23 Сентября 2021

Вильгельмина ШАБУТСКАЯ: Жизнь по маршруту Миоры - Казахстан - Германия

gazeta
  • 733

 Ураджэнка Міёршчыны Вільгельміна ШАБУЦКАЯ 15 гадоў жыве ў Германіі. Пра гэта не марыла, так склаліся сямейныя абставіны. Кожны год разам з мужам Аляксандрам прыязджае на сваю радзіму. Прагулкі па ваколіцах, сустрэчы з роднымі, сямейныя пасядзелкі нібы гаючы нектар сілкуюць душу і надоўга зараджаюць энергіяй.

 

Міёршчына – Казахстан – Германія
З Вільгельмінай Шабуцкай пастаянныя чытачы раённай газеты знаёмы. Два гады таму мы расказвалі пра нашу зямлячку («Міёрскія навіны», № 66 за 7 жніўня 2019 года). Нагадаем, што Вільгельміна Альбертаўна родам з вёскі Калганова, якая знаходзілася ў ваколіцах Дворнага Сяла. Калі ёй было 11 гадоў, сям’я падалася на цаліну ў Казахстан. Там скончыла школу, затым педінстытут, стварыла сям’ю. Настаўнічала, працавала ў органах мясцовай улады.

 
Пасля распаду Савецкага Саюза паўстала пытанне пра змену месца жыхарства. Спачатку на радзіму ў Германію выехаў муж Аляксандр. Вільгельміна з сынам Сашам наведаліся да яго ў 1996-м годзе.
– Сына зачаравала Германія. На фоне той разрухі, што панавала ў 90-я ў Казахстане, яму там усё цудоўным здавалася. У сёмы клас Саша пайшоў у нямецкую школу, – распавядае субяседніца. – Менавіта жаданне сына стала вызначальным для пераезду. Сама я жыць за мяжой не жадала. Быў перыяд – з 2002 па 2006 гады – калі прыехала ў Міёры і працавала ў СШ № 3 намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Затым зноў вярнулася да сям’і.

 

Эйфарыя на радзіме

У Вільгельміны Шабуцкай беларускі пашпарт і бестэрміновы від на жыхарства ў Германіі. Нямецкае грамадзянства свядома не прымала.
– Я савецкі чалавек, – падкрэслівае яна і тлумачыць, што ўкладвае ў гэта паняцце: – Люблю сваю родную зямлю. Мае каштоўнасці: сяброўства, узаемападтрымка, калектывізм. Для мяне застаецца актуальным колішні лозунг: «Спачатку думай пра радзіму, а пасля пра сябе». Праз інтэрнэт падтрымліваю адносіны з землякамі з Міёршчыны і Казахстана, у Германіі ўсё маё акружэнне рускамоўнае. Пастаянна сачу за падзеямі ў Беларусі, перажываю, дзялюся думкамі на сваіх старонках у сацыяльных сетках, знаходжу шмат аднадумцаў.
Раз, а то і два на год Вільгельміна Альбертаўна прыяз- джае на Міёршчыну.

 
– Як толькі перасякаем граніцу і аказваемся на беларускай тэрыторыі, мяне накрывае эйфарыя, – прызнаецца яна. – Тут усё іншае і такое роднае: неба, туманы, рамонкі і васількі. Тут нават дыхаецца інакш.

 
 У райцэнтры жыве маці Эма Анатольеўна, шмат сваякоў. Праз інтэрнэт знаходзіць новых сяброў на роднай зямлі.
Сёлета на Міёршчыну прыехалі ў жніўні. Тыдзень самаізаляцыі правялі ў Наўгародах на падворку добрага знаёмага Івана Мараза. Бытавых клопатаў гаспадарам не дадалі. У аўтадоме, які набылі для падарожжаў, ёсць усё неабходнае для жыцця: спальныя месцы, кухня, шафа, душ, прыбіральня.

 
– На такім транспарце вельмі зручна выпраўляцца ў далёкую дарогу, – заўважае Вільгельміна Альбертаўна. – Дарэчы, у Германіі падчас пандэміі дамы на колах сталі карыстацца асаблівым попытам.
У Наўгародах гасцей частавалі стравамі з грыбоў, шашлыком з бараніны. Рыбалку і вясковыя вечарынкі ладзілі ў Асінаўцы на дачы ў сваякоў Анатоля і Аліны Азевічаў. З роднай сястрой Нарбертай, якая цяпер пражывае у Заслаўі, пакаталіся на веласіпедах па дворнасельскіх ваколіцах. Сустрэліся афлайн з жыхаром Язна Алегам Вайцяховічам, ён правёў на крынічку  Святога Яна. Даехаць туды на даволі аб’ёмным транспарце аказалася няпроста, але дабраліся.

 
З родных мясцін у Германію Вільгельміна Шабуцкая штораз вязе мноства добрых уражанняў і дзве сумкі беларускага хлеба. Шкадуе, што праз граніцу нельга перавозіць мясную і малочную прадукцыю, інакш таксама закуплялася б пра запас.

 

Пра станоўчыя бакі і адмоўныя моманты

– За мяжой праблемы з харчаваннем? – жартам заўважаю субяседніцы.
– Асартымент у магазінах багаты. Прадукты апетытныя на выгляд, у прывабнай упакоўцы, але нясмачныя. Напрыклад, свякроўка кансерваваныя агуркі залівае вадой, каб з іх воцат выцягнула. Каўбасы нямецкія вельмі салёныя. Хлеб пякуць з загадзя падрыхтаванага цеста, якое папярэдне размарожваюць. Можа быць, для немцаў такая ежа звыклая, але нам не падабаецца. За пакупкамі ходзім у рускі магазін, – гаворыць яна. – У Міёрах, дарэчы, за апошнія гады сетка гандлёвых кропах значна пашырылася. Шырокі выбар тавараў на любы густ. Стала актыўна развівацца сфера паслуг, ёсць дзе зрабіць прычоску і манікюр. Гэта таксама радуе. У захапленні ад медыцыны. У Германіі, каб трапіць да вузкага спецыяліста, трэба месяцы два чакаць, а медагляд увогуле толькі раз у тры гады можна прайсці. Скарысталася гэтай магчымасцю ў Міёрах. Асабліва мяне ўразілі ўважлівыя адносіны ўрачоў да пацыентаў. Разам з тым умовы, у якіх яны працуюць, у мясцовай паліклініцы не самыя лепшыя.

 

Поўны тэкст вы можаце знайсці ў нумары №75 "Міёрскіх навін" на сайце https://belkiosk.by.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял з асабістага архіва Вільгельміны ШАБУЦКАЙ.

← Предыдущая

В Миорах прошел марафон по скандинавской ходьбе в День пожилых людей

Назад к списку
Следующая →

«Журавлиную свадьбу» встретили Александр Мороз и Оксана Борейка

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]