29 Июня 2021

Николай и Юлия ШОТИКИ из Дисны: «В юности мечтали о квартире в большом городе. Сейчас она не нужна».

gazeta
  • 613

 Калісьці Мікалай і Юлія ШОЦІКІ марылі пра ўласную кватэру ў вялікім горадзе, а цяпер рады, што жывуць у сваім доме ў маленькай Дзісне. Прывабны светлы дом. Шырокі ганак, над якім красуюцца рознакаляровыя петуніі ў кашпо. Прасторны двор з агародчыкам, цяпліцамі, лазняй, гаражом упрыгожваюць клумбы з кветкамі. Так выглядае сядзіба дзісненцаў Мікалая і Юліі Шоцікаў. Гаспадары разам клапоцяцца пра парадак і прыгажосць у доме і на падворку.

 

Кветкавая паласа з некалькіх клумбаў цягнецца ўздоўж двара адразу за агароджай. Вясной тут красавалі прымулы і цюльпаны. Цяпер цвіце ружа, чырванеюць сальвіі, запальваюць жоўта-аранжавыя агеньчыкі аксаміткі. На круглай клумбе ля самага дома вось-вось раскрыюцца лілеі. Бліжэй да восені палітру жывых красак разбавяць хрызантэмы.

 
– Яшчэ не ўсе кветкі на сваіх клумбах ведаю. Як кветкавод я, можна сказаць, толькі пачынаю, – гаворыць гаспадыня. – Хочацца, каб на ўчастку было акуратна і прыгожа. Увосень плануем пасадзіць ля агароджы дэкаратыўнае кустоўе. Будзем далей тэрыторыю добраўпарадкоўваць.

 
У Дзісну сям’ю Шоцік у 2008 годзе прывялі абставіны. Мікалай на той час працаваў у аварыйна-выязной брыгадзе дзісненскага ўчастка электрасетак і лепш было жыць па месцы працы. Вось і перабраліся з яго роднай вёскі Дарожкі Язненскага сельсавета ў маленькі гарадок, дзе купілі дом.

 
– Гэта быў звычайны драўляны сіне-жоўты домік на тры вялікія пакоі, – расказвае Юлія. – У 2016 годзе пачалі маштабны рамонт, які доўжыўся два гады. Зрабілі перапланіроўку, дабудавалі ганак, правялі ацяпленне, змянілі знешні выгляд. Гараж пабудавалі. Часу, сродкаў і сіл шмат затрацілі, аднак вынік радуе.

 
Прывёўшы ў парадак дом, гаспадары ўзяліся за тэрыторыю. Дзе разбіць клумбы, якія кветкі пасадзіць, абмяркоўвалі на сямейным савеце. Глеба на ўчастку пясчаная, не ўсе расліны яе любяць, трэба шмат паліваць. Жаданне і старанне прывялі да належнага выніку. Свае дом і двор Мікалай і Юлія ператварылі ў прыгожае і ўтульнае месца, дзе хораша самім і куды любяць прыязджаць родныя і сябры з горада. Усім падабаецца адпачываць у цішыні на прыродзе.

 
– У маладосці мы марылі пра кватэру ў вялікім горадзе, але не мелі магчымасці купіць. Цяпер яна не патрэбна, – заўважае гаспадар. – Нам добра ў маленькай утульнай Дзісне. У большы горад заўсёды трапіць можна. Бываем там па справах: то ката лечым, то пакупкі робім. На працу на «Палімір» я на сваім аўтамабілі дабіраюся. Работа па зменах, графік зручны, хапае часу для дамашніх клопатаў.

 
  Юлія апошнія пяць гадоў занята інжынерам па падрыхтоўцы кадраў у ДЛГУ «Дзісненскі лясгас». Працаваць па спецыяльнасці эканаміста, якую атрымала ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, не давялося. Была бухгалтарам у Язненскім ПМС, мае вопыт работы ў бібліятэцы ў родным Завуцці.

 
– Пра бібліятэку асабліва прыемна ўспамінаць, – усміхаецца яна. – Аднак дабірацца на працу з Дзісны было не вельмі зручна. Як з’явілася вакансія ў лясгасе, змяніла месца працы.

 
У вёску цяпер наведваюцца да бацькоў. Дапамагаюць з агародамі і гаспадаркай. Для адпачынку выбіраюць цішыню і прыроду. Трынаццацігадовы сын Саша – заўзяты аматар-рыбалоў. У мінулым годзе здзівіў шчупаком вагой амаль у тры кілаграмы. Пайшоў у чатыры раніцы рыбачыць, а ў шэсць вярнуўся з трафеем. Рыбу пасмажылі, але адной сям’ёй не справіліся. Запрасілі частавацца бацькоў.
Пасядзець з вудай на беразе вадаёма падабаецца Юліі. Мікалай да такога занятку раўнадушны, аднак сямейныя рыбалоўныя ўікэнды не прапускае. Дома разам з сынам заняты ў гаражы машынай і матацыкламі.

 
Цёплымі летнімі вечарамі сям’я збіраецца на вячэру на ганку. На свежым паветры і смачней, і цікавей. І прыгажэй, бо навокал – прастор, зеляніна, кветкі.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва сям’і ШОЦІК.

← Предыдущая

Золотая свадьба семьи Танковид из Каменполья

Назад к списку
Следующая →

Главный экономист СУП «Титово» Виктория ЯНКОВСКАЯ: "Любая цифра материальна"

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]