Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Происшествия: 23- летняя учительница из Витебска стала жертвой мошенников
Экономика: Важная информация для плательщиков налога на профессиональный доход
Пульс Миорщины: Духовная радость в «Росинке»: визит епископа Полоцкого и Глубокского Игнатия
Туризм: На Витебщине утверждены сроки сбора дикорастущих ягод в 2026 году

Быць маці для Таццяны Галіцкай з Пад’ельцаў – работа ў прамым сэнсе слова. 13 гадоў прыёмная маці з любоўю і цеплынёй клапоціцца пра дзяцей і лічыць сваю справу ідэальнай прафесіяй.
У Таццяны Міхайлаўны з сабой альбомы. У іх сабраны і творча аформлены фотаздымкі, выразкі газетных артыкулаў, якія адлюстроўваюць адметныя і звычайныя, сямейныя і школьныя моманты з жыцця яе выхаванцаў. Гартаем старонкі – вее цеплынёй ад занатаваных фотаімгненняў.
– Гэтыя альбомы называю «кнігамі жыцця», – цёпла ўсміхаецца суразмоўніца. – Афармляю іх кожнаму з дзяцей. Хочацца рабіць гэта з творчым падыходам.
Першы альбом – для Вовы. Ён быў вучнем-пачаткоўцам, калі сышліся ў адной кропцы іх шляхі. Так у хлопчыка з’явілася любячая сям’я, а ў Таццяны Міхайлаўны – першае прыёмнае дзіця.
– Усмешлівы, камунікабельны, лёгка ішоў на кантакт з людзьмі. Акрамя агульнаадукацыйнай, вучыўся ў школе мастацтваў. Іграў на фартэпіяна, гітары, балалайцы, акардэоне, быў удзельнікам узорнага аркестра баянаў і акардэонаў, – расказвае маці. – Да працы яго прывучалі. Адна з задач сям’і – падрыхтаваць дзіця да дарослага жыцця. Блінчыкі добра пёк, а сярод летніх абавязкаў значылася прыгатаванне шарлоткі. Быў добрым памочнікам у розных гаспадарчых справах.
На здымках у альбоме хлопец часта з прыгатаванымі ім стравамі. Сваю «кнігу жыцця» Уладзімір пакінуў дома, з сабой узяў электронную версію. Цяпер яму 21, нядаўна пераехаў у Санкт-Пецярбург, уладкаваўся ў будаўнічую фірму. З маці пастаянна на сувязі.
Толькі год Таццяна Міхайлаўна была ў статусе прыёмнай маці для Дар’і і застаецца яе родным чалавекам. Сустрэліся, калі дзяўчына пайшла ў дзявяты клас. Затым паехала вучыцца. Будучы цырульнік і мастак-мадэльер ужо практыкуецца ў сваёй справе. Вельмі дарэчы аказаліся навыкі, атрыманыя на выяўленчым аддзяленні дзіцячай школы мастацтваў.
– Даша – разумніца, вельмі мэтанакіраваная. Рада за яе, – заўважае Таццяна Міхайлаўна. – Да нас прыязджае са сваім маладым чалавекам, паміж імі светлыя і добрыя адносіны. Падарункі штораз прывозяць і нам з мужам, і дзецям.
Тры гады таму Таццяна Міхайлаўна стала маці для Вікторыі. У яе «кнізе жыцця» ўжо шмат фота, газетных артыкулаў, фраз натхнення і любові. Вось яркі кадр ля поля сланечнікаў падчас іх першай сямейнай паездкі, вось дзяўчынка ідзе ў шосты клас, вось яна на экскурсіі з класам на «Беларусьфільме», вось танцуе ў складзе харэаграфічнага калектыву, вось вядзе школьнае мерапрыемства.
– Таленавітая, разумная, усебакова развітая. Удзельнічала ў алімпіядах па рускай, беларускай і англійскай мовах, – радуецца Таццяна Міхайлаўна за дачушку.
Сёлета Вікторыя скончыла восьмы клас і харэаграфічнае аддзяленне дзіцячай школы мастацтваў. Займаецца ў гуртку журналістыкі ў раённым Цэнтры дзяцей і моладзі. Дома дапамагае з хатнімі і гаспадарчымі клопатамі.
Самы малодшы ў сям’і – васьмігадовы Герман. Як заўважае Таццяна Міхайлаўна, з боку яе роднага сына ніколі не было рэўнасці да прыёмных дзяцей. Для кожнага з іх ён стаў малодшым братам, якога акружалі клопатам і песцілі ўвагай.
– Добразычлівы, цікаўны, любіць збіраць канструктар і спраўляецца нават са складанымі мадэлямі, – расказвае маці пра малодшае дзіця. – Герман скончыў першы клас, займаецца ў гуртку робататэхнікі ў цэнтры дзяцей і моладзі. Чытаем з ім кожны дзень.
Сумесны летні адпачынак бацькоў і дзяцей – купанне ў возеры, нарыхтоўка іван-чаю на лугах, збор грыбоў і ягад у лясах. Сярод сямейных святаў значыцца ў календары сярэдзіна лета. З тортам адзначаюць пачатак і канец навучальнага года. Традыцыя на канікулах – паездкі ў Полацк, дзе вырасла Таццяна Міхайлаўна.
Усе выхаванцы называюць Таццяну Міхайлаўну мамай. Для яе гэта каштоўна. Значыць, атрымалася знайсці шлях да дзіцячых сэрцаў, якім давялося сустрэцца з болем.
– Прыёмная маці – вялікая адказнасць. Гатоўнасць пры- няць дзіця павінна быць унутры, – заўважае суразмоўніца. – Муж мяне падтрымлівае. На ім большая частка гаспадарчых клопатаў. Для сябе пераканалася, што мая работа – ідэальная. Ты і маці, і настаўнік, і выхавацель. Рада, што ў мяне такая прафесія.
Ёсць у прыёмнай маці час для сябе. Вяжа кручком, даглядае кветкі, развучвае творы на фартэпіяна, спрабуе новыя кулінарныя рэцэпты. Часта гатуюць ласункі разам з дзецьмі: торты, пірагі, марожанае. Летам у меню абавязкова шарлотка, зімой – цірамісу. Яшчэ адзін любімы занятак – чытанне. Працягвае вывучаць педагагічную літаратуру. Сярод настольных кніг – Біблія.
– Гэта кніга, якую павінен чытаць кожны. Багатая крыніца маральных каштоўнасцей. З дзецьмі чытаем біблейскія апавяданні, – заўважае суразмоўніца. – Важна выхаваць у дзяцей унутраную чысціню, трывалыя маральныя прынцыпы. Чым маральней грамадства, тым менш у ім праблем.
Таццяна Міхайлаўна пагаджаецца, што яе справа – гэта штосьці большае, чым работа. Тут усё трымаецца на жывых пачуццях - ты дорыш любоў, цеплыню, пяшчоту, клопат.
– У мяне педагагічная адукацыя, настаўнік пачатковых класаў, працавала ў школе. Скончыла школу мастацтваў па класе фартэпіяна, і гэты інструмент пасля зацікавіў майго першага выхаванца. Усё маё папярэдняе жыццё было падрыхтоўкай да сустрэчы з гэтымі дзецьмі. Відаць, ім патрэбна была я, а яны – мне. Такімі, якія яны ёсць, – адзначае прыёмная маці.
Кацярына Рынкевіч.
Фота з архіва Таццяны ГАЛІЦКАЙ.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.