19 Декабря 2010

Слова земляка-краязнаўцы

gazeta
  • 450
Наш вядомы зямляк Сяргей Панізнік разважае пра шляхі захавання непаўторнасці і побытавых скарбаў рэгіёна:

—Родная зямля на падкове Дзвіны... Там глыбіня ракі—духоўнай артэрыі трох народаў—і этнаграфічная глыбінка, нязніклыя выявы гісторыі, помнікі працы, старонкі радаводаў, згукі народнай памяці, нястрачанае натхненне рупліўцаў.
Каб захаваць непаўторную ідэнтычнасць, нацыянальную адметнасць побытавых скарбаў глыбінкі, і ствараліся мае музеі. Бо кожная Хата не толькі жыллё. Гэта—сусвет. Хацелася “агучыць” парог, покуць, маціцу, бажніцу для сакральных агледзін чалавечага быцця.

Хата бабкі Параскі, дзе гаспадыня пакінула мне ручнік-абярэг з выявамі русалляў ХII ст. і ідыяграмай вады (памяць эпохі неаліту), стаў мне прыстанкам для наведвання жыхароў Асвейшчыны, каб распытаць для сваёй кнігі яшчэ жывых вязняў Саласпілса, Майданака, Равенсбрука... Тут начавалі “тры народы”—удзельнікі экспедыцыі па Дзвіне—Даўгаве ад вытока да вусця. Зараз, каб пабачыць экспанаты (і пра Райніса, які спыняўся ў недалёкім Бігосаве), трэба дазвол памежнікаў. А вось былую графскую рэзідэнцыю Лапацінскіх, даўнія царкву, школу, Еўфрасінеўскі крыж, Калону ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года, музей і яго філіял можна агледзець штодня. Толькі трэба загадзя папярэдзіць загадчыцу Лявонпальскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу Таццяну Канстанцінаўну Кліманскую (33612, 33630).

У музеі здзівіць вас не толькі драўляны ровар. Экспанаты нагадваюць пра сувязі Лявонпаля з Расіяй, Латвіяй, Літвой, Польшчай, Францыяй. Наведвальнікам прыдзецца задумацца: адкуль наш род, у чым аснова існасці чалавека, што значыць народ для цябе і ты для народа.

Пераначаваць дапаможа “Хата бабкі Ядзвінні”, дзе можна і жорны пакруціць. А ўзоры на ходніку-палавіку з сімваламі арыяў не дадуць забыць, што мы пра-пра-праіндаеўрапейцы. Падрыхтаваў я і дыскі з аўтэнтыкай. У 1968-69 гг. запісаў ад сваіх землякоў народныя песні гадавога цыклу (асаблівае гучанне валачобных, вясельных мелодый!).

Удзячны турботам Т. К. Кліманскай, усім “сааўтарам” у выяўленні скарбаў. І асабліва мастаку, краязнаўцу Аляксандру Аніськовічу з Віцебска. Яго ўнёсак у аздобу музеяў і ўсяго Лявонпаля невымерны.


У фондзе музея “Лявонпальскія аўтографы” паэт Уладзімір Скарынкін на адной са
сваіх кніг пакінуў такія радкі:
Жадаю шчыра я, каб пакрысе
Радзімазнаўцамі мы сталі ўсе.
Упрытык да дарчага надпісу майго сябрука смела стаўлю клічнік!
← Предыдущая

Миорские встречи. Миорчанка Вильгельмина Шабуцкая поделилась впечатлениями о СШ № 3

Назад к списку
Следующая →

Сіцькоўскай СШ-саду—25

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]