва Улахерне, дзе першую літургію адслужылі ў снежні 1991 года. Назва святыні – памяць пра аднайменную царкву ў Падданах, разбураную ў 1956 годзе. Таксама на вуліцы Дзяржынскага звяртае на сябе ўвагу мурал на сцяне пяціпавярхоўкі ў стылі маляванкі, дзе адлюстраваны адметнасці Міёршчыны.
– Вандроўку па маршруце Міёры – Ідолта – Лявонпаль прапаноўвае «Краязнаўчая казка». Уключае ў сябе экскурсію «Па старых вуліцах Міёр» плюс наведванне адметнасцяў у месцейках Ідолта і Лявонпаль. Дарэчы, раней гэтыя населеныя пункты мелі іншыя назвы. Так, Ідолта ў гістарычных крыніцах 16 стагоддзя ўзгадваецца як Дубрава. Першапачаткова гэта было ўладанне вядомага ў ВКЛ роду Рудамінаў-Дусяцкіх. З 1725 па 1824 гады належала Сапегам. Пазней месцейка выкупіў суддзя Іосіф Мілаш. На сродкі яго сына Яўгена ў 1862 годзе пабудавалі сядзібны дом і капліцу на беразе возера. У Ідолта знаходзіцца касцёл Маці Божай Шкаплернай, узведзены ў 1939 годзе па праекце італьянскага архітэктара. На поўначы Італіі ў каталіцкай святыні ёсць «брат-блізня».
Адразу тры помнікі 18 стагоддзя ўбачыць вандроўнік у Лявонпалі. Гэта руіны палаца Лапацінскіх, драўляная Траецкая царква, калона ў гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 года. У гістарычных дакументах месцейка ўзгадваецца ў 1506 годзе як Чурылавічы. На працягу амаль стагоддзя гэта было радавое гняздо Лапацінскіх. У іх палацы знаходзіліся вялікая бібліятэка, карцінная галерэя, тэрыторыю аздабляў парк у французскім стылі.
Скарочаны варыянт – маршрут «Зачараванне Міёрскага краю». Пачынаецца ў Міёрах, працягваецца ў Ідолта, завяршаецца на вадаспадзе на рацэ Вята.

– Падарожжа па маршруце Дзісна – Цвеціна – Язна – Калінавае ўключае экскурсія «Свой край ведай, любі, паважай». У Дзісне вандроўнік пройдзе па самым старым у краіне мосце з драўляным насцілам і каменнымі апорамі, якому больш за сто гадоў; пабачыць узведзены ў 1870 годзе на самым высокім месцы ў горадзе храм Увазнясення Хрыстова; абавязкова захоча зрабіць сэлфі на фоне руін уезнай бальніцы 1903 года, што сталі фонам для здымкаў фільма «Чорная бяроза». Будынак былога казначэйства, пажарная каланча, касцёл Беззаганнага Зачацця Прасвятой Дзевы Марыі, будынак былой гімназіі… У Дзісне шмат адметных пабудоў, у кожнай свая гісторыя. Напрыклад, гімназія, што дзейнічала «за польскім часам», знаходзілася ў пераабсталяваных памяшканнях царскай турмы канца 19 стагоддзя. Акрамя вучэбных класаў тут меліся майстэрня са станкамі, кабінет біялогіі, батанічны сад. Вучоба каштавала 900 злотых у год. Гімназісты вывучалі лацінскую мову, займаліся ў тэатральным гуртку, скіроўваліся на экскурсіі ў Вільню, Варшаву. Ва ўстанове выпускалі часопіс «Наш голас».
З Дзісны экскурсійны маршрут вядзе ў Цвеціна, Язна і Калінавае, дзе галоўныя адметнасці – праваслаўныя храмы.

– З Новым Пагостам знаёміць экскурсійны маршрут «Гісторыя і сучаснасць Новапагосцкага краю». Вядомае з 1498 года месцейка належала Яну Сапегу, затым перайшло да Ігната Бужынскага, пасля – да Юндзілаў. Апошнія ўладальнікі – Канаплянскія. Сярод адметнасцяў – царква Святога Мікалая Цудатворцы і касцёл Святой Троіцы. Праваслаўны храм – помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Узведзены з цэглы і бутавага камня ў 1880 годзе. Першая каталіцкая святыня заснавана ў Новым Пагосце канцлерам ВКЛ Львом Сапегам і каралём Жыгімонтам ІІІ у 1593 годзе. У 1656-м касцёл перабудавалі пасля пажару. Сучасны выгляд ён набыў у 1859-м, калі быў адрэстаўрыраваны і пашыраны.
Работа па распрацоўцы новых экскурсійных маршрутаў працягваецца.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял з архіва рэдакцыі і з адкрытых крыніц.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.