01 Июля 2024

Тепло и атмосферно прошел праздник "Дзісненская хваля"

gazeta
  • 857

Спорт и позитив, поздравления и награды, музыка и улыбки, развлечения и лакомства ... Все это включало мозаика праздника города в Дисне. Местных жителей и гостей ждали различные интересные вещи.

 Спорт і пазітыў, віншаванні і ўзнагароды, музыка і ўсмешкі, забавы і ласункі… Усё гэта ўключала мазаіка свята горада ў Дзісне. Мясцовых жыхароў і гасцей чакалі розныя цікавосткі.

«Зялёныя колы» на старце

Пачынаецца свята на скрыжаванні вуліц Юбілейнай і Леніна. З аднаго боку выстройваюцца на ўрачыстае шэсце калектывы мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў, з супрацьлеглага ўжо гатовы скіравацца на актыўную прагулку ўдзельнікі велапрабегу «Зялёныя колы». Сярод іх сяброўкі Ніна Нарэйка, Алена Сіцько і Таццяна Свяцкая.

– Працую ў Дзісненскай БСД. У велапрабегу ўдзельнічаю ўпершыню. Чакаю станоўчых эмоцый і прыгожых пейзажаў, – акрэслівае свае матывы Алена.

– А я катаюся пастаянна, як пачалі велапрабегі арганізоўваць. Вельмі падабаецца, – заўважае Ніна. – Мы – супрацоўнікі бальніцы – за здаровы лад жыцця. На работу штодня на веласіпедзе еду. Ды і проста велапрагулкі практыкую.

– Таксама пастаянна ў велапрабегу ўдзельнічаю. Штораз атрымліваю мноства прыемных эмоцый, – адзначае Таццяна. – Жыву ў Наваполацку. Далучаюся да велапрабегаў, якія там праходзяць. І кожны год прыязджаю ў Дзісну на свята.

Самы сталы і пастаянны ўдзельнік Мікалай Іванавіч Аўласёнак. У свае 76 гадоў выглядае бадзёрым і падцягнутым, зноў едзе за добрымі настроем і самаадчуваннем. Спорт – справа агульная для сямейнай пары настаўнікаў фізічнай культуры Івана і Святланы Гірждаў. Для іх адлегласць у сем з паловай кіламетраў – лёгкая размінка. Абодвух прывабліваюць больш працяглыя велапаездкі. У сярэдзіне ліпеня са школьнікамі збіраюцца ў велапаход, які расцягнецца на некалькі дзясяткаў кіламетраў і зойме каля тыдня.

Удзельнікі велапрабегу скіроўваюцца ў накірунку вёскі Горкі, праедуць па трасе, вернуцца ў горад праз стогадовы мост і далучацца да свята ў гарадскім парку на высокім беразе Заходняй Дзвіны. Кожнага чакаюць сертыфікат і сувенір ад Дзісненскага гарвыканкама.

Ад мінулага да сучаснасці

Тым часам крочыць да месца прыемных падзей святочнае шэсце. Калектывы ўстаноў і арганізацый са сцэны вітаюць вядучыя Аляксей Астукевіч і Ганна Квіт. Для кожнага знайшліся вершаваныя радкі, у якіх адлюстроўвалася важнасць тых спраў, якімі займаюцца прадстаўнікі розных сфер.

Павіншаваў дзісненцаў са святам старшыня райвыканкама Сяргей Сямёнычаў.

– Дзісна – гэта ўнікальны горад, дзе пануе асаблівая атмасфера, – падкрэсліў Сяргей Алегавіч і звярнуўся да гістарычнага мінулага: – Брукаваныя вуліцы памятаюць прагулкі каралёў і князёў, Язэпа Драздовіча, які вучыўся ў дзісненскай гімназіі і падарожнічаў па краі. Беласнежныя сцены адноўленай сіламі прыхаджан Уваскрэсенскай царквы памятаюць патрыярха Ціхана, далучанага да ліку святых.

Адзначыў кіраўнік раёна адметную архітэктуру горада з ціхімі вуліцамі і зялёнымі дварамі, звярнуў увагу на прыродную адметнасць – зліццё рэк Дзісна і Заходняя Дзвіна. Прыгадаў трагічную старонку ў ваеннай гісторыі горада, калі ў адначассе абарваліся лёсы амаль чатырох тысяч чалавек. Спыніўся на дні цяперашнім, адзначыўшы поспехі прадпрыемстваў і арганізацый самага маленькага горада Беларусі. Уручыў узнагароды прафесіяналам сваёй справы. Ганаровай граматай райвыканкама адзначаны майстар лесу Дзісненскага лясніцтва Сяргей Расейкін і выхавацель мясцовага дзіцячага сада Алена Смерцьева, падзяка аб’яўлена старшай медсястры бальніцы сястрынскага догляду Жанне Вяль і культарганізатару гарадскога Дома культуры Яўгену Налівайка. Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны старшы інструктар-выратавальнік ПАВЧ № 2 ЛВДС «Дзісна» Уладзімір Глінскі.

Віншаванне для ўсіх жыхароў Дзісны і асабістае прывітанне кіраўніку раёна ад футбольнага клуба «Нафтан» з Наваполацка перадала яго прадстаўнік Алена Казакова.

Дабрабыту і росквіту, поспехаў і новых дасягненняў жадаў землякам старшыня Дзісненскага гарвыканкама Яўген Баран. Падкрэсліў, што цяперашняе і будучае залежыць ад кожнага з нас. Па традыцыі, уручыў узнагароды і падарункі адметным жыхарам горада, якія ствараюць яго дабрабыт. У намінацыі «Дом узорнага парадку» вызначылі Наталлю Кураш, Уладзіміра і Ніну Брынкевічаў. Сярод арганізацый і ўстаноў найлепшыя ў добраўпарадкаванні дзіцячы сад і гарадскі Дом культуры. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці горада ўзнагароджана дырэктар Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна Валянціна Івашчук, за дапамогу гораду – калектыў Дзісненскага лясгаса. Падарункі ў намінацыі «Вялікая дружная сям’я» атрымалі Руслан і Ганна Свяцкія з дзецьмі. У намінацыі «Любімая справа» адзначаны кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна Мікалай Пацеенак.

Мазаіка настрою і забаў

У святочным парку шматлюдна на працягу ўсяго дня. Не засталося вольных месцаў у глядзельнай зале пад шатамі высокіх дрэў. Святочны канцэрт штораз збірае вялікую аўдыторыю. Спявалі для землякоў і гасцей артысты Дзісненскага ГДК, затым перадалі музычную эстафету выканаўцам з Міёрскага ЦКіНТ.

Пастаянныя ўдзельнікі свята ў Дзісне – выратавальнікі з раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

– На нашай пляцоўцы можна прымерыць форму выратавальніка, пасядзець у пажарнай машыне, выканаць тэматычныя заданні, зайсці ў задымленую палатку,  – пералічвае кола забаў інспектар Вольга Гіржда. – Таксама ў праграме водная заслона і пусканне пажарнай пены.

Навінка свята – выступленне кінолага. Міліцыянер-кінолаг, камандзір аддзялення з Міёрскага аддзялення аховы Сяргей Вішнеўскі паказаў, на што здольны яго калега і таварыш – нямецкая аўчарка Оціс. Перш чым прадставіць сваю праграму, Оціс трапіў у палон да дзяцей: жадаючых пагладзіць сабаку было вельмі шмат.

На працягу дня ў парку працавалі атракцыёны для дзяцей, прадстаўлялі сувенірную прадукцыю майстры міёрскага клуба «Святліца», супрацоўнікі ТЦСАН, індывідуальныя прадпрымальнікі прапаноўвалі цацкі і розную смакату. Праграма была распісана да позняга вечара, яркім яе пунктам стаў святочны салют.

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.

← Предыдущая

Миорский ТЦСОН принял гостей из Докшицкого района

Назад к списку
Следующая →

О Дне Независимости Республики Беларусь и 80-летии освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков говорили сегодня в коллективе Повятской СШ

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]