04 Июня 2021

Деревня Долгиново: порядок и красота зависят от усердия

gazeta
  • 704

 Парадак і прыгажосць на тэрыторыі пачынаюцца з любові да месца, дзе жывеш. У вёсцы Даўгінава шмат добраўпарадкаваных двароў. Утульна ў іх у любую пару, а з вясны да восені – ярка і маляўніча.

 

Знешняя прыгажосць – унутраная патрэба

У Даўгінаве тры вуліцы. Самая працяглая – Маладзёжная – ідзе праз цэнтр населенага пункта. Першы дом – Валерыя і Таццяны Лакоткаў. Вабяць позірк сімпатычныя мішкі, змайстраваныя са старых шын. Агароджу-сетку аздабляюць выразаныя з бляхі птушкі і кветкі. На клумбах палосы прымул і цюльпанаў, чакаюць сваёй чаргі півоні. Летам успыхнуць рознакаляровымі фарбамі гладыёлусы, лілеі, хрызантэмы, флоксы, астры і іншыя краскі.

 
– Некаторыя кветкі нават не ведаю, як называюцца, – усміхаецца гаспадыня. – Добраўпарадкаванне можна назваць маім хобі. Ствараць навокал прыгажосць і падтрымліваць чысціню – унутраная патрэба. Цяпер збіраю крышачкі для пано, вырашыла гараж аздобіць.

 
Любоў да прыгажосці і імкненне да парадку ў Таццяны Уладзіміраўны выходзяць за межы ўласнага двара. Ля мясцовай бібліятэкі-клуба, дзе працуе больш за трыццаць гадоў, таксама дэкаратыўныя элементы: грыбкі, лебедзі, распісаныя кветкамі камяні, клумбы розных форм. З кожным годам дадаецца жоўтых агеньчыкаў дзьмухаўцоў. Прыбіраць іх не спяшаецца – няхай цешаць вока. Калі адкрасуюць, муж абкошвае тэрыторыю трымерам, і яна набывае новы выгляд. Як старэйшына вёскі Таццяна Лакотка сочыць за парадкам ля абеліска, ля паклоннага крыжа, на могілках. Дапамагаюць актыўныя сяльчане.

 

Вуліца кантрастаў

Ідзём са старэйшынай па Маладзёжнай. Навяваюць сум пустыя двухпавярхоўкі. Зеляніна дрэў яшчэ не паспела схаваць ад вачэй мікрараён-прывід.
– Мы таксама жылі тут у кватэры. Вунь бачна труба ад кацельнай, – заўважае Таццяна Уладзіміраўна. – Інтэрнат быў, садок і школа, лазня. Ля кожнай двухпавярхоўкі меліся невялікія гародчыкі. Цяпер пустыня. Падымалі пытанне пра знос пабудоў, але пакуль яны стаяць.
Праз дарогу карціна зусім іншая. Акуратныя двары з альтанкамі, клумбамі, дэкорам.

 
– Канешне, не ва ўсіх узорны парадак, – кажа старэйшына. – Ёсць сяльчане, што не вельмі дбаюць пра знешні выгляд сваіх падворкаў, а на заўвагі абураюцца.

 
Між тым прыкладаў умелага добраўпарадкавання на Маладзёжнай нямала. Сярод іх двары Міхаіла і Ліліі Мацуроў, Васіля і Наталлі Найдзёнкаў, Аліны Жуклевіч, Аляксандра і Святланы Свілёнкаў. Ля апошняга ўтульная альтанка з мангалам, а побач дэкаратыўныя буслы пад пластыкавымі пальмамі.

 
 – Месца сямейнага адпачынку? – пытаюся ў гаспадыні.
– Так. Толькі памер альтанкі не разлічылі. Калі ўся сям’я збіраецца, цеснавата, – кажа субяседніца. – Пальмы муж майстраваў. Ён жа выразаў клумбы са старых пакрышак. Мы ў гэтым доме 36 гадоў жывём, двор пастаянна ў парадку трымаем. Штолета кветкі цвітуць. Любімых у мяне няма. Што расце, тое і люблю.

 

Кветкі – прыгажосць душы

Апошняя па Маладзёжнай сядзіба – Яўгена і Фаіны Шамшуроў. Звычайны драўляны домік, акружаны чарэшнямі ў белай квецені і клумбамі з пяшчотнымі цюльпанамі, нагадвае дэкарацыю добрай казкі. Прыветна сустракае гаспадыня.
– Дзень добры! А я карову перавязаць сабралася. Гляджу, людзі да нас ідуць, – усміхаецца Фаіна Ігнатаўна і запрашае прагуляцца па двары.

 
– Навошта столькі кветак? Можна ж проста пакінуць зялёны газон і таксама акуратна будзе, – заўважаю гаспадыні.
– Кветкі – гэта прыгажосць чалавечай душы, – адказвае яна. – На нашым падворку яны ўсё лета красуюць. Касачы, лілеі, вяргіні і іншыя. Мае любімыя – цюльпаны. З аднавяскоўцамі імі дзялюся, ужо паўвёскі забяспечыла. Як адцвітуць, іх выкапваю, перабіраю, прасушваю, а ў верасні зноў на клумбы высаджваю.

 
Гаспадары-пенсіянеры не ўяўляюць сябе без працы. Садзяць агарод, косяць касой і возяць на тачцы сена карове, сочаць за парадкам у двары.
– Без работы прапаў бы, – кажа Фаіна Ігнатаўна. – У кветніку я бываю часцей, чым у агародзе. Штодня любуюся раслінамі і дзякую Богу за тое, што магу бачыць прыгажосць у сваім двары і навокал.

 

Здаровая залежнасць

Халодная вясна з вятрамі і дажджамі не даЗВОЛІЛА першацветам красаваць на ўсё хараство, а гаспадарам займацца добраўпарадкаваннем на ўвесь запал. Між тым і ў няўтульнае надвор’е прывабна глядзіцца двор Канстанціна і Ядвігі Матылёнкаў па вуліцы Леніна. Чыста і акуратна, а хутка стане страката і ярка на падворках Ігара і Ніны Шпакавых, Віктара і Вольгі Радванскіх на Садовай. Тут жа з любоўю даглядае сваю сядзібу Фаіна Рагавая.

 
– Пакуль асабліва няма чым любавацца. Холадна, – уздыхае яна. – Добраўпарадкаваннем двара пастаянна займаюся, кожны год штосьці новае прыдумваю. Люблю, калі навокал парадак і шмат кветак.

 
За работай засталі Тамару Пятроўну Шчарбакову. 73-гадовая гаспадыня, не зважаючы на шэрае неба і зусім неласкавы вецер, завіхалася ля шматлікіх клумб. Былая старшыня мясцовага сельвыканкама і старэйшына вёскі цяпер сваю актыўнасць скіроўвае на кветнік. Штогод падфарбоўвае клумбы, рыхліць зямлю, высаджвае шматлікія расліны.

 
– Цвітуць прымулы, цюльпаны, нарцысы. Пасля лілеі закрасуюць, у мяне іх восем сартоў. З адналетнікаў пасадзіла петуніі, сальвіі, аксаміткі, астры, – расказвае Тамара Пятроўна. – Кветкі я заўсёды любіла, а захапленне ландшафтным дызайнам з’явілася пасля паездкі ў Мосар, дзе калісьці была па працоўных справах. З таго часу гэта стала маёй залежнасцю. Дзеці не вельмі хваляць за такую актыўнасць, а я без гэтага не магу.

 
Падгледзелі ў двары цікавы лайфхак для кветкаводаў: каб не падвязваць вяргіні, гаспадыня вырошчвае іх у вёдрах. У старых металічных вырабах выразала дно, пафарбавала іх у розныя колеры і накрывае высаджаныя кветкі. Проста і зручна.

 
Як заўважалі гаспадыні, добраўпарадкаванне – справа хоць і клопатная, але прыемная. Праца на зямлі патрабуе сіл, але дорыць энергію, а вынікі цешаць вока і душу. 

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара.

← Предыдущая

В городском парке «Полуостров» прошли обучающие занятия по безопасности для воспитанников лагерей

Назад к списку
Следующая →

Тур выходного дня «В деревню к бабушке» прошел в усадьбе «Мацейкава сяліба» в Перебродье

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]