Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Прырода прыпаднесла сюрпрыз: зіма з марозамі і завеямі так і не надышла. Але на парозе каляндарная вясна, поле хутка пакліча механізатараў. Як нашы сельгаспрадпрыемствы гатовы да пасяўной, гутарым з першым намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віктарам ГАГАЛІНСКІМ.
Віктар Уладзіміравіч, як ацэньваеце сітуацыю на палях раёна?
– У тым, што палеткі сёлета амаль не зведалі звычайных маразоў і снегу, ёсць і станоўчыя, і адмоўныя моманты. Сярод плюсаў: пакуль не выяўлена гібелі пасеваў азімых культур. Пашкоджанні выкліканы толькі вымачкамі, але і яны пакуль не дасягаюць сярэднегадавых паказчыкаў па плошчы. Такім чынам, сітуацыя нязвыклая, але далёка не драматычная. Пасевы ўжо пачалі вегетацыю. Цяпер многае залежыць ад таго, якое надвор’е будзе на пачатку не толькі каляндарнай вясны – у сакавіку – красавіку.
Сярод адмоўнага найперш камфортныя ўмовы для захавання шкоднікаў і распаўсюджання хвароб сельгаскультур. Яны пакуль асабліва не праявілі сябе, але агранамічным службам трэба быць гатовымі. Маю на ўвазе маніторынг сітуацыі і назапашванне адпаведных сродкаў хімічнай барацьбы.
Узмоцненага кантролю патрабуе становішча на палях і ў складах насеннага матэрыялу. Памяшканні перад засыпкай зерня апрацавалі супраць свірнавых шкоднікаў, зерне сухое, вільготнасць яго не перабольшвае патрабуемых 14 %. Неабходна і далей не дапусціць падцёкаў, іншага адмоўнага ўздзеяння прыродных фактараў. Нават невялікую колькасць пераўвільготненага зерня патрэбна неадкладна выдаляць з памяшканняў.
Дарэчы, уласнага насення зерневых культур дастаткова для сёлетняй веснавой сяўбы, поўнасцю засыпаны страхавыя фонды. Такая ж сітуацыя з насеннем траў, толькі сельгаспрадпрыемствы «Дрыгучы», «Пад’ельцы» і «Узмёнскі край» дапрацоўваюць свае запасы ў Віцебску.
Якія аб’ёмы сяўбы чакаюць нашых хлебаробаў?
– Зерневая група павінна заняць 20 тысяч гектараў, у тым ліку яравыя зерневыя – 10 600 га, гэта без уліку магчымай гібелі і перасеву. Структура палёў у асноўным захоўваецца, толькі плошча пад кукурузу на зерне павялічваецца з 700 да тысячы гектараў.
Наяўная тэхніка дазваляе пасеяць зерневыя (без уліку яравога рапсу і кукурузы – у іх іншыя аптымальныя тэрміны) за 10 дзён – два тыдні. Практыка мінулых гадоў свечыць, што пры спрыяльных умовах нашы гаспадаркі здольны штодзень уносіць насенне на 800 – 900 гектарах.
Што для гэтага робіцца?
– Апошнім часам актывізаваўся рамонт тэхнікі: спрыяюць умовы надвор’я, вызначана схема пакупкі патрэбных запасных частак. Дзяржава акажа дапамогу ў забеспячэнні палівам, хаця і самім гаспадаркам неабходна клапаціцца пра пакупку саляркі.
У сувязі з ранняй вегетацыяй збожжавых азімых расліны выйдуць у вясну аслабленымі. Абавязкова трэба іх падкарміць. Ужо цяпер назапашваем азотныя тукі. Іх неабходна 3 500 тон у дзеючым рэчыве, пакуль маем 317 т (у фізічнай вазе каля 900 т) ці 9 % жаданай колькасці. Больш за іншых набылі мінеральных угнаенняў сельгаспрадпрыемствы «Цітова» – 20 % патрэбнага, «Міёрскі» – 14 %, «Папшулі» – 11 %. Афармляюцца дакументы на пастаўку ў лютым яшчэ 12 вагонаў азотных тукаў.
Крыху пазней узнікне патрэба ў калійных і фосфарных мінеральных угнаеннях, іх запасы пакуль невялікія.
Забяспечанасць пратручвальнікамі насення складае 42 %, іх маюць усе гаспадаркі для пачатку сяўбы. Завезена 23 % патрэбных хімікатаў для праполкі азімых.
Падрыхтоўка да палявых работ паскараецца, яны могуць пачацца нечакана хутка.
Фота з архіва рэдакцыі.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.