Калісьці спявала "Машина времени", што птушка ўдачы перастала давяраць людзям і сустрэць яе амаль немагчыма. Аляксандр і Вераніка Хаданёнкі з Чапукоў на "птицу цвета ультрамарин" не палявалі, а самі яе змайстравалі. На падворку пасяліўся сімвал кахання і прыгажосці, гордасці і мудрасці—экзатычны блакітны паўлін. Непадалёку размясцілася сімпатычная зялёная жабка, а на другім канцы двара—пара закаханых на масточку.
З прыветнай усмешкай сустракае маладая гаспадыня. Садзімся на шырокія арэлі, таксама ўласнай вытворчасці. Разам з мамай уладкоўваецца двухгадовы Коля. Старэйшаму Косцю 5, ён бегае побач са сваім лукам і захоплена ўскрыквае: "Глядзіце, як я стрэліў!"
—Каго чакаеце?—пытаюся, гледзячы на круглы жывот Веранікі.
—Хлопчык будзе,—радасна адказваюць бацькі.
—Імя выбралі?
—Яшчэ не. Пабачым яго і зразумеем, як назваць,—заўважае матуля.

Трэці сынок з'явіцца на свет у пачатку верасня. Можа быць, ён і натхніў маці да творчасці. Дэкаратыўныя скульптуры з цэменту Вераніка майстравала на шостым месяцы цяжарнасці. Матэрыял у запасе меўся, бо ў доме ідзе рамонт.
—Уласнае жыллё набылі два гады таму,—расказвае гаспадыня.—Месца тут добрае, на ўзгорку. Высеклі старыя дрэвы і кустоўе, абнавілі фасад, добраўпарадкавалі тэрыторыю. Мой старэйшы брат шмат у чым дапамог. Хочацца зрабіць наш дом утульным, а падворак—прыгожым. У планах абгарадзіць тэрыторыю плеценым плотам, змайстраваць з бочак паравозік для дзяцей.
Дзяўчынай з залатымі рукамі называюць Вераніку вяскоўцы. Робіць прыгожыя жаночыя прычоскі, піша партрэты сваіх родных, яшчэ школьніцай малявала розныя плакаты. На старой, але на-дзейнай машынцы "Зінгер", падоранай бабуляй, шые адзенне і навагоднія касцюмы сыночкам.

Аляксандр ганарыцца таленавітай і працалюбівай жонкай. Падтрымлівае і дапамагае ажыццяўляць яе ідэі. Сам працуе вартаўніком у мясцовым ААТ, каб весялей праходзіла дзяжурства, чытае кнігі.
—Творчасцю займацца спрабавалі?—цікаўлюся ў гаспадара.
—У мяне так не атрымаецца,—смяецца ў адказ.
29 жніўня Аляксандр і Вераніка адзначылі 7-ю гадавіну з дня знаёмства. Гісторыя іх кахання пачалася з смс-паведамлення. Дзяўчына-старшакласніца разам з сяброўкамі жартам адпраўлялі на выпадковыя нумары смс-кі. Тэкст дакладна не памятае, штосьці тыпу "Чым займаецца маё сонейка?" Абанентам, на чый нумар прыйшло паведамленне-жарт, аказаўся 17-гадовы хлопец з Шаркаўшчынскага раёна. Аляксандр, на той час навучэнец вучылішча, вырашыў патэлефанаваць і пачуў у трубцы вясёлы дзявочы голас. Тэлефонны раман цягнуўся нядоўга. У хуткім часе сустрэліся і больш не рассталіся.

Здавалася б, зусім яшчэ дзеці, яны цвёрда намерыліся крочыць па жыцці поруч, кахаць, паважаць і падтрымліваць адно аднаго. Праз год нарадзілі першынца. Сыну тры месяцы было, калі на Аляксандра на дарозе наехаў аўтамабіль. У выніку здарэння малады муж і тата застаўся інвалідам. Выпрабаванне на мужнасць і мудрасць вытрымалі годна, рук не апусцілі і бадзёрасці духу не страцілі.
Цяпер старанна ўладкоўваюць сямейнае гняздзечка і з прыемным хваляваннем чакаюць папаўнення. Вясковае жыццё па душы і бацькам, і дзецям. Цішыня і свежае паветра, спакой і прыволле, градкі ў агародзе, з клопатам і ахвотай дагледжаныя гаспадыняй. У горад не цягне, а жыць цікава можна і ў сельскім мястэчку. Сёлета сямейным дуэтам упершыню спявалі на аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці. Уражанні засталіся станоўчыя. Хто ведае, можа быць, праз пэўны час усёй дружнай сям'ёй у артысты запішуцца.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.