17 Февраля 2026

Деревня Угольники: деревня с богатым наследием

gazeta
  • 794

Злева ад дарогі з Дзісны ў Лужкі ля самай граніцы з Шаркаўшчынскім раёнам знаходзіцца вёска Вугальнікі. Назва можа сведчыць як пра заснаванне на рэштках выпаленага лесу, так і даўнюю прафесійную спецыялізацыю яе жыхароў. Цяпер населены пункт невялічкі – усяго некалькі хат і жыхароў, рэшткі сельскагаспадарчых вытворчых аб’ектаў, але з багатай гісторыяй.

Кніга «Памяць. Міёрскі раён» сведчыць, што Вугальнікі (Угольники) упершыню ўзгадваюцца ў пісьмовых крыніцах у 1522 годзе як сяло, цэнтр стана Полацкага ваяводства і ўласнасць І. Г. Корсака. У 1552-м гэта ўжо цэнтр воласці і стана, дзяржаўная ўласнасць. У ім жылі путныя людзі (путныя баяры) – 22 «дымы» і іх сябры – 1 «дым», разам яны рыхтавалі для дзяржаўных патрэб аднаго каня. Тады ж «Рэвізія Полацкага ваяводства» ўдакладняе: першую «Вусцейскую» вежу Полацкага замка ўзводзілі ў тры бервяны Вугальніцкай, а яшчэ Галомысльскай, Друйскай і Язненскай валасцей. Непасрэдна з Вугольнікаў «людзі гаспадарскія» (гэта значыць – вялікакняскія) разам з іншымі дзяржаўнымі займаліся часткай сцяны за трэцяй вежай.

Нагадаю: воласць – гэта невялікая адміністрацыйная адзінка, па-сучаснаму – сельсавет. Тагачасны стан – не толькі прыпынак на тракце, важнай дарозе, але і вакольныя населеныя пункты, жыхары якіх павінны былі забяспечваць дзейнасць транспартнага аб’екта. Кажучы па-сучаснаму, у Вугальніках існаваў вакзал для падарожнікаў з буфетам, гасцініцай і канюшняй. Яго абслугоўвалі ў якасці фурманаў путныя людзі, а сяляне з вёсак Бальшэвічы, Барыскаўлян, Блошнікі, Сарукі (Сарокі, Сарочына?), Тупічына, Уліна выконвалі станцыю – павіннасць па ўтрыманні стана харчамі ці грашыма: з 30 валок давалі цяля і двух баранаў, з 1 валокі (21,36 га) плацілі 2,5 гроша. Пазней у стан уваходзілі Алісеевічы, Задарожжа, Іст, Курыловічы, Цвеціна.

У 1886 годзе Вугальнікі ўжо ў складзе Курылавіцкай воласці, у розны час імі валодалі Г. Гарнастай, С. Давойна, М. Дарагастайскі.

З царскіх часоў у вёсцы дзейнічалі кузня, якую калісьці пабудаваў каваль Голер, а на мясцовых могілках – капліца, пра ўзвядзенне якой сведчыла легенда. Калі аб’яднаць, як яе расказвалі Людвіг Касаты з Новага Сяла і (па запісах краязнаўцы Паўла Булаха) Даната Ганебная з Чарневічаў з Тэрэзай Фурс з Вугальнікаў, то атрымаецца наступнае:

«У заможнай сям’і Фурсаў моцна захварэла дачка, яе ніхто не мог вылечыць. Адчуваючы хуткую смерць, дзяўчына папрасіла бацьку ў яе памяць пабудаваць на могілках капліцу. І тры браты Фурсы зрабілі гэта: на могілках паўстала невялікая драўляная цэркаўка са званіцай. На богаслужэнні ў ёй збіраліся вернікі з усяго наваколля». Але яшчэ да развалу СССР здарылася бяда – капліца згарэла. Тады прыхаджане сабралі грошы на матэрыялы, а Антон Альшэўскі з Падліпак (Шаркаўшчынскі раён) узвёў новы будынак з цэглы пад бляшаным дахам. Вяскоўцы прынеслі ў яго свае абразы. Капліца на самай мяжы з суседнім раёнам дзейнічае і цяпер.

Павел Булах: за польскім часам Вугальнікі ўваходзілі ў Язненскую гміну, у 1921 годзе ў вёсцы было 17 двароў і 104 жыхары. Звычайнымі з’яўляліся саламяныя стрэхі і дымакурныя лазні, нярэдкімі – земляныя падлогі, мала хто валодаў садам. Большыя ўгоддзі – па 18 дзесяцін – мелі Вікенцій Фурс і Іван Воўк, а вялікія хаты – Антон і Іван Стомы, Усцін і Аляксей Фурсы. Былі і невялічкія хацінкі, нават глінабітныя. Малазямельныя сяляне працавалі на паноў і багацейшых суседзяў.

З кнігі «Памяць»: прапалі без вестак на фронце жыхары Вугальнікаў Вікенцій і Ігнат Фурсы, вярнуліся пераможцамі Уладзімір Варона, Сцяпан Леановіч, Аляксандр Спірковіч і Мікалай Хрол.

Дзісненская раённая газета «Новае жыццё» 25 верасня 1949 года паведамляла аб арганізацыі 20 калгасаў. У прыватнасці, сяляне з Вугальнікаў і Новага Сяла аб’ядналіся ў «Іскру», а з суседніх Хахулек і Спігальшчыны – у «Савецкую Беларусь». Як тут зноў не спаслацца на ўспаміны ўраджэнца (1952 г.) хутарнога Новага Сяла, былога намесніка рэдактара міёрскай раённай газеты Людвіга Касатага, чый бацька Канстанцін Андрэевіч з’яўляўся старшынёй адной гаспадаркі, намеснікам старшыні другой і шматгадовым брыгадзірам трэцяй. Гэта і пра Вугальнікі, якія пры ўзбуйненні «Іскры» сталі часткай «Савецкай Беларусі», а потым увайшлі ў калгас імя Пушкіна цэнтрам паляводчай брыгады.

Павел Булах: брыгадзірамі ў Вугальніках у розны час працавалі Канстанцін Касаты, Зоя Варона, Міхаіл Стома, Аляксандр Спірковіч, Мікалай Юршэвіч. Брыгадны двор размяшчаўся на беразе Ауты пры павароце старой дарогі на Хахулькі (з 1962 года – Зялёны Лог). Побач з ёй стаяла канюшня, ля яе размяшчаўся гужавы транспарт – розныя павозкі, сані. Тут адбываліся ранішнія нарады, коней размяркоўвалі Якаў Стома, Сцяпан Шыман ці іншыя конюхі. Непадалёку – малочнатаварная ферма з двух кароўнікаў на сто галоў кожная, дзе ўсе работы выконваліся ўручную.

Даяркі даілі па 25-30 кароў двойчы на дні. Бітоны з малаком ахалоджваліся лёдам. Такім жа драўляным быў цялятнік. Пазней ужо калгас імя Пушкіна знёс тыя будынкі і ўзвёў тыпавыя цагляныя памяшканні з механічным даеннем і халадзільнікамі для малака, аўтапаеннем, гноевыдаленнем. Ля іх з’явіўся Дом жывёлавода з пакоем для адпачынку, душавой і кабінетам загадчыка. Пры далучэнні да КУП «Язна» і гэтыя памяшканні аказаліся непатрэбнымі.

Старая кузня стаяла паміж хат і гаспадарчых пабудоў на вуліцы, што вяла да брыгаднага двара. У ёй Янусь Фурс, а потым Мечыслаў Касаты ці Пётр Аляшкевіч рамантавалі плугі, акучнікі, бароны і іншыя сельгаспрылады. Потым яе перанеслі на брыгадны двор да МТФ, а калгас імя Пушкіна абсталяваў новую кузню ў майстэрнях на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі – у вёсцы Басянкі-3.

Важным брыгадным аб’ектам з’яўлялася восець. Яшчэ калгас «Савецкая Беларусь» узвёў для яе вялікі драўляны будынак на вуліцы з боку Сарочына паміж сядзіб Соф’і Фурс і сясцёр Лідзіі і Веры Фурс. У далёкім левым кутку яго ў яме стаяла печ, якую цепліў Франц Басянок. Побач было памяшканне для сушэння трасты (яе вымочвалі ў яме за брыгадным дваром), пасярод будынка стаяў механічны агрэгат перапрацоўкі лёну, справа ад яго знаходзіўся склад валакна.

Дапаўненне ад Людвіга Касатага: трасту пачыналі сушыць ноччу, днём яе мялі мужчыны, а жанчыны на вуліцы трапалі, сартавалі і цюкавалі валакно.

У 1972 годзе іскра з печы трапіла на сухую трасту, полымя знішчыла восець, і яна не была адноўлена.

Павел Булах: у Сарочыне з 1944 года ў палавіне хаты Уладзіміра Шымана дзейнічала пачатковая школа. Будыніна малая, а вучняў шмат, заняткі праходзілі ў дзве змены. Таму ў 1960-м для вучэльні ў Вугальніках узведзена новае памяшканне з двума прасторнымі класнымі пакоямі. Загадчыцай тут стала працаваць Надзея Барысаўна Мархонька, настаўнічалі Ніна Іванаўна Барткевіч, Людміла Уладзіміраўна Басянок

Людвіг Касаты: пачынаў я вучыцца ў Сарочыне, запомнілася першая настаўніца Надзея Андрэеўна Марозава. Потым была школа ў Вугальніках і настаўніца Надзея Барысаўна. Старэйшыя класы адольваў ва Улінаўскай васьмігодцы Шаркаўшчынскага раёна, а вось у час летніх канікулаў працаваў у сваім калгасе. Разам з такімі ж падлеткамі запрагаў павозку-тарантас, вазіў сена, снапы жыта і лёну. Дома касіў з бацькам, вадзіў на пашу карову. А як здаралася вольная хвіліна, бегаў у Вугальнікі па кнігі ў бібліятэку і ў кіно ў клуб, ля якога яшчэ гуляў у валейбол. Сама вёска запомнілася цікавымі дамамі старой пабудовы Аляксея і Іосіфа Фурсаў, адметнай працай каваля Януся Фурса і трактарыста Іосіфа Труса на гусенічным ДТ-54…

Павел Булах: клуб і бібліятэка падзялілі ў Вугальніках дом, які першапачаткова ўзводзіў для сваёй сям’і Іван Каснікоўскі з Новага Сяла. Загадчыцай культустановы з’яўлялася Зоя Лысёнак. Танцы па выхадных, дэманстрацыя кінафільмаў і іншыя мерапрыемствы тут працягваліся да 1970 года, калі будынак пераабсталявалі пад жыллё для дзвюх сем’яў.

***

У матэрыялах, якія сабраў краязнаўца Павел Булах, шмат падрабязнасцей пра Вугальнікі і жыхароў вёскі, толькі іх немагчыма выкарыстаць у невялікай газетнай публікацыі. Ад сябе дадам некалькі штрыхоў. Так, па выніках абласнога спаборніцтва за паспяховае правядзенне зімоўкі статка 1972-73 года сярод пераможцаў названы даглядчыкі маладняку з калгаса імя Пушкіна Пётр Віктаравіч Каснікоўскі і Лідзія Аляксееўна Фурс.

Перабудаваны гаспадаркай драўляны цялятнік у мураваных сценах стаў называцца фермай па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы «Вугальнікі». У 1980 годзе яна лічылася адной з найлепшых у раёне.

У 80-х гадах з ужо названых Вугальнікаў медалямі «Ветэран працы» ўзнагароджаны настаўніца Сарочынскай школы Надзея Барысаўна Басянок, жывёлавод Лідзія Аляксееўна Фурс, Клаўдзія Іванаўна Ліманоўская

Удакладняю, якімі прозвішчамі можна папоўніць гэты ганаровы спіс. Прэтэндэнты ёсць. 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фота для ілюстрацыі

← Предыдущая

В городском парке «Полуостров» прошли обучающие занятия по безопасности для воспитанников лагерей

Назад к списку
Следующая →

Минтруда отвечает на 6 вопросов про переезд на работу в сельскую местность

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]